“Беларусы і сваёй краіны не ведаюць”. На экскурсіі па савецкім Мінску з “Куфэркам падарожжаў”

Часам (вельмі рэдка) з табой здараюцца артыкулы, якія ты складваеш у скарбонку "выбранае". Дзякуй, спадар Антон Астаповіч, за супрацу! Гутарыць з вамі заўжды вялікае задавальненне.

Ася Паплаўская, фота аўтара, Sputnik.by

Прагуляцца па савецкім Мінску, а потым адправіцца шляхамі філаматаў. “Куфэрак падарожжаў” прапануе беларусам экскурсіі-даследванні сваёй гісторыі.

Ужо два гады беларусы маюць магчымасць удзельнічаць у нетрывіяльных падарожжах па Радзіме і замежжы разам з “Куфэркам падарожжаў”. Арганізацыю заснаваў вядомы даследчык архітэктурнай спадчыны, культуролаг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Карэспандэнт Sputnik прагулялася з экскурсійнай групай па Мінску ў межах пешаходнай экскурсіі “Мінск савецкі”, даведалася шмат новага пра родны горад, а потым пагутарыла з Антонам Астаповічам, які вёў экскурсію, пра яго ініцыятыву.




Самы маштабны будынак у свеце ў стылі канструктывізму

Эксурсія пачынаецца каля Дома ўрада на плошчы Незалежнасці. Спадар Антон пачынае распавядаць пра здабыткі і страты Мінску ў архітэктурным плане за савецкім часам.



Першыя архітэктурныя пераўтварэнні ў горадзе пачаліся пасля 1920 года, калі Мінск стаў сталіцай БССР, калі горад ужо займаў значна большую плошчу, чым гістарычная, калі асноўныя гарадскія тэрыторыі – гэта драўляныя прадмесці: Грушаўка, Пярэспа, Камароўка, Серабранка.

У 1920-30-х гадах Мінск практычна не рос тэрытарыяльна. Новыя будынкі паўставалі на месцы знесеных драўляных пабудоў, ці забудоўваліся не занятыя лакуны. Назіраўся сур’ёзны недахоп жылых плошчаў, таму што шмат будынкаў ізымалі пад партыйна-савецкія ўстановы, а жылое будаўніцтва вялося для забяспячэння патрэб наменклатуры і спецыялістаў. Простыя людзі юціліся па камуналках.



Забудова былой Захар’еўскай, потым Савецкай вуліцы (сучасны праспект Незалежнасці) у асноўным была сфармавана яшчэ да пачатку XX стагоддзя. У 20-х гадах кварталы вакол Савецкай ды і шэраг будынкаў на самой вуліцы былі ўзведзены ў рэчышчы перадавога архітэктурнага стылю тых часоў – канструктывізму.

Гэта шэраг карпусоў БДУ, з якіх захаваўся будынак сённяшняга геафаку, Дом ураду, пабудаваны ў гэтым стылі ў 1934 годзе па праекце Іосіфа Лангбарда. У будынку няма нічога лішняга. Простакутныя строгія формы, вялікія вітражныя вокны і гульня розных аб’ёмаў. “Дом ураду – унікальны будынак. Практычна самы маштабны ў свеце ў стылі канструктывізму”, - гаворыць Астаповіч. Мы даведваемся яшчэ адзін цікавы факт: у будынку няма ніводнага бетоннага перакрыцця. Усе – драўляныя.

Напрыканцы размовы пра Дом ураду Антон Астаповіч звяртае нашу ўвагу на помнік Леніну, які чорнай плямай вылучаецца на белым фоне будынка. “Я лічу, што гэта ўнікальная горадабудаўнічая кампазіцыя. Калі чую гутаркі пра тое, што трэба зруйнаваць помнікі Леніну, я думаю, што гэта гавораць дурні, бо гэта прапанова знішчыць унікальны горадабудаўнічы ансамбль – помнік свайму часу!”

Смерць архітэктурнай думкі

Мы ідзем далей па праспекце да Галоўпаштамта. Тым часам Астаповіч распавядае, што існуе мінімальная колькасць фотаздымкаў даваеннага Мінску. Рэч у тым, што ў тыя часы нельга было ўзяць камеру і проста пайсці здымаць горад. Гэта было забаронена. Неабходна было атрымаць дазвол на фота ў спецыяльных установах. І нават з такой паперай можна было фатаграфавать толькі тое, што дазвалялі.



Падыходзім да Мінскага паштамту. З другой паловы 30-х гадоў канструктывізм адыходзіць, на яго месца прыходзіць ампір. Экскурсавод распавядае, што любая імперыя імкнецца да імперскіх форм у архітэктуры. Стыль ампір, варыяцыя якога шырока прадстаўлены ў Мінску, з’явіўся пры Напалеоне Банапарце. Пры ўсім багацці і дасканаласці архітэктурных формаў, высокамастацкім дэкоры Антон Астаповіч лічыць сталінскі ампір і, адпаведна, ансамбль праспекта смерцю архітэктурнай думкі.



“У ампіры пануе правіла залатога сячэння. Паглядзіце на праспект Незалежнасці. Шырыня дарогі – 48 метраў, тратуары па 12 метраў. Вышыня фасадаў – 48 метраў. Усё дзеліцца на два, гэта адзін з прынцыпаў залатога сячэння – кратнасць у памерах. Але тут няма ніводнай новай формы, толькі наследванне антычнага стылю. Але гэта тое самае, на што западаюць турысты!”

Галоўны паштамт быў спраектаваны Усеваладам Каралём і уведзены ў эксплуатацыю ў 1953 годзе. Да з’яўлення на Кастрычніцкай плошчы піраміды, ад якой зараз адлічваецца адлегласць да розных населенных пунктаў, кіламертраж лічыўся ад будынка Галоўпаштамта. Гэты будынак, паводле Антона Атаповіча, адзін з самых цікавых дэкарыраваных збудаванняў у стылі ампір ў Мінску.



Гадзіннік з сакрэтам

Збочваем на вуліцу Валадарскага. Праходзячы міма дамоў, якія месцяцца леваруч, Астаповіч распавядае, што перад намі – адзін з прыёмаў пасляваеннай перабудовы: на двухпавярховых дамах надбудоўваўся трэці паверх, дадаваўся дэкор з савецкай сімволікай.





Спыняемся на бульвары Дзяржынскага насупраць знакамінай “вежы Цанавы” на будынку КДБ. Яе Усеваладу Каралю, згодна аднаго з гарадскіх паданняў, загадаў надбудаваць асабіста Цанава. Калі архітэктар запярэчыў, маўляў, яна парушыць кампазіцыю будынка, той сказаў: “Можа, ты ў архітэктуры кароль, але тут кароль - я”. Таксама існуе паданне, што Цанава вельмі любіў футбол, заўзеў за “Дынама”, і са сваёй вежачкі назіраў за гульнямі на аднайменным стадыёне.



Мы вяртаемся на праспект і Антон Астаповіч звяртае нашу ўвагу на дом з гадзіннікам. “У яго вельмі цікавая гісторыя. Гэта гадзіннік канца XIX стагоддзя. Ён быў вывезены з Кёнінсберга. Пасля Вялікай айчыннай вайны многія будынкі ў Мінску адбудоўвалі палонныя немцы, гэта вядома. Знайшлі немца, які гэты гадзіннік усталяваў і потым даглядаў. Там ёсць звон з бронзы, на якім – выява Божай Маці. З 1949 па 1951 гады ён працаваў, а потым таго немца, які даглядаў гадзіннік, адправілі дадому і звон перастаў званіць”.



Асаблівую ўвагу групы Антон Астаповіч звярнуў на будынак Ленінскай бібліятэкі, збудаванай па праекце маскоўскага архітэктара Георгія Лаўрова ў стылі канструктывізму. Мы даведваемся, што паводле праекта да асноўнага будынку бібліятэкі павінна было прылягаць дзевяціпавярховае кнігасховішча, але ад яго адмовіліся.



У 2008 годзе будынак хацелі зруйнаваць, але дзякуючы рэакцыі нераўнадушных беларусаў ад гэтай крамольнай думкі адмовіліся. Будынак адрэстаўравалі, прычым, вельмі добра. Фасады пакрылі каменнай тынкоўкай (у тынкоўку дадаецца вугаль-антрацыт і атрымліваецца вельмі прыгожае аздабленне, якое зіхаціць на сонцы).

Напрыканцы насычанай і цікавай экскурсіі Антон Астаповіч адзначыў, што “канструктывізм – прарыў у архітэктуры, а ампір – стагнацыя”.

“Беларусы і сваёй краіны не ведаюць”

Пасля шпацыру па савецкім Мінску мы са спадаром Астаповічам пагутарылі пра “Куфэрак падарожжаў”.

- Вы ладзіце экскурсіі не самі па сабе, а ад “Куфэрка падарожжаў”…

- Так, гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю, я з’яўляюся адным з яго заснавальнікаў. Гэта цалкам камерцыйны праект, які трошкі адрозніваецца ад іншых такога кшталту, бо ў нас вялікую ролю грае культурная асвета. Пакуль зарабляць на жыццё атрымліваецца (смяецца).

- Куды возіце людзей? Толькі Беларусь ці выязджаеце за межы краіны?

- Аснова – гэта Беларусь, бо людзі і сваёй краіны не ведаюць. Нам ёсць што ім распавесці і паказаць. У нас няма стандартных маршрутаў: Мір-Нясвіж, Курган Славы-Хатынь… Кожны маршрут эксклюзіўны і новы, яны фактычна не паўтараюцца. Стараюся максімальна паказваць помнікі, распавядаю пра архітэктуру.

Але мы не абмяжоўваемся Беларуссю, бо трэба паказваць і еўрапейскую культурную прастору. У нас быў вопыт экскурсій у Польшу, ва Украіну. У мінулым годзе ездзілі ў Чэхію, Швецыю, Эстонію… Стараемся разнастайваць нашыя маршруты. У верасні павязем людзей знаёміцца з рускім мірам у Пскоў і Ізборск, заедзем у Пушкінскія горы, дзе цэлы месяц жыў вялікі рускі пісьменнік Сяргей Даўлатаў (смяецца).

- Ці толькі беларусы ваша мэтавая аўдыторыя?

- У асноўным беларусы, так. Але зрэдку праводзім экскурсіі па Беларусі для гасцей з Украіны, Расіі. У мінулым годзе вазілі па краіне вялікую інтэрнацыянальную каманду ўдзельнікаў канферэнцыі славістаў. У нас ужо склалася кліенцкая база пастаянных удзельнікаў вандровак. Гэта людзі, з якімі я езджу па Беларусі далёка не першы год.

- Працуе сарафаннае радыё?..

- Не толькі. Мы актыўна рэкламуемся праз сацыяльныя сеткі, на розных парталах размяшчаем рэкламу “Куфэрка”. Літаральна некалькі дзён таму запусцілі сайт, які зараз запаўняем інфармацыяй і публікуем абвесткі пра чарговыя падарожжы. Людзі, канечне, таксама распавдаюць адзін адному пра падарожжы з намі. Такім чынам наша кліенцкая база ўвесь час пашыраецца. Як правіла, той, хто адзін раз з намі з’ездзіў, працягвае ездізіць і далей.

- Колькі чалавек распрацоўвае экскурсійныя праграмы? Справа ўсё ж няпростая…

- Няпростая, але ў нас вельмі вялікая каманда – гэта Антон Астаповіч (пасміхаецца). Наша прадпрыемства маленькае, два з паловай чалавекі: дырэктар, я і бухгалтар на палову стаўкі. У распрацоўцы экскурсій мне дапамагае вельмі багаты вопыт даследванняў і эскпедыцый. Гэта і ёсць мая асноўная база. Часам, канечне, працую ў архівах, даследую нейкія тэмы. Асабліва мяне цікавіць тэма архітэктуры і горадабудаўніцтва, увесь час чытаю спецыяльную літаратуру, працую з архіўнымі дакументамі. Гэта таксама становіцца асновай для экскурсій.

- Распавядзіце пра сённяшнюю экскурсію “Мінск савецкі”. Ці яна была ў першы раз праведзеная?

- У мінулым годзе мы запусцілі цыкл з трох экскурсій: Мінск страчаны (дзве экскурсіі па гістарычным цэнтры) і Мінск савецкі. Вопыт паказвае, што сённяшні шпацыр цікавіць людзей нашмат меней, чым па гістарачным цэнтры гораду. Але ж савецкую спадчыну я лічу цікавай, бо ў нас быў такі перыяд, яго не выкрэсліш з гісторыі. Так, да яго можна па-рознаму ставіцца, але ж адмаўляцца ад яго – глупства. Гэты цыкл з трох экскурсій мы праводзім раз на год, бо хапае працы па іншых частках Беларусі.

Posts from This Journal by “Минск” Tag

Астапович - один из тех немногих людей, кто действительно что-то делает в сфере охраны архитектурных памятников, кто не только говорит, но и действует, кого я реально уважаю. Очень классный человек с правильной позицией!
Згодная. Ён робіць неверагодна шмат. Паболей бы такіх адукаваных і дзейсных асоб.