Лісты Уладзіміру Сіўчыкаву

(рэцэнзія на кнігу Ул. Сіўчыкава “Бювар”, Логвінаў, Мінск. 2009, 124 с.)

Вітаю, спадар Уладзімір!

Атрымала вашыя лісты колькі месяцаў таму, але вольная часіна для адказу выдалася толькі зараз. Ці то мая новая праца закруціла мяне ў сваім віры ды досыць працяглы час не давала вольна дыхнуць, ці то нейкія ўнутраныя перашкоды сталіся прычынай такой затрымкі. Зрэшты, як вы трапна пішаце ў сваім другім лісце, “шмат чаго мы маем, але нам няма калі пабачыць гэта за штодзённай мітуснёю”…

На дварэ пачатак лістапада. Халоднае, дажджлівае надвор’е сцішвае, запавольвае хуткаплыннасць жыцця. Сённяшні золкі вечар я прысвяціла адказам на шматлікія лісты, што дасылаюць мне сябры і знаёмцы. Не на электронныя лісты ды паведамленні ў так званых сацыяльных сетках, але на лісты сапраўдныя – папяровыя.

Жывую папяровую перапіску я распачала напачатку лета. І бясконца радая, што яна прыйшла ў маё жыццё, надала яму таямнічасці (бо надараецца, што пішуць мне людзі малазнаёмыя альбо тыя, каго я зусім не ведаю) ды прыемнага чакання (вам, безумоўна, знаёмае пачуццё шчымлівага чакання ліста. Часам гэтае датклівае пачуццё прыемней ды даражэй за самі атрыманыя капэрты)…

Захуталася ў цёплы бабулін плед, запарыла зялёнай гарбаты і пры святле лампы, што таксама засталася мне ад бабулі, пішу лісты. Найперш вырашыла адказаць вам. Не таму, што запаволіла з адказам (хаця і гэта, безумоўна, свідравала мяне, не пакідала сумленне ў спакоі. Не люблю, калі не адказваюць на лісты. Гэта яшчэ горш, чым не адказаць на пытанне. Я ж як журналіст, прывыкла атрымліваць адказы на свае пытанні. Таму і сама заўжды на пытанні - адказваю), але збольшага таму, што лісты вашыя вельмі блізкія мне. Сапраўды блізкія. Як кажуць маладзёны, “у тэму”.

Адказваць буду ў той паслядоўнасці, у якой атрымала вашыя лісты. Адным вялікім тэкстам. Можа, больш слушна было б адаслаць вам два адказы, але мне хочацца адказаць адразу на ўсё (хто яго ведае, што будзе заўтра? Пакуль ёсць час, не буду яго марнаваць на іншыя заняткі. Буду пісаць. Вам). Да таго ж, я выбрала самую прыгожую капэрту з тых, што маю. З валошкамі. Вы любіце валошкі, спадар Уладзімір?..


Ваш ліст, прысвечаны Ван Гогу, стаўся для мяне вельмі прыемнай неспадзяванкай. Калі атрымала яго, я акурат чытала кнігу “Лісты да брата Тэа” за аўтарствам мастака. Дарэчы, чытаючы шчымлівыя лісты Вінсэнта да брата, адзінага чалавека, які сапраўды яго падтрымліваў (прычым, як маральна, так і матэрыяльна) цягам усяго нялёгкага жыцця мастака, пашкадавала, што нічога не напісала да 150-гадовага юбілея любімага постімпрэсіяніста.

Але, відаць, праўду кажуць: усяму свой час ды што ні робіцца – усё да лепшага. Тады, у 2003 годзе, я пра Вінсэнта ведала мала. Нашмат менш, чым зараз (навучаючыся на журфаку (цяперака – у Інстытуце журналістыкі) прачытала багата літаратуры пра Ван Гога, перагледзела па мноству разоў ягоныя карціны, а пасля азнаямлення з эпісталярнай спадчынай мастака - суаднесла карціны, малюнкі ды эскізы з канкрэтнымі перыядамі жыцця Ван Гога, што дапамагло мне зразумець, чаму мастацкая манера жывапісца была менавіта такой менавіта тады). А калі прачытала тэксты, прысвечаныя юбілею мастака, то і зусім супакоілася…А тут атрымліваю ваш ліст. Прысвечаны любімаму мастаку. Цікавае супадзенне, не знаходзіце?..

Вы пішаце, што не згодныя з характарыстыкай Ван Гога ў “Беларускай энцыклапедыі”: “…маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы”. Я, як і вы, лічу, што адметнай рысай вангогаўскага стылю ёсць лішак. Якая ж тут стрыманасць? Вінсэнт і ў жыцці (і, адпаведна, у мастацтве) быў чалавекам парыву. Халерыкам, чый настрой ды рашэнні рэзка мяняліся цягам кароткага часу. “Я – чалавек апантаны, здольны і вырачаны на больш-менш безразважныя ўчынкі… Мне часта даводзіцца гаварыць альбо дзейнічаць занадта хутка там, дзе варта было б набрацца цярпення і пачакаць”, - піша ён Тэа ў ліпені 1880 года. Ды і гледзячы на карціны мастака, ніколі не скажаш, што яны выкананыя ў стрыманай манеры. Пачынаючы з насычанай, яркай колеравай гамы і нечаканымі спалучэннямі (а Ван Гог - выдатны каларыст. Надаваў вялікую ўвагу ўсяму, што звязана з колерамі, не стамляўся шукаць і эксперыментаваць, аб чым вельмі шмат пісаў брату) і сканчаючы віхрастай, закручанай, буйнай (і буйной) манерай пісьма.

Дзякуй вам вялікі за падрабязны аповед пра неадпаведнасць перакладаў назваў карцін Ван Гога на рускую мову з ангельскай, пададзеных у альбоме “Van Gogh” з серыі “Masters of World Painting”. Дзякуй і за згаданыя ў лісце назовы кніг пра Вінсэнта. Некаторыя з іх я пакуль не чытала. Як прачытаю, то напішу вам пра свае ад іх уражанні.

Прыгадваючы, што Ван Гог у 24 гады вырашыў стаць святаром ды памыліўся (!) з прафесіяй, вы заўважаеце: “А ў нас такое лёсавызначэнне мусіць прымаць падлетак!... Фактычна яшчэ дзеці без ніякага жыццёвага вопыту павінны ўзяць на сябе цяжкую адказнасць – вырашыць, куды паступацьмуць вучыцца далей, а значыць, і выбраць прафесію, далейшы шлях па жыцці…”
Тут я з вамі і згодная, і не. Насамрэч у 17-18 гадоў самастойна вырашыць, якую прафесію абраць (пры тым, што чалавек проста можа нават не ведаць пра існаванне пэўных прафесій!) дастаткова складана. Высокая верагоднасць памыліцца. Але часцей за ўсё ў выбары прафесіі дапамагаюць бацькі, якія зведалі жыццё, ведаюць схільнасці і цікавасці свайго дзяця – могуць яго скіраваць на правільны шлях. Вядома, часта бывае, што бацькі хочуць навязаць дзецям пэўную навучальную ўстанову (мая бабуля настойвала, каб я паступала ў медыцынскі ўніверсітэт, а вось матуля рана заўважыла маю схільнасць да пісьма і накіроўвала мяне на журфак – не памылілася. Дзякуй ёй за гэта!), але тут ужо многае залежыць ад мэтанакіраванасці самога абітурыента.

Да таго ж, сёння дастаткова маладых, перспектыўных прафесій, якім папросту нідзе не вучаць. Напрыклад, SEO-спецыялісты, кантэнт-мэнэджэры, капірайтэры, web-рэдактары – спецыяльнасці, запатрабаваныя сёння, у час глабальнага развіцця інтэрнэта (чаго не было ў часы вучобы маіх бацькоў). І прафесіі гэтыя будуць запатрабаваныя і надалей (з кожным годам – усё болей і болей!). Што рабіць? Атрымліваць адукацыю дзеля развіцця, пажадана, максімальна набліжаную да абранай вамі спецыяльнасці (хочаце быць сеошнікам – ідзіце на праграміста, капірайтэрам – на журналіста), а пасля набываць неабходныя навыкі на месцы працы. Праз гэта прайшла і я, уладкаваўшыся ў буйную SEO-кампанію… Журналістская адукацыя, бясспрэчна, мне дапамагла засвоіцца на працы: неабходныя навыкі я займела падчас вучобы ды журналістскай дзейнасці. Адукацыя ў любым выпадку (супадае яна з абранай вамі прафесіяй альбо не) – толькі адпраўная кропка для ўласнага росту. Далей – самаадукацыя, вопыт, якія нашмат больш істотныя за адукацыю універсітэцкую. Ці згодныя вы са мной, спадар Уладзімір?..

У Ван Гога, які канчаткова абраў свой жыццёвы шлях у 27 гадоў (пазнавата, ці не так?), і настаўнікаў та не было. Быў, вядома, галандскі мастак Антон Маувэ, у якога Ван Гог браў урокі, але было тое непрацяглы час: праз свой складаны характар ды непрыняцце акадэмічнага разумення жывапісу мастак хутка разыходзіцца са сваім настаўнікам і далей ідзе па шляху самаразвіцця, спробаў і памылак, якія загартавалі Ван Гога. Вы скажаце, што быў Гаген, якога так любіў Ван Гог. Быў. Але ў Вінсэнта ўжо выпрацаваўся ўласны стыль да таго, як ён пазнайміўся з Гагенам. А яго ўплыву Ваг Гог пабойваўся, з аднаго боку, але з іншага – радаваўся, што пазнаёміўся з таленавітым постімпрэсіяністам, нават меў магчымасць працаваць разам з ім хай і непрацяглы час у Арлі.

Памятаеце, спадар Уладзімір, ліст Вінсэнта, у якім ён выказваў жаданне, каб Гаген убачыў, што ў яго, Вінсэна, выпрацаваўся ўласны стыль? Тут, на маю думку, у мастаку гаварыла не столькі хваляванне за меркаванне сябра наконт яго карцін, колькі няўпэўненасць у сабе. Гэтая няўпэўненасць, самакрытычнасць, незадаволенасць сабой былі цяжкім крыжам Вінсэнта.

“Вядома, нічога незвычайнага з мяне не атрымаецца”, “Тое, што малюнкі мае не сталі такімі, як я хачу, з’яўляецца для мяне крыніцай перажыванняў”, “Паступова мяне ахоплівае вусціш, што я ніколі не прыйду да мэты”, “Сённяшнее пакаленне не хоча мяне”, “Прадбачу, што мяне чакае ў будучыні мала посьпехаў і шмат барацьбы”, “Са мной здарыцца тое ж, што адбылося з многімі мастакамі: я падохну альбо, што яшчэ горш, ператваруся ў ідыёта”, - дзяліўся перажываннямі Вінсэнт з братам.

Але былі ў Ван Гога і хвіліны веры ў сябе і сваё прызначэнне, ва ўласныя сілы, у слушнасць абранага шляху: “Але барацьбу трэба працягваць і я буду змагацца за сябе, як бы мала я ні каштаваў”, “Мая задача – працаваць і час ад часу ствараць такое, што застанецца надоўга”. Зрэшты, Ван Гог многае разумеў і прадбачыў: “Пройдуць гады перад тым, як карціны імпрэсіяністаў стануць карыстацца сталым попытам”.

Ці не ёсць павышаны ўзровень самакрытыкі праявай сапраўды таленавітага мастака? Мне здаецца, што сённяшнім творцам яе вельмі і вельмі не стае. Сёння кожны лічыць сябе геніем, гуру. Мала хто здольны прызнаваць уласныя памылкі і выпраўляць іх. Гэта, на маю думку, прызнак нездаровага грамадства. Як вы лічыце?

Вы пішаце, што Ван Гог лічыў сябе “сялянскім мастаком”? Ці сялянскім? Мне бачыцца, што Вінсэнт быў не сялянсікм мастаком, але тым, хто пісаў, раскрываў душы і характары працоўнага люду. Гэта былі не толькі сяляне, але і прачкі, і ткачыхі, і шахцёры (узгадайма хаця б знакамітую карціну “Едакі бульбы”, на якой – сям’я шахцёраў)…

Песня “Абсэнт” гурта “Крамбабуля”, тэкст якой вы прыводзіце ў лісце, – адна з маіх любімых. Ізноў вы ўгадалі! Дарэчы, я вельмі люблю “напой імпрэсіяністаў”. Вы спрабавалі яго ў Маскве, а я – у Кракаве. Піла зялёны ды чорны гішпанскі абсэнт. А вы спрабавалі чорны абсэнт?

Чытаючы лісты Ван Гога, мне страшэнна хацелася патрапіць у ягоны жоўты домік у Арлі, які ён распісаў сланечнікамі. Калі б у мяне была магчымасць загадаць любое жаданне, я б папрасілася перанесціся ў 1898 год у Арль, у госці да Ван Гога. А што б вы загадалі, калі б надарылася такая мажлівасць?

На гэтай светлай ноце, распавёўшы вам пра сваю мару (толькі нікому не распавядайце, добра?), спыняю бурлівую плынь свядомасці (бо пра любімага Вінсэнта магу гаварыць і пісаць багата. Што не напісала сёння – напішу ў наступным лісце).

Ліст другі. Віцебшчына

Другі ваш ліст “Мюнгхаўзэнаў камень, або Пілігрымка ў Крывыю” мяне ўзрушыў не менш за першы. Зараз зразумееце, чаму.
Вы пішаце пра падарожжа па Віцебшчыне (Глыбокае – Удзела – Мосар – Слабодка – Браслаў – Опса – Відзы), у якім вы былі ў чэрвені 2004 года.

Я ж сёлета, у ліпені, падарожнічала па маршруце Бягомль – Докшыцы – Глыбокае – Мосар – Слабодка – Парыж – Паставы – Відзы – Браслаў – Мёры – Дзісна – Наваполацк – Полацк – Ушачы – Лепель.

Практычна адным і тым жа шляхам мы з вамі праехалі! Толькі вы летам 2004 года, я - летам 2010. Вы з групай на аўтобусе, а я – з перакладчыкам, вядомым ў Беларусі нямецкім філолагам Андрэ Бёмам на аўтамабілі.

Каб падрабязна распавесці пра нашу з Андрэ вандроўку, трэба пісаць догі ліст на некалькі аркушаў (калі вам будзе цікава, я яго напішу), а паколькі мой выдаткаваны для адказаў на лісты вечар ціхенька, але ўпэўнена пераходзіць у ноч, то я падзлюся з вамі толькі самымі яркімі ўражаннямі ад паездкі.

У Бягомлі на аўтавакзале – вельмі файная кавярня. Ветлівы персанал, хуткае абслугоўванне, смачныя стравы. Для падарожнікаў харчаванне – вельмі істотны чыннік! Я гэта зразумела асабліва пэўна, калі, прыехаўшы сёлета ў Слонім, ледзве знайшла, дзе падсілкавацца: мясцовыя жыхары на пытанне: “Падкажыце, калі ласка, дзе бліжэйшая кавярня?” адно паціскалі плячыма…
У Глыбокім асабліва запомнілася “Дошка ганьбы”, якая знаходзіцца ў цэнтры горада. Хадзілі на могілкі, бачылі Ільінскую капліцу, пра якую вы пішаце. Нічога асаблівага ў ёй, па шчырасці, я не знайшла. Будынак як будынак…

Мосар. Вось тут мне вельмі спадабалася! На жаль, я не заспела ксёндза Ёзафа Бульку (ён адыйшоў у лепшы свет за колькі месяцаў да майго падарожжа), але з ім размаўляла мая матуля, якая падзялілася са мной сваімі ўражаннямі. Андрэ, паглядзеўшы на ўпарадкаваную тэрыторыю касцёла Святой Ганны, прамовіў: “Тут так ўсё прыведзена да ладу і вылізана, што робіцца няўтульна!” Я з ім непагадзілася. Мне ў Мосары было вельмі камфортна. Асабліва мяне ўразілі вялікія ружовыя, белыя і жоўтыя гарлачыкі ў затоцы каля касцёла. Такіх буйных і прыгожых гарлачыкаў я не бачыла з часоў майго побыту ў вёсцы, калі мне быдо 12-14 гадоў. Могілкі ў Мосары ствараюць уражанне, што там не ступае нага чалавека. Я, шчыра прызнаюся, не адразу наважылася зайсці на іх тэрыторыю: доўга разглядала анёлаў, якіх аж занадта шмат, ды іншыя фігуры, што ўпрыгожваюць малігы. З Мосара з’язджаеш нейкім іншым, перароджаным. Гучыць, мабыць, пафасна, але па-іншаму тут не скажаш. Дакрануўшыся да прыгожага, зробленага з любоўю, немагчыма застацца такім, якім ты быў да гэтага…

У Паставах мяне ўразіў касцёл Св. Антонія Падуанскага. Паколькі я вельмі люблю касцёлы (адкрыю вам яшчэ адну таямніцу: я хачу наведаць усе касцёлы Беларусі), то я адразу патанула ў яго велічы і харастве. Гэта немагчыма апісаць. Пачуццё, захапіўшае мяне ў палон, немагчыма перадаць на фотакартках. Гэты велічны будынак трэба бачыць на ўласныя вочы.

Касцёл Святой Тройцы ў мястэчку Відзы мяне ўзрушыў не менш за пастаўскі. Цалкам згодная з вашым меркаваннем: “Лічу гэты касцёл за адзін з шэдэўраў нашай неаготыкі. Вока проста раскашуе! Храм уражвае найперш прыгажосцю і зладжанасцю прапорцый, маналітнасцю і дынамізмам”. Лепей не скажаш! Пакуль Андрэ, прывыкшы да хараства нямецкіх храмаў, хадзіў ў краму па ваду, я стаяла, бы зачараваная, і задраўшы галаву ды згубіўшы мову, глядзела на веліч касцёла…

Мёры. Ізноў касцёл! Ізноў велічны і гарманічны. Ізноў у мяне адымае мову. Я дранцвею і застываю каля яго на паўгадзіны. Андрэ ж у гэты час сядзіць у машыне і прапрацоўвае наш далейшы маршрут…

Па вялікім рахунку, з нашага падарожжа па Віцебшчыне мне найбольш запомніліся менавіта касцёлы. Якія яны прыгожыя, узнёслыя ў нас! І мы пасля гэтага гаворым, што ў нас няма на што паглядзець!? Пасаромеліся б! Усім, хто кажа такую бязглуздзіцу, я паказваю фотаўдымкі, зробленыя ў падарожжы. Паказваю найперш касцёлы. І гарлачыкі. Ківаюць галовамі, пагаджаюцца. “Сапраўды прыгожа”, - цягнуць разгублена… А чаму лічым. Што няма на што паглядзець у нас? Ды таму што не былі нідзе! Не ездзіла, не глядзелі самі. Бо – нецікава. Бо ў галаве сядзіць сабе стэрэатып: “У нас няма на што паглядзець!” Уф, і злуюся ж я, спадар Уладзімір, на такіх! Злуюся таму, што нядаўна сама была такой… Але – усё змянілася. І падарожжа па Віцебшчыне мне дапамагло расплюшчыць вочы на ўласную краіну. Наступная мая вандроўка будзе па Гарадзеншчыне. Абавязкова. Ці падарожнічалі вы там? Мне будзе вельмі цікава пачытаць тэкст пра Гарадзеншчыну з-пад вашага пяра.

Дзякуй вам за дасланыя лісты!

Чакаю адказу.

Ася.

Літаратурна-мастацкі часопіс "Верасень", №3