“У пілігрымцы я атрымаў самы каштоўны вопыт!”

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў Будславе, напачатку ліпеня прымае больш за трыццаць тысяч паломнікаў. Вернікі з усёй Беларусі і бліжняга замежжа пераадольваюць пехатой сотні кіламетраў, каб ушанаваць абраз Божай Мацi Будслаўскай.

Сёлета ў пілігрымку з Мінска выправілася каля трохсот чалавек. Сярод іх было 10 асіпаўчан, у тым ліку Аляксей Цюлькоў з 9-гадовай дачкой Наталляй. За чатыры дні ім давялося прайсці 140 кіламетраў. Неверагодна стомленыя, у Будслаў вернікі літаральна ўпаўзаюць, разам з тым перажываючы неверагодна моцны эмацыйны ўздым. Але на гэтым выпрабаванні не скончваюцца: у самім касцёле да святога абраза трэба прайсці каля 100 метраў укленчыўшы. Гэты складаны шлях доўжыцца каля гадзіны. Людзі са слязамі на вачох, пераацэньваючы свае ўчынкі і каштоўнасці, нарэшце дасягаюць мэты…

“Падчас пілігрымкі людзі становяцца роднымі. Як бы пафасна гэта ні гучала, але я сапраўды быў гатовы памерці за тых, з кім разам ішоў — адбылося сапраўднае духоўнае яднанне. Праз фізічны іспыт да мяне прыйшло адчуванне чагосьці больш істотнага, чым знешнія жыццёвыя фактары, я паглыбыўся ў сябе, зразумеў сваю духоўную сутнасць”, — дзеліцца Аляксей.

Ён быў прыемна ўражаны, што людзі іншага веравызнання прымалі іх як братоў: на другі дзень падарожжа пілігрымкі прыйшлі ў праваслаўную вёску, дзе іх сустрэлі калакольным звонам, накармілі, далі прытулак. Ды і сярод саміх паломнікаў былі не толькі беларускія каталікі, але і праваслаўныя вернікі з Расіі.

Аляксей і Наталля Цюльковы

Ночылі пілігрымкі па-рознаму. Першыя два дні — у школе: паломнікі традыцыйна спыняюцца ў адных і тых жа школах. Трэці і чацвёрты дзень шукалі прытулку ў вясковых людзей. “Для мяне гэты вопыт стаў велізарным адкрыццём! –Працягвае Аляксей. — Табе адмаўляюць у адным, другім, трэцім доме… Але нарэшце абавязкова прымуць, накормяць, дадуць начлег. І што самае цікавае — ты апынаешся ў такіх файных людзей, што разумееш: не дарма прыйшлося цярпець адмовы. Наагул у пілігрымцы я ўсвядоміў, што ў любой сітуацыі знойдуцца добрыя людзі, якія табе дапамогуць. Людзі адкрываюць свае сэрцы і ты забываешся на загадзя сфарміраваныя ў тваёй свядомасці варыянты развіцця падзей…”

На чацвёрты дзень адбыўся крыжовы шлях. Кожны ўдзельнік нёс з сабой камень, які сімвалізаваў цяжар уласных грахоў. З гэтых камянёў быў складзены алтар, да якога падыйшоў кожны жадаючы са сваёй просьбай да Бога. Многія праходзяць дзесяткі кіламетраў толькі дзеля гэтай магчымасці – штосьці папрасіць у Бога перад алтаром…

Аляксей Цюлькоў, беручы з сабой у пілігрымку дачку Наташу, і не думаў, што ў ёй прачнуцца глыбокія духоўныя перажыванні, але падчас шляху да абразу бацька пабачыў слёзы на вачох дачкі... Маральна Наташа была падрыхтаваная да доўгага шляху: перад падарожжам яна разам з татам праглядзела ролікі пра пілігрымку, змешчаныя ў інтэрнэце. “Адчуванні пры праглядзе відэа да і пасля пілігрымкі адрозніваліся. Калі пераглядала ролікі па вяртанні, здавалася, што гэта я там іду, а не незнаёмыя людзі…” – дзеліцца з сарамлівай усмешкай дзяўчынка.

Наталля

Між іншым, яна распавяла, што рыхтуючыся да паломніцтва, разумела: дойдзе да канца! Але шлях апынуўся больш складаным, чым Наташа сабе ўяўляла. Тым ня менш, па вяртанні яна запыталася ў бацькі: “Тата, калі мы зноў пойдзем у пілігрымку?.."

Ася ПАПЛАЎСКАЯ

каменты пакідаць тут


Comments have been disabled for this post.