Ася ПАПЛАЎСКАЯ: Уручыце мяне!

Калі госцем маёй аўтарскай перадачы «СучБелЛіт» на NETradio быў кніга- ды музыкараспаўсюднік, мэнеджэр беларускамоўных праектаў Алесь Мазанік, у эфір патэлефанавала слухачка. Прадставілася Ірынай і задала наступнае пытанне: «Ці ёсць у сучаснай беларускай літаратуры праект кшталту штогадовага Букера, што ўручаецца ў Расіі, а цяпер і ў іншых краінах? Ці хаця б задума такая?..» І дадала: «Для папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры гэта было б вельмі добра!». Паколькі не адна Ірына задаецца гэтым (ці падобнага кшталту) пытаннем, прапаную нам з вамі ў ім разабрацца.

Натуральна, не сакрэт, што згаданы Ірынай Букер — адна з самых прэстыжных літаратурных прэмій, што з 1969 года ўручалася ў Вялікабрытаніі за найлепшы англамоўны раман, а з 1992 года — і за раманы, напісаныя па-расійску (так званы «Рускі Букер»). Што да Расіі, то, акрамя «Букера», там існуюць яшчэ літаратурныя прэміі «Антыбукер», «Вялікая кніга» ды іншыя. Усе памянёныя літпрэміі — грашовыя. Гэта, бясспрэчна, і сталася прычынай іх прэстыжнасці, папулярнасці.

Перанясемся ў беларускую літаратурную прастору. У нас таксама ёсць «недзяржаўныя» літаратурныя прэміі. Але ўсе яны: а) сімвалічныя, б) для «сваіх». Тлумачу гэтыя пункты, распавядаючы пра найбольш вядомыя літаратурныя прэміі (дакладная фармулёўка: пра тыя, што на слыху).

«Гліняны Вялес» — самая першая і самая вядомая айчынная літпрэмія. Была заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту — Алесь Аркуш. Менавіта ён гэтай прэміяй нястомна і займаецца: сам складае шорт-ліст найлепшых, на ягоны погляд, мастацкіх кніг за мінулы год, арганізоўвае журы з прафесійных літаратараў, што маюць пэўную вагу і абіраюць пераможцу, а пасля ладзіць у родным Полацку ганаровае ўручэнне прэміі — стода Глінянага Вялеса. «У яго шырокае поле дзейнасці: пачынаючы ад падземнага свету і сканчваючы жывёлагадоўляй, але акрамя таго ён апекаваўся людзьмі культуры», — патлумачыў мне Алесь Аркуш род заняткаў міфічнага Вялеса.

«Залатая літара» — штогадовая суб’ектыўная літаратурная прэмія, якая ўручаецца пісьменнікам Адамам Глобусам за найлепшую кнігу года. Заснаваная прэмія ў 2004 годзе. «Нешматлюднае мерапрыемства традыцыйна адбываецца ў сакавіку, праводзіцца ў маленькіх кавярнях Мінска («Стары Менск», «Акварыюм»)», — пазначана ў Вікіпедыі. Вось такая «прэмія». Адам Глобус сам выбраў пераможцу, пасядзелі ў кавярні, папілі піва — і разышліся. Усе задаволеныя. Акрамя акрэсленай вузкафарматнасці мерапрыемства, варта адзна­чыць, што «Залатую літару» можа атрымаць не толькі аўтар мастацкага твора (кнігі), але і аўтар навуковай манаграфіі (першую «Літару» атрымала Аксана Бязлепкіна за манаграфію «Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя»). Варта не забывацца толькі на адну маленькую, але істотную дэталь: каб быць уганараваным Адамам Глобусам, трэба быць ягоным сябрам. Ці хаця б добрым прыяцелем. Памятаем: прэмія — суб’ектыўная…

«Залаты апостраф» — штогадовая прэмія літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў». Уручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дэбют». Пра публіцыстаў і крытыкаў рэдакцыя часопіса прыгожа забылася. Але я не губляю надзеі, што дажыву такі да таго дня, калі «Залаты апостраф» зможа атрымаць і брат/сястра па крытычна-публіцыстычным пяры… Абіраюць пераможцу прадстаўнікі рэдакцыйнай рады: галоўны рэдактар Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін ды Анатоль Івашчанка. Праўда, апошнім разам выбраць пераможцаў «дазволілася» карыстальнікам «Жывога журнала», але ўсё адно вырак выносяць згаданыя літаратары.

«Блакітны свін» — антыгламурная беларуская літаратурная прэмія суполкі «Літаратурнае прадмесце». Заснавальніца (правільней было б сказаць прыдумляльніца) «прэміі» — Людміла Рублеўская. Прэмія, якую складаюць 100 алоўкаў, 100 насовак (кожны год па-рознаму) уручаецца толькі сябру суполкі «ЛітПрадмесце» за (увага!) нонканфармізм у мастацтве, яркія праекты цягам года… Ці ёсць у прадстаўнікоў памянёнай суполкі нонканфармісцкія закіды — для мяне асабіста пакуль пытанне адкрытае. Людміла Рублеўская лічыць, што ёсць…

Што вынікае з усяго гэтага? А тое і вынікае, пра што я пісала напачатку: сучасныя недзяржаўныя беларускія літаратурныя прэміі: а) сімвалічныя, б) цікавыя для вельмі вузкага кола (тут прыемным выключэннем з’яўляецца толькі аркушаўскі «Гліняны Вялес». Ён не для вельмі вузкага — ён проста для вузкага кола). Натуральна, такі стан рэчаў не дапаможа зрабіць сучасную беларускую літаратуру больш папулярнай, пра што так марыць Ірына…

А што трэба? Грошы, дарагія мае, грошы! На сімвалізме, як вядома, далёка не заедзеш. І не выедзеш. Да людзей. Не выйдзеш.

P.S. Сёлета Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Літаратурным музеем імя Максіма Багдановіча абвясцілі аб заснаванні новай літаратурнай прэміі — Прэміі імя Максіма Багдановіча, якая будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях: проза, паэзія, пераклад. Спіс прэтэндэнтаў на Прэмію за 2010 год фармуецца да 14 лютага 2011 года. Уручэнне адбудзецца ў канцы сакавіка 2011-га. Так што ў вас яшчэ ёсць магчымасць падаць свой твор на разгляд прафесійнаму журы…


Ася Паплаўская,
Літаратурная Беларусь

на фота: Алесь Аркуш уручае стод Глінянага Вялеса празаіку Віктару Казько
Букер таксама дзермаватая прэмія ў плане аб'ектыўнасці. Але там хоць удзельнічаюць на агульных правах прадстаўнікі розных літплыняў, часопісаў. Усё астатняе - закулісная валтузня, суб'ектыў.

У Беларусі ўсе прыміі несур'ёзныя, неаб'ектыўныя, нават дзяржаўная. Дзяржаўная хоць мае грашовае значэнне. Астатнія - мыльныя бурбалкі.

Адзінае, што праўда, Велес вытужваецца прэтэнзіямі на аб'ектыўнасць, але чалавечы фактар, гэты вечны наш ступар, не дазваляе. І ўсё ж Велес - адзіная прэмія, якая мае хоць нейкі аўтарытэт. З астатніх варта толькі смяяцца.

Дарэчы, якая мэта артыкула? Пералічыць прэміі? Узняць дыскусію?
бачыш, што калі для дыскусіі, то дыскусія не завязваецца )) усе паснулі. Ці, можа, дыскусія кіпіць на сайце Новага Часу?
гэта табе не Расея. Там адзін асудзіў на ЖЖ паводзіны п'янай хакейнай маладзёвай зборнай Расеі ў аэрапорце, якая выіграла фінал у Канады, дык атрымаў блізу 3.000 каментароў-праклёнаў.

не, паглядзеў, і на Літаратурнай Беларусі ціха. Дык для каго і чаго пішам?
Ну, чаму ж. Мне было цікава прачытаць, яшчэ камусьці, думаю, таксама. Толькі няма жадання абмяркоўваць. Тое ж з Вашым артыкулам пра Шамякіна.)
Што нехта чытае - гэта добра.
А вось калі хранічна няма жадання абмяркоўваць - гэта нейкі трагічны сімптом. Гэта я ўвогуле пра юзераў, не канкрэтна пра вас. Сумна. Выходзіць, газета Літаратурная Беларусь крычыць амаль у пустэчу. У горадзе яе не купіць. На сайце артыкулы не абмяркоўваюцца. Дык на які ляд яна існуе?
дыскусіі ўзьніаюць стыхійна і непрадказальна )
а зараз літаратурная супольнасьць ў сьпячцы ))

Edited at 2011-02-01 12:02 pm (UTC)