"Як я стаў беларусам" на budzma.org

Ася Паплаўская: “Быць сапраўдным”

Сёньня, праз тры гады майго “абеларушваньня”, з цяжкасьцю верыцца, што калісь было йначай. Але, што было, тое было. Істотнае тое, што — зараз… Беларускай я стала сапраўды раптоўна. Але не нечакана. Было адчуваньне, што мяне чакае перарджэньне, новае жыцьцё, новая я.  

Нарадзілася я ў Расеі, у тры гады пераехала з бацькамі ў Менск. У школе беларуская мова была хіба не апошнім прадметам у рэйтынгу… То бок, яна была толькі тэарэтычна. Не пашанцавала мне з настаўніцай…

Пасьля школы паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Мабыць, гэты крок і вырашыў маю сучаснасьць. Беларуская мова прыйшла разам з беларускай літаратурай. Сучаснай беларускай літаратурай.

Неяк мы зь сяброўкай гулялі па Менску ды завіталі на філфак. Памятаю, што зайшлі, бо не было куды падзець час — йшлі ў тэатар, да спектакля заставалася гадзіны 3 недзе… Зайшлі ў кніжны шапік, што на філфаку, а пасьля — да дошкі аб’яваў. Там была абвестка пра прэзентацыю кнігі Насты Кудасавай “Лісьце маіх рук“. Паколькі да вечарыны заставалася хвіляў 10, мы варышылі: сходзім паглядзім, што гэта за зьвер такі… З таго вечара запомнілася, што адным з выступоўцаў быў Уладзімер Арлоў, а вёў вечар асіпшы, хворы Зьміцер Вішнёў. Паэзія Насты мне настолькі спадабалася, так закранула душу, што я кнігу набыла, і цьвёрда для сябе вырашыла: буду наведваць паэтычныя вечарыны, прэзентацыі… І стала наведваць. Пасьля адбылося віртуальнае знаёмства зь Вікай Трэнас. Яна й пачала мяне ўводзіць у кола сучаснай беларускай літаратуры…

Беларускую мову тады, на першым курсе, ведала блага: сказвалася ейная амаль поўная адсутнасьць у школе. Але галоўнае — жаданьне ёй авалодаць. А жаданьне было. Тут быў і сорам за рускамоўнасьць ў коле беларускамоўных, і імкненьне ведаць нешта новае, нешта… роднае. Вучыла мову, чытаючы беларускую літаратуру. Адной з першых кніг стала “Шчасьце быць” Барыса Пятровіча… А пасьля — панеслася… Мяне сучбелліт захапіў настолькі, што на другім курсе вырашыла: нам зь ім йсьці разам па жыцьці…

Па-беларуску размаўляю паўсюль. З усімі. Не саромеюся. Глупства якое: саромецца роднае мовы! Наадварот: нават нейкі гонар быў напачатку. Зараз перайшоў ва ўсьведамленьне таго, што йначай быць і не магло. Мне пашанцавала: журфак, безумоўна, спрыяе беларускасьці. Ды й амаль усе мае сябры, знаёмыя са мной размаўляюць па-беларуску. Толькі бацькі рускмоўныя… Што там казаць? Яны наагул — рускія…

У кожнага свой шлях да беларускасьці, да таго, каб быць сапраўдным, каб пачувацца ў сваёй талерцы. У мяне вось такі — праз літаратуру. І я гэтаму — вельмі радая.
  • Current Mood: working working
я просто вражена, що за такий короткий час ти стала справжньою білорускою. іншим цілого життя мало...
так, ти можеш своїм прикладом надихати інших!
:)
ня трэба. я хутка напішу артыкул пра рускага хлопца, што жыве ў Туле, а ведае беларускую мову! і друкуецца ў Дзеяслове. от пра гэта перадрукоўваць варта!
гэта добра. але я бачу асноўную ўмову для такой поўнай беларусізацыі - беларускамоўнае асяроддзе, а вам з ім пашанцавала. калі ня будзе выконвацца гэтая ўмова - чалавек наўрад ці стане размаўляць заўжды на беларускай мове, бо яго не зразумеюць.
так, слушна. асяродак вельмі істотны...

хаця для мяне не праблема размаўляць па-беларуску і з рускамоўнымі сябрамі.
так. але па-першае, гэта сябар, а па-другое, ён вас усё-ткі разумее, але сам па нейкім прычынам не размаўляе : )
 
я яшчэ напішу больш дэталёва аб сваім погляду на гэты прадмет у сваім журнале.