Tags: гісторыя

77-гадовая падарожніца

Альбо вось дзіўная гісторыя. Жанчына прыехала з Рыгі. Ёй 77 год (як і маёй бабулі). "Падарожнічаць я пачала калі мне быў 61 год. Да гэтага асабліва нікуды і не ездзіла..." 6!1!! год!!!, вы зразумелі, так? "Мне дапамагае дачка, яна добра зарабляе і дае нейкую частку грошай на мае падарожжы, бо, канечне, пенсіі маёй мне б не хапіла", - дзеліцца бадзёрая худзенькая жанчына з мяккай усмешкай і гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачох. За гэтыя 16 гадоў яна аб'ездзіла амаль 30 (трыццаць!) краін!

Я пытаюся: "Куды параіце з'ездзіць?" "Ведаеш, Асенька, варта быць паўсюль. Па адным разе, але ўсюды, не абмяжоўвай сябе, глядзі ўсё, гэта так важна..." - гаворыць яна мне, перасыпаючы пясок між доўгімі пальцамі з чырвоным манікюрам.

Гляджу, як яна сядзіць каля мора, падстаўляючы твар мяккаму ветру, і думаю. Узгадваю дзяўчыну-міліцыянта, з якой пазнаёмілася, працуючы ў асіповіцкай раёнцы. Яна тады працавала ў мясцовай міліцыі восьмы год. Штовечар смажыла бульбу і марыла пра мора. "Ты ведаеш, я амаль кожны вечар гляджу фотаздымкі мора. Мару пра Італію..." - дзялілася яна са мной, памешваючы бульбу на патэльні. І я падумала: "Тваю маць, табе ўсяго 30 год, а ты жывеш ў асіповіцкім інтэрнаце, жарэш бульбу і марыш пра мора!" Я спыталася, што яна робіць дзеля сваёй мары. Яна сказала, што нічога не робіць. Тады я была злосная страшэнна. Я хацела ўзяць скалку і зарадзіць ёй праміж вачэй, каб яна падняла жопу і пачала ісці насустрач сваёй мары.

А зараз я разумею, што злавалася на яе дарма. Ну дарма злавалася. Так бывае. Гляджу на сваю новую знаёмую, якая, маючы ўзрост маёй бабулі, сядзіць на сонечным беразе Грэцыі і распавядае, што яна пачала адкрываць для сябе свет у 61 год.

Я люблю такія гісторыі. Яны паказваюць, што ніколі ня позна. Што - нішто не дарма. Што - заўжды можна ўсё памяняць. Нават калі табе 61.

601338_543887258995688_1980853653_n

Найстарэйшая аптэка Беларусі. Гародня

Мая бабуля - правізар. Шмат гадоў яна была заведуючай аптэк. Маёй любімая забаўкай у дзяцінстве было прыйсці да бабулі на працу і глядзець, як яе падначаленыя робяць лекі. А яшчэ я любіла смачныя вітамінныя кактэйлі, якая мне рабіла сама бабуля. Калі я трапіла ў Гародню ўпершыню, я адразу зацікавілася музеем найстраэйшай аптэкі нашай краіны.

Нядаўна я ў чарговы раз была ў Городні і пафатаграфавала гэтую аптэку-музей. Вэлкам

DSC_0439

Далей!

Грамошча. Паміраючая вёска

Езьдзілі на радзіму Ягоных продкаў. Прыбралі могілкі, прайшліся-праехаліся па мясцінах, дзе вучыліся-жылі-працавалі дзядуля, бабуля, прабабуля…

Вёска Грамошча Полацкага раёна. Адсюль Ягоная радня па лініі маці. Вельмі прыгожыя масціны. Шмат дубоў і ліпаў. Рака Грамашчанка. Многа прасторы і буйныя рамонкі, што мяне асабліва ўзрадавала.

Хата, у якой жыла сястра Ягонага дзеда, некалькі разоў правозілася. Сям’я прабабулі і прадзядулі жыла на хутары. У часы калектывізацыі ім загадалі праязджаць у вёску і далучацца да калгаса (пасьля вайны перайменаваны ў «Зару»). Іначай – высылка ў Сібір. Гэтую навіну паведамілі сям’і харошыя людзі. Афіцыйных папярэжданьняў не было. Давялося перавозіць дом і далучацца да калгаса. У вайну дзед пайшоў у партызаны. Сям’я ня выдала яго немцам. Яны, у сваю чаргу, забралі сруб дома пад камендатуру нямецкіх войскаў. Пасьля вайны дзядуля праехаў у Полацк, а баба Надзя – ягоная сястра, працавала ў вёсцы.

Вось той самы дом. Закалочаны і вельмі сумны. У Ягонай маці і цёці на вочы навярнуліся сьлёзы, калі яны пабачылі дом продкаў у такім занядбаным стане…


Далей

Мульцік пра гісторыю Беларусі. Шык да і толькі

Паглядзела мульт разы чатыры. Асабліва падабаецца прысьпеў: "Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ". І чалавечкі, якія таньчаць - клас! Аўтар словаў Лявон Вольскі - вялікі малайчына. Вельмі трапны, удалы тэкст. Выканаўца Аляксандр Памідораў на 10 справіўся са складанай задачай.

ДЗЯКУЙ за такі цуд! Глядзець усім:)

бабуля і шкарпэткі

мая бабуля любіць пазбаўляцца ад усяго, акрамя сваіх старых рэчаў. яна можа выкінуць грошы, лісты, газеты з маімі артыкуламі, але ніколі не выкідае свае шкарпэткі. гэта - недатычнае. амаль сьвятое.

матулю і мяне яна просіць на любое сьвята (дн, новы год, дзень маці, 8 сакавіка) дарыць ёй шкарпэткі. мы старанна дорым. розныя. з ручной вышыўкай нават ёсьць. бабуля падзякуе, прымерыць і пакладзе абноўку ў пакет. пакет - у шафу. іх там ужо нямалы стос назьбіраўся. а носіць бабуля іншыя шкарпэткі, тыя,што набыла год 20 таму. яна іх старанна прае штодня, раз на тыдзеннь штопае - на тых шкарпэтах вольнага месца няма, усе ў заплатках, але бабуля ня можа зь імі разьвітацца. старанна зашывае новую дзірачку.

на нашыя з маці пытаньні, чаму яна ня носіць новыя пары, навошта мы набываем ёй чарговыя шкарпэткі, яна адмахваецца: ня вашая справа, за сабой сачыце. 

матуля некалькі разоў парывалася старыя бабуліны шкарпэты выкінуць. бабуля вельмі растройвалася. "яны табе замінаюць?" - пытаецца. што адказаць на гэта? "на вось, у машыну пральную закінь", - працягвае бабуля чыстыя, латаныя-пералатаныя, выцвелыя ды разцягнутыя шкарпэткі. маці ўздыхае і падпарадкоўваецца. яна дакладна ведае, які падарунак зрабіць бабулі на бліжэйшае сьвята. 

У маршрутцы

Мне рэальна шанцуе на маршрутачныя гісторыі :) Сёння вярталася дадому з манікюра, села ў маршрутку на першае сядзенне. На адным з прыпынкаў адкрываюць пярэднія дзверы мужыкі і закідваюць да нас з кіроўцам фхлам пьянога мужыка. Бруднага., брыдкага... Буэ! "На акадэміі навук выкіньце яго!" - папрасілі тыя. 

Едзем. Пьянтос гучна патрабаваў рэшту, калі атрымаў ды пералічыў разоў пяць, захроп сабе ціхенька...

Мы з маршрутчыкам разгаварыліся. У яго на бардачку ляжалі лістоўкі Андрэя Саннікава.

- Вазьміце, пачытайце, - кажа мне кіроўца.
- Я ведаю ягоную праграму. Дзякуй! - адмаўляюся.
- Вызначыліся, за каго галасаваць будзеце?
- Так.
- За каго?

Адказваю...

Пасьля размова зайшла пра дэбаты, пра Плошчу і каток, пра Чэхію і футбол, пра пустуючыя гандлёвыя цэнтры, што будуюцца з хуткасьцю сьвету, а арэндатараў памяшканьняў не знаходзіцца...

Прыехалі на АН - дык ледзьве пабудзілі ды выпхнулі таго пьянтоса....

Але кіроўца класны. Усьмешлівы і ветлівы :) 

Мова. Выбары. Такса-маршрутчыкі. 2 гісторыі

Таксісты і маршрутчыкі вартыя зборніка апавяданьняў. І чаму ніхто не напісаў яшчэ?..

Мне шанцуе на кіроўцаў. Учора ехала позна вечарам да сяброў на таксоўцы. Кіроўца адразу завёў размову пра выбары. Пытаецца ў мяне па-беларуску: "А чаму вы на дзвюх мовах размаўляеце? Окей, гудбай... Трэба гаварыць "Так!", "Выдатна!.." Пасьля пагаварылі пра адсутнасьць адзінай беларускай мовы, таракамаўку і г.д.

Распавёў ён мне сумна-сьмешную гісторыю: у маладосьці працаваў у школе настаўнікам гісторыі. Калі прыйшоў уладкоўвацца на працу, дырэктарка кажа яму: "Разумееце, тут такая рэч... Сусьветную гісторыю можна па-руску чытаць... А вось гісторыю Беларусі, хочаш-ня хочаш, давядзецца па-беларуску выкладаць..." Вельмі зьдзівілася тая дырэктарка, калі ён адказаў ёй на чысьцюткай беларускай мове...  

Дарэчы, па-беларуску ён размаўляе сапраўды добра. Прыемна :) Зрабіў мне зьніжку за беларускамоўнасьць.

****
Сёньня ў маршрутцы, на якой я езджу да-ад бацькоў, працаваў новы кіроўца. Я як заўжды села наперад. Там ужо сядзела дзяўчына. Ён пытаецца: "Девчата, за кого голосовать будете?" "Яшчэ ня вырашыла", - адказваю я, каб не распачынаць размову пра выбары. "А я за Лукашенко!" - ганарліва адказвае мая суседка. Мы з кіроўцам пераглянуліся, пасьміхнуліся, але прамаўчалі.

Пасьля маршрутчык пачаў гаварыць пра Кубу, Фідэля Кастра і цыгары... Калі мы пад'язджалі да майго прыпынка, ён пераскочыў на ўлюбёную тэму такса-маршрутчыкаў - распад СССР і згуба ўсіх накапленьняў. "Да каб я ведаў, я б штодня на працу ды з праца на таксоўцы езьдзіў!" - абураўся ён.

На разьвітаньне сказаў мне: "ДапабаЧЕньня!"