«Асяповіцкі рай» і гармонія

Саўна, басейн з гідрамасажам і вадападамі. Більярд і камін. Рамантычная вячэра. Зорнае неба ў самым сэрцы Менску. Так скончыўся мой першы працоўны дзень.

У рэдакцыі мне падабаецца ўсё: калектыў, рэдактар (шырокай душы чалавек, які любіць сваіх супрацоўнікаў і размаўляе зь імі на роўных, заўжды йдзе на сустрач, гумарны і адказны), рэдакцыя (такой рэдакцыі любая сталічная пазайздросьціць!), сама газета (мала таго, што яна акупаецца цалкам за свой кошт, з'яўляючыся адной з нямногіх газет краіны, што жывуць без датацый АГЛ, дык яна шчэ якасная і рэальна цікавая), графік работы (я змагу пасьпяваць усё і яшчэ болей).

Я шчыра радуюся, што ў мяне ёсьць рэальная мажлівасьць пажыць нейкі час па-за Менскам, па-за каменным мехам з купай змардаваных твараў няшчасных менчукоў і тых, хто прыехаў "пакараць" сталіцу. Мне шкада тых, хто ня ведае іншага жыцьця, хто ня бачыць усьмешлівых твараў і ветлівых, шчырых людзей проста побач з сабой. Тут усё сапраўднае, запаволены тэмп жыцьця (калі можна смакаваць кожны момант, а не бегчы кудысьці ўвесь час) і няма месца сталічным пантам.

Апошнія гады я шмат падарожнічала па беларускіх малых гарадах. Глядзела на шчасьлівых людзей з адухоўленымі тварамі, слухала ветлівы абслугоўваючы персанал і заўжды пыталася ўнутрана: у чым сакрэт?.. Чаму ў сталіцы такое - рэдкасьць, падзея, а ў малых гарадах - нармальная зьява?.. Цяпер я ведаю адказ. Жыцьцё па-за сталіцай супакойвае, гарманізіруе, дае адчуваньне спакою, дапамагае разабрацца з унутранымі пытаньнямі, разабрацца ў сабе.

Не перастаю радавацца, што ўсё выйшла менавіта так. Што не атрымалася ўладкавацца ў менскай рэдакцыі (я б затухла там), што не пайшла на тэлебачаньне (працаваць у цырку - брр!), што ня зьехала за мяжу (шчэ пасьпею). Усё склалася найлепшым чынам. Вельмі гарманічна сябе адчуваю. Таму і газету сваю называю "Асяповіцкі рай" :)



Каментуйце, калі ёсьць што сказаць
  • Current Mood: good good

Comments have been disabled for this post.