Лада Алейнік - у сённяшнім ЛіМе пра блогі літаратараў

Лада Алейнік

НЕАБСЯЖНАЯ ПРАСТОРА LІVEJOURNAL

Пачну з асабістага. Неяк я заўважыла, што кампанія бабулек ля майго пад’езда істотна паменшала. Раней тут збіраўся сапраўдны дыскусійны клуб (дзвюх лавак на ўсіх не хапала): ішла палеміка пра кошты ў крамах, пра асабістае жыццё зорак шоў-бізнеса, адбываўся канструктыўны ўзаемаабмен рэцэптамі прыгатавання страў. А вось апошнім часам лавачкі апынуліся фактычна незапатрабаванымі. Зусім нядаўна мама мне патлумачыла: нашыя бабулькі засвоілі Інтэрнэт...

Адным дзеці і ўнукі скачваюць серыялы (якія па тэлебачанні транслююцца месяцамі, а дзякуючы Інтэрнэту іх можна паглядзець за тыдзень, ці наогул – за дзень), другія цікавяцца свецкімі плёткамі альбо грамадска-палітычнымі навінамі, іншыя – вышукваюць усялякія кулінарныя цікавосткі і неадкладна ўвасабляюць іх на практыцы. Між іншым, мая ўласная мама ў свае 76 гадоў – гэтаксама не выключэнне. Яна гадзінамі сядзіць у Скайпе: гутарыць з сяброўкай дзяцінства, якая зараз жыве ў Польшчы, з былой калегай па працы, што пераехала да дзяцей у Амерыку, размаўляе са сваякамі з Германіі, патрабуе падрабязных справаздач ад унука, які вучыцца ў Кітаі... Усім яна любіць пахваліцца сваімі дасягненнямі: экзатычнымі для Беларусі дынямі, што вырасціла на лецішчы, адмысловымі карункавымі абрусамі і сурвэткамі, якія вяжа кручком... Яна дэманструе ў камеру, як зацвіла на падваконні архідэя, паказвае, як карлікавыя патысоны аздабляюць слоік звычайных марынаваных памідораў... Карацей, кола тэм, праблем і стасункаў, з якіх складаецца сфера “міжкультурных камунікацый” маёй мамы, акрэсліць проста немагчыма!

* * *

Вядомы афарызм сцвярджае: пра грамадства мяркуюць па старых і дзецях. Тое, што малодшае пакаленне ўжо не ўяўляе свайго існавання без Інтэрнэта, вядома. Але вось і да старэйшага дайшла чарга... Па-мойму, зараз зусім відавочна, што Інтэрнэт зрабіўся неад’емнай часткай нашага жыцця. Тут у кожнага свой напрамак зацікаўленасцей і пошукаў, свая, так бы мовіць, парафія.

Не выключэнне і нашыя літаратары. Сёння шмат хто з беларускіх пісьменнікаў, крытыкаў і літаратуразнаўцаў мае ўласны сайт ці блог... Гэта значыць, што калі вам цікавы пэўны аўтар (як жыве, чым дыхае) – заходзьце на яго старонку ў livejournal і атрымлівайце асалоду. Кландайк інфармацыі! Можна даведацца не толькі дзе што надрукавалася і якія творчыя мерапрыемствы адбыліся (ці мяркуюць адбыцца ў бліжэйшы час), але і хто супраць каго сябруе, хто дзе тусуецца, хто перад кім запабягае і па-падхалімску прысядае... Можна нават атрымаць зусім інтымнае веданне: якую бялізну носяць пісьменнікі, якія сны яны сняць і якім гатункам сыра вячэраюць літаратурныя крытыкі.

Але нават не гэта галоўнае. Інтэрнет-дзённікі – што той рэнтген! – наскрозь прасвечваюць асобу аўтара. Надзвычай празрыста відаць усё: комплексы і амбіцыі, таленты і здольнасці, выдаткі і набыткі інтэлекту і эрудыцыі, асаблівасці характару і тэмпераменту. Тут узбуйняюцца тыя хібы, якія ў друкаваных творах былі відаць не так выразна (дробнатэм’е і кандовая мова, вузкасць мыслення і няшчырасць, манернасць і пазёрства...). Можа таму, што допісы ў livejournal робяцца ў пераважнай большасці па-хуткаму, пад уражаннем ад нейкай сітуацыі ці падзеі, а каментары ўвогуле пішуцца імпульсіўна. Таму аўтары паўстаюць тут ва ўсёй сваёй... “жыццёвай аб’ектыўнасці”.

Вось, напрыклад, Уладзімір Сцяпан. Я люблю Сцяпана, не прапускаю ніводнага яго твора. Мяне ўражвае яго непасрэднае бачанне жыцця, уменне ствараць псіхалагічныя малюнкі, сама эмацыянальная атмасфера твораў. І блог яго адпаведны: тут нямала цікавых замалёвак, разважанняў, назіранняў. Многія з іх на мяне асабіста дзейнічаюць амаль тэрапеўтычна: неяк па-свойму натхняюць, дабратворна ўплываюць на настрой. Працытую мініяцюру “Шчасце”: “Я выехаў з Менска ў дзесяць раніцы. Без чвэрці на дванаццаць быў у Вушачах, а праз паўгадзіны адчыняў замкі ў пустым і ціхім вясковым доме. Ён быў выстылы, халодны і прапахлы восенню. Я скінуў гарадскую вопратку і хутка пераапрануўся. Не, не так! Апрануў толькі старую і брудную куртку. Потым прынёс з пуні пяць важкіх абярэмкаў бярозавых дроў. Тры кінуў побач з печчу, а два пры грубцы. Распаліў грубку, а потым печ. <...> Выпіў сто грамаў гарэлкі і закусіў тым, што прывез з сабой. Закурыў, пачаў рыхтаваць спінінг, разважаць якую бляшню пачапіць першай. Спыніўся на белай і невялікай, з пасмачкай рудых нітак на трайніку... <...> У хаце ўтульна пахла дымам. Пазачыняў дзверы і пайшоў да ракі. На гадзінніку – без чвэрці тры. Здаецца нічога не забыўся… І гэта снілася сёння, калі вочы пачалі балець ад літар. Веру – так і будзе...”

Ёсць у Сцяпана допісы зусім лаканічныя, але гэтаксама вельмі арганічныя: “Да майго знаёмага Эдзіка прыйшла ўвечары перапісчыца з зялёным партфелем. Задала трыццаць два пытанні. Запісала адказы і засталася на ўсю ноч...
А можа і на ўсё жыццё.

Карацей кажучы, заходзячы на старонку ul_sciapan я заўсёды чакаю чагосьці арыгінальнага і цікавага. І калі там змешчаны якія-небудзь дрындушкі (накшталт: “У марлявай павязцы курыць нязручна, а каву піць немагчыма...” альбо “Чаму ў беларусаў каты каўкаюць, а ў рускіх мяўкаюць? Іхнія сабакі "лают", а нашыя сабакі брэшуць?”), безумоўна, расчароўваюся.

...Мае свой блог пісьменнік Віктар Шніп. Яшчэ пару год таму я дзялілася сваім глыбокім душэўным перажываннем наконт таго, што спадар Шніп усю дарогу не можа адарвацца ад сваіх улюбёных вобразаў – “крыжоў”, “магіл”, “крыві” і “камянёў”. Дык вось у дзённіку менавіта гэтая асаблівасць творчай індывідуальнасці майстра пяра (назавём яе “мастакоўскай учэпістасцю”) выявілася напоўніцу. Галоўны персанаж блога – “сусед Дзіма” – п’янтос-гумарыст, які на ўсе з’явы жыцця рэагуе аднастайна: рагатне, мацюкнецца дый зноў пойдзе выпіваць. Доўгі час пісьменнік мэтаскіравана тыражыраваў гэтыя допісы... Ад Дзімы ўжо млосна рабілася. Здавалася, што ўсё безнадзейна. Але ўрэшце блогер змяніў напрамак і пачаў друкаваць запісы пад цэтлікам “снёнае”. Праўда, сніць vik_shnip гэтаксама амаль аднолькавыя сны. Працытую толькі адзін допіс, які па сутнасці адлюстроўвае ўвесь серыял снабачанняў паэта: “У чыстым полі капаю траншэю. Сярод камянёў знаходжу тэлефон, па якім звязваюся з Афрыкай і прашу прыслаць дзесяць кілаграм бананаў. Афрыка абяцае выканаць просьбу. Не паспяваю падзякаваць, як, гляджу, навокал падаюць з неба бананы. Некаторыя ўзрываюцца, як бомбы. Пачынаецца вайна і мяне бяруць у палон дзікія абіз’яны пад кіраўніцтвам Граждана. З бананаў, што не ўзарваліся, вылупліваюцца жоўтыя папугаі, якія спяваюць: “Вставай страна агромная! Вставай на смертны бой!” ...Не ведаю, што тут і сказаць. Нават падаецца, што не такі ўжо і благі быў той Дзіма...

Карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў дзённік Адама Глобуса. Тут аўтар змяшчае не толькі свае новыя літаратурныя творы, карціны і малюнкі, але і расказвае пра падзеі з уласнага жыцця, з жыцця сваёй сям’і. Безумоўна, найперш увагу прыцягвае сама асоба аўтара. Але паколькі ўся сям’я Адамчыкаў творчая, вядомая, то і многія іншыя звесткі, якімі дзеліцца пісьменнік, выклікаюць цікавасць. Дарэчы, зусім нядаўна ў мяне адбылася своеасаблівая “дыскусія” са студэнтамі.

Чытала лекцыю пра творчасць Кузьмы Чорнага. Бачу, дзве дзяўчынкі пачалі перашэптвацца, хіхікаць. Прыйшлося запытаць, што яны там абмяркоўваюць. Саромяючыся, адказваюць: “Учора ў дзённіку adam-hlobus быў цікавы пост пра гэтага пісьменніка”. Прыгадваю запіс і не пагаджаюся: маўляў, ён жа не пра Кузьму Чорнага. Дзяўчаты асмялелі і пачалі даводзіць, што ўсё ж такі аўтар справакаваў гаворку пра класіка... Працытую тую мініяцюру: “Жыццё такое доўгае, што хочаш ты ці не хочаш, але абрастаеш малапатрэбнымі рэчамі. Здаецца, трэба іх павыкідаць, а шкада. Спадзяешся: раптам спатрэбяцца. Сярод такіх рэчаў у мяне лічыцца і металічны фалаімітатар. Некалі, ад няма чаго рабіць, я зайшоў у барселонскі сэкс-шоп і набыў цацку для эратычных гульняў. Купляў я залацісты металёвы гладкі стрыжань і думаў, што ён крыху разнастаіць мой сэкс. Спадзевы не спраўділіся, у сэксе імітатар моцна прайграе арыгіналу. Я засунуў імітатар у шафу, пад бялізну. Схаваў і забыў. Днямі, унук гуляючы ў хованкі, палез у шафу, з якой выкаціўся штучны чэлес. “Што гэта?” – пачуў я, але не разгубіўся. “Ліхтарык!” – упэўнена сказаў я і схаваў малапатрэбную рэч у кішэнь. “Можна ўзяць твой ліхтарык? Я буду сядзець у шафе і гуляць з ліхтарыкам…” – “У ім няма лямпачкі!” – пераканаўча сказаў я і перавёў размову на іншае. Здавалася б, пасля гэтага здарэння фалаімітатар павінен быў выкінуцца, але я зноўку пашкадаваў яго і перахаваў на кніжную паліцу, засунуўшы за васьмітомны збор твораў Кузьмы Чорнага. Адметна тое, што далейшыя каментары тычыліся не столькі “штучнага чэлеса”, колькі асобы Кузьмы Чорнага. Блогеры падзяліліся сваімі ацэнкамі творчасці беларускага класіка, Адам Глобус сярдзіта ім заўважыў, што сёння мала хто ведае творчасць гэтага выключна таленавітага пісьменніка.

...Мне цікава чытаць Глобуса. Найперш, зразумела, таму, што ён проста добра піша. Але яшчэ і таму, што Глобус вельмі розны... Сёння – мілы і абаяльны, лірычны і далікатны, заўтра – хавайся ў бульбу! – злосны і грубы, цынічны і жорсткі. Карацей, ён натуральны і жывы чалавек. І мне (уявіце сабе!) падабаюцца такія людзі.

Праз чытанне Інтэрнэт-дзённікаў можна ўвогуле нанава адкрыць для сябе некаторых людзей. Падзялюся яшчэ адной прыватнай гісторыяй...

Працуе ў “ЛіМе” адна сімпатычная дзяўчына. Пад сваімі публікацыямі яна падпісваецца як Саша Дорская. Дык вось мне заўсёды падабаліся яе артыкулы, дый сама Саша вельмі прыемная, сціплая, ветлівая. Але неяк я натрапіла на яе livejournal… Чытала – не магла адарвацца. Яна сапраўды raznokolerovaya – выключная апавядальніца, у яе арыгінальны стыль і добры мастацкі густ, у яе непасрэднае бачанне свету і людзей. Думаецца, што блогі літаратараў варта чытаць ужо адно дзеля такіх выпадковых “адкрыццяў”.

Бывае, праўда, і наадварот. Ад дзённіка Людмілы Рублеўскай я, напрыклад, чакала чагосьці большага. Пісьменніца зарэкамендавала сябе як адмысловая белетрыстка, таму здавалася, што і ў блогу rubleuskaja будуць увасабляцца нейкія цікавыя назіранні аўтара над рэчаіснасцю. На жаль, надзеі не спраўдзіліся – livejournal спадарыні Рублеўскай мае справаздачны характар: там-та была, туды-та хадзіла, там-та надрукавалася. Сухенька так пра ўсё, павярхоўна...

Адной з надзвычай папулярных фігур у беларускай літаратурнай livejournal-прасторы сёння стала Ася Паплаўская. Студэнтка журфака БДУ дастаткова пераканаўча прадэманстравала, як праз Інтэрнэт можна “разварушыць” літаратурную брацію. Спачатку яна завяла свой асабісты блог asia_paplausk, дзе смела і задзірыста раз-другі-трэці пракаментавала некаторыя культурныя падзеі і дала ацэнкі пэўным мастацкім узорам. Допісы выклікалі немалы ажыятаж... Далей, адчуўшы патэнцыйныя магчымасці блогінгу, Ася Паплаўская (разам з Алесем Мазанікам – ales_mazanik) заснавала Інтэрнэт-суполку “Сучасная беларуская літаратура” – suc_biel_lit. Напрамак дзейнасці яны акрэслілі лаканічна і даходліва: Суполка створаная з мэтай аб’яднаньня сучаснай беларуская літаратуры на адной пляцоўцы, а таксама папулярызацыі сучасных твораў, пашырэньня кола чытачоў. У нас вы знойдзеце: літаратурныя навіны, інфармацыю пра кніжныя навінкі, літаратурную крытыку, праблемныя артыкулы, абмеркаваньні найбольш актуальных тэм сучаснага літаратурнага працэсу, апытаньні, галасаванкі, мобы, фотаздымкі літаратараў і многае іншае”. І што вы думаеце? Атрымалася! Сёння толькі зусім безнадзейны гультай не зойдзе на гэтую старонку, каб пацікавіцца навінамі літаратурнага жыцця. Няхай тут няшмат каментароў да допісаў (па вялікім рахунку – гэта не паказчык), мне дакладна вядома: suc_biel_lit чытаюць, яшчэ і як чытаюць... І вось, што я вам скажу: Асю Паплаўскую можна любіць ці не любіць, яе дзейнасць – прымаць ці не прымаць, а погляды – падзяляць ці не падзяляць... Аднак трэба сказаць, што ў яе – выключная журналісцкая хватка, і гэтая дзяўчынка (за вельмі кароткі час) здолела зрабіць нашмат болей, чым многія дзеячы з вялікімі магчымасцямі, пасадамі і паўнамоцтвамі. Яна асвятляе шматлікія творчыя мерапрыемствы (пры гэтым суправаджае свае допісы грунтоўнымі фотарэпартажамі), нястомна ладзіць усялякія літаратурныя конкурсы і сустрэчы, рэкламуе новыя кнігі, дасціпна “завязвае” рознага кшталту дыскусіі. Апроч усяго, яшчэ і актыўна друкуецца ў розных літаратурна-мастацкіх выданнях. Так што шмат каму варта было б павучыцца ў яе, а не адно зласліва кпіць і зайздросліва іранізаваць.

...Безумоўна, што пісаць і як пісаць у сваім “ЖЖ” – справа і права аўтара. Але як на мой погляд, усё ж такі павінны быць у нашых блогераў-літаратараў пэўныя маральная абмежаванні (можна назваць гэта як заўгодна – унутраны цэнзар, пачуццё адказнасці, інтуітыўнае адчуванне недапушчальнага). Ну, напрыклад, калі ты пазіцыянуеш сябе, як майстар прозы для падлеткаў, то не маеш права друкаваць парнаграфічныя замалёўкі, альбо калі выносіш на публічнае абмеркаванне асабістую тэлефонную размову (што само па сабе ўжо – па-за рамкамі карэктнасці), то хаця б не перахлушвай яе і не перакручвай факты дагары нагамі. Варта не забывацца, што чытачоў у Інтэрнэце процьма і ўсе яны гэтаксама маюць права – ацэньваць і цытаваць, абмяркоўваць і каментаваць. Так што пэўная рэпутацыя паводле допісаў у livejournal складаецца імгненна... (Хаця, сёння вызначэнні “рэпутацыя” і “аўтарытэт”, на жаль, страцілі сваю былую каштоўнасць. Цяпер у большай пашане іншае – “імідж”, “рэйтынг”...).

Так ці інакш, але няма сумневу ў адным: прастора livejournal – неабсяжная, а магчымасці тут – велізарныя і выкарыстаць іх можна вельмі канструктыўна. Але пра гэта пагаворым наступным разам...



Лада Алейнік, "Літаратура і мастацтва" (27 лістапада 2009 г.)

ЗЫ: прыводзіцца поўны варыянт артыкула
  • Current Mood: happy happy
Ася, я понимаю, что вас упомянули в статье, но это не тянет на такой шрифт и объем текста в моей ленте без ката. Сжальтесь!
а пры чым тут узгадваньне мяне? усё пад катам. а шрыфт такі аўтаматычна паставіўся
Назіранні і ацэнкі цікавыя. Дзякуй аўтарцы і Асі! Але не згаджаюся, што Інтэрнэт склаў САПРАЎДНУЮ канкурэнцыю лавачкам. У вёсках, якія яшчэ засталіся, часта не тое што Скайпам не карыстаюцца, не ведаюць што такое Інтэрнэт. А словы юзэр, топік, пост -- што тыя мацюкі. Можа гэта і добра, што засталася нейкая цнатлівасць, не сапсаваная тэхналогіямі?
А маме Лады Алейнік -- рэспэкт (выбачайце за тэрміналогію -- не на лавачцы ж седзімо:)
мне няма за ўто дзякаваць, а вось спадарыні Ладзе - дзякуй! вельмі не ставала беларускай літаратурнай (і калялітаратурнай) блогасферы цьвярозага погляду звонку. цьвярозы не таму, што тут мяне нядрэнным словам ўзгадалі, а таму, што цьвярозым самім па сабе.

наконт лавачак - спадарыня Лада падкрэсьліла ж: з уласных назіраньняў ) натуральна, вёскі яшчэ не дайшлі да сеціва. да што там вёскі! мая гарадская бабуля ня ведае, як да асьветара падыйсьці. і - добра.
Ася, а гэта Лада Алейнік адмыслова для твайго жж напісала, ці недзе апублікавала, а ты перадрукавала? Тады трэба ставіць крыніцу

хм... Паліна...
чытай загаловак: "Лада Алейнік - у сённяшнім ЛіМе пра блогі літаратараў"

я не перадрукавала. мяне папрасіла апублікаваць у сваім блогу сама аўтарка :)

"Тады трэба ставіць крыніцу" - ты мяне будзеш вучыць???
І да, наконт Сьцяпана, ён жа, пэўна, прачытае:
"І калі там змешчаны якія-небудзь дрындушкі (накшталт: “У марлявай павязцы курыць нязручна, а каву піць немагчыма...” альбо “Чаму ў беларусаў каты каўкаюць, а ў рускіх мяўкаюць? Іхнія сабакі "лают", а нашыя сабакі брэшуць?”), безумоўна, расчароўваюся".

А мне наадварот падабаюцца гэтыя дрындушкі:))
і мне падабаюцца ))) якія самі, тое і пажабаецца ))) ну.. якая сама - я пра сябе
Ладзе Алейнік трэба сказаць дзякуй ужо за тое, што яна бярэцца асвятляць беларускі ЖЖ у афіцыёзным друку, тым самым робячы гэта фактам гісторыі літаратуры. Падобныя артыкулы сведчаць пра тое, што з літаратурнай часткай ЖЖ беларуская літаратура, хоча – не хоча, а мусіць лічыцца. Ад ЖЖ ужо не адмахнешся і не зарыеш галаву ў пясок, бо яго чытае ўся самая прасунутая літаратурная грамада.
Лада Алейнік, так на секундачку заўважу, даволі добра ведае матэрыял, пра які яна піша, таму што чытае ЖЖ ад самага яго з’яўлення. Прытым рэгулярна і зацікаўлена. Адно што, у яе няма ўнутранага разумення спецыфікі блогерства, бо няма сваёй старонкі, а значыць, асабістага бясцэннага вопыту. Аднак тут якраз важны вонкавы погляд на рэчы і давядзення некаторым літаратарам старэйшага пакалення (праз “ЛіМ”), што цяпер літаратурная прастора – гэта не толькі кулуары рэдакцый і два–тры тоўстыя часопісы. Літаратурны ЖЖ на парадак жывейшы за друкаваную прастору, хоць, зразумела, мае свае значныя недахопы.
Важны быў бы погляд на ЖЖ бывалых блогераў і па сумяшчальніцтве літаратуразнаўцаў кшталту Аксаны Бязлепкінай, але ж не ўсе маюць энергію і хаценне нешта рабіць, як спн. Алейнік. Праца гэтая, па сутнасці, дабрачынная, таму што ў “ЛіМе” за паласу цяпер плацяць каля 20 тыс.
Акрамя таго, выкладчыца Алейнік скіроўвае ўвагу сваіх студэнтаў, будучай беларускамоўнай інтэлігенцыі, на старонкі нашых літаратараў і крытыкаў. Што немалаважна, як мінімум.
А незадаволеныя чужой працай будуць заўсёды, усім не ўладзіш, як ні старайся.
Каб добра прааналізаваць беларускі ЖЖ, трэба калі не кнігу пісаць, то вялікі часопісны артыкул.
Цікавіць, напрыклад, пытанне, з якой прычыны некаторыя вядомыя літаратары не маюць свайго блога, хоць гэта аўтаматычна аддаляе іх ад сучаснасці. Адна з прычын, здаецца, у тым, што яны баяцца панізіць свой статус, аказаўшыся сярод нецікавых і вялых блогераў, тады як у друкаваных выданнях яны досыць заўважныя. Такое бывае, бо для ЖЖ патрэбны асаблівы склад псіхікі, уменне спрачацца і правільна рэагаваць на непазбежны негатыў у свой бок. Некаторыя надзвычай чуллівыя да такога негатыву і могуць нежартоўна ўпасці ў дэпрэсію або, наўсперач, сарвацца на прымітыўную лаянку.
"Ладзе Алейнік трэба сказаць дзякуй ужо за тое, што яна бярэцца асвятляць беларускі ЖЖ у афіцыёзным друку, тым самым робячы гэта фактам гісторыі літаратуры" -+100

згодная, што істотны позірк етавіта звонку.

з вамі цалкам згодная, спадар Міхась. дзякуй за талковы каментар
""...Мне цікава чытаць Глобуса. Найперш, зразумела, таму, што ён проста добра піша. Але яшчэ і таму, што Глобус вельмі розны... Сёння – мілы і абаяльны, лірычны і далікатны, заўтра – хавайся ў бульбу! – злосны і грубы, цынічны і жорсткі. Карацей, ён натуральны і жывы чалавек. І мне (уявіце сабе!) падабаюцца такія людзі. ""
От як слесар Вася пачне пасылаць на@@@ і даваць каментары тыпу "а мне по@@@", то Лада Алейнік на такога слесара скажа, што ён - хам і быдла. А Глобус пасля такіх слоў у ЖЖ усяго толькі "натуральны і жывы".

Жанчына - стварэнне відушчае і пільнае, але адну сваю справу робіць, не заўважаючы яе - лепіць для сябе ідала.
не сказла б, што для Лады Алейнік Глобус - ідал. у яе наагул ідалаў няма. незалежная і самастойная. цэласная асоба. як і Ірына Шаўлякова.
Задумалася, дарэчы, а куды сапраўды падзеліся бабулькі з лавачак? У нас у Вялейцы таксама пазнікалі. Няўжо, праўда, у інтэрнэце?!!!
вы мне адназначна падабаецеся!

мая бабуля з лавачкі таксама опа! - і зьнікла. але яна ў тэлефізара. набылі новы агромністы з ЖК маніторам і кучай каналаў - сядзіць, нарадавацця ня можа. ужо паўгоду як...
Шчыра скажу - артыкул павярхоўны і гаўняны... Ні пра што, як і многае, што зараз з'яўляецца ў ЛіМе.
Пра Асю - гэта не аванс, сапраўды заслужыла. Хаця не ва ўсім падзяляю ейныя прынцыпы. Аднак, яна адна з першых паказала, што ёсьць літаратурная журналістыка... дарэчы будучыня за ёй, літжурналістыкай, як і ва ўсім сьвеце, а не за крытыкамі, што хаваюць вочкі за тоўстым шклом дыёптрыяў.
хм... якая шыкоўная рэакцыя. а словамі цяпер?

хаця... я вас разумею і бяз словаў
Дарэчы, вельмі падабаецца жж ul_sciapan за стыль і вытрымку гэтага стылю. Нават калі піша тое, што мне не цікава, яно неяк не выбіваецца з агульнага ўспрымання.