“СучБелЛіт” З Віктарам Шніпам: “Калі б не было Інтэрнэта, яго трэба было б прыдумаць"

  “Для каго мая творчасьць? Для ўсіх!”

Ася Паплаўская: Прывітаньне, сябры! У эфіры “СучБелЛіт”. Пачалі мы сёньня з праверанай часам класікі: Амадэй Моцарт “I allegro”. Я думаю, вы пазналі гэтую славутую кампазіцыю.

Сёньняшні наш госьць – пісьменьнік Віктар з вельмі цікавым прозьвішчам Шніп. Віктар Шніп – празаік, паэт, перакладчык, працуе рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдаў 15 кніг паэзіі і прозы, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага, літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне “Мастацкая літаратура”.

Добры вечар, спадар Віктар!

Віктар Шніп: Добры вечар.

Ася Паплаўская: Вось такі ў нас сёньня цікавы, багаты на кнігі, прэміі і добрыя вершы літаратар.

Віктар Шніп: Ёсьць багацейшыя за мяне!

Ася Паплаўская: Бачыце, ён яшчэ і сьціплы да ўсяго.

Сёньня мы, працягваючы нашую традыцыю, разыгрываем кнігу. Спадар Віктар, давайце мы адразу ўвядзем нашых слухачоў у курс справы і раскажам, якую вашую кнігу мы сёньня разыграем.

Віктар Шніп: Кніга называецца “Проза і паэзія агню”. Сюды ўвайшлі вершы, аповесьць і эсэ.

Ася Паплаўская: Кніга выйшла зусім нядаўна…

Віктар Шніп: Так. Пра яе мала хто яшчэ ведае.

Ася Паплаўская: Паважаныя слухачы, у вас ёсьць унікальная магчымасьць выйграць кнігу прозы і паэзіі Віктара Шніпа, пра якую пакуль што мала хто чуў.

Умовы розыгрышу мы пакуль што не мяняем: кнігу атрымае той, хто задасьць самае цікавае пытаньне нашаму госьцю.

Спадар Віктар, у вас прозьвішча цікавае: Шніп. Падзяліцеся з намі ягонымі каранямі. Мо, яно штось цікавае значыць?..

Віктар Шніп: У дзяцінстве я не задумваўся, чаму ў мяне такое прозьвішча. Шніп і Шніп. Даведаўся, адкуль яно пайшло, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. У мяне былі сябры літоўцы. Яны мяне прымалі за свайго, бо ў іх мове ёсьць слова “шніпас”, якое перакладаецца як “шпіён”. Магчыма, яно і паходзіць адтуль…

Дзякуючы свайму дзядзьку, роднаму брату майго бацькі, я даведаўся гісторыю свайго роду. Першы Шніп, Герман, нарадзіўся ў 1760 годзе і быў упраўляючым ў графа Патоцкага. Усе Шніпы пайшлі адтуль. На сёньняшні дзень ёсьць Шніпы і ў Германіі, і ў Амерыцы… Па ўсім сьвеце. Відаць, усе яны ад таго Шніпа пайшлі.

Ася Паплаўская: Значыць, вы – пісьменьнік-шпіён!

Віктар Шніп: Магчыма (усьміхаецца).

Ася Паплаўская: Нам у чаце Аляксей піша: “Дарэчы, ніколі б не падумаў, але “шніп”, паводле слоўніка Даля: “мысок или выступ языком, у женского пояса, лифа”.

Віктар Шніп: Я ведаю пра гэта. Рыгор Барадулін таксама цікавіўся, адкуль прозьвішча такое Шніп. Сказаў мне: “Шніпарыць – значыць шпіёніць”…

Недзе паўгоду таму мне патэлефанаваў з Літвы чалавек, назваўся Кейстутам Шніпасам. Ён шукае аднафамільцаў, сваякоў, цікавіцца радаводам. Мы пазнаёміліся, ён займаецца бізнэсам… Так што Шніпы ня толькі вершы пішуць…

Ася Паплаўская: А яшчэ і сур’ёзнымі справамі займаюцца :)

Віктар Шніп: Так. У Амерыцы ёсьць нават прадусар Шніп!

Ася Паплаўская: Спадар Віктар, у вашай біяграфіі вычытала вельмі правакацыйны факт: “У войску не служыў. Хаваўся ад прызыву?” Чаму хаваліся?

Віктар Шніп: А хто хоча служыць?.. Мне не асабліва хацелася служыць, бо тады час быў такі: вайна ў Афганістане. Я пісаў вершы і мне было не да войска…

Я хаваўся тры гады, але ўсё адно мяне знайшла павестка. Я нідзе не працаваў, жыў у Менску на кватэры ў дзеда з бабай. Неяк прыходжу з гораду і мне дзед паказвае тэлеграму (з вёскі мама прыслала), дзе напісана: тэрмінова зьявіцца ў ваенкамат. Пачаў я зьбірацца ў гэты ваенкамат: спалохаўся, думаў, мама ж там хвалюецца. Некалькі дзён у мяне было, я думаў-думаў, ці ісьці, і не пайшоў: “Ай! У мяне ж няма гэтай павесткі”.

Праз тыдзень ад мамы прыходзіць яшчэ адна тэлеграма. Піша, што зноў прыслалі з ваенкамату позву. Тады я ўжо нават дайшоў да ваенкамата. Пахадзіў каля яго, паглядзеў, падумаў: “Не…” і не пайшоў, вярнуўся дамоў. А пасьля паехаў у вёску. Мама пытаецца, як там што? “Усё нармальна, не хвалюйся, мо, забяруць, а мо і не”, – кажу. І тут ідзе паштальёнка і на ўвесь двор крычыць: “Во, дызерцір, хаваецца! Ізноў прыслалі позву!” Бацька пачуў і кажа: “У нас дызерціраў расстрэльвалі на месцы!” Думаю: усё, няма куды дзявацца, трэба ехаць і здавацца.

Пашанцавала мне ў абласным ваенкамаце. Калі праходзіў апошнюю камісію, зайшоў у кабінет, на стале ў доктара ляжыць мая асабістая справа. Ён кажа:

– Так, Віктар Шніп. Гэта вы пішаце вершы?

– Я.

– Служыць хочаш?

– Не.


Ён мне напісаў штось і кажа: ідзі, пішы вершы. Нас пасьля пастроілі: сказалі, хто дзе служыць будзе, а нам, некалькім чалавекам сказалі зьявіцца па вайсковыя білеты. Пасьля я даведаўся, што той доктар – сын адной пісьменьніцы. Так часам у жыцьці шанцуе (усьміхаецца).

Ася Паплаўская: У чаце Mint пытаецца: “Аб чым вашая творчасьць і для каго яна?

Віктар Шніп: Я пішу даўно, таму можна знайсьці творы на ўсе густы і тэмы. У мяне ёсьць і дзіцячыя вершы, і пародыі, і песьні… Для каго мая творчасьць? Для ўсіх!

Я заўжды шукаю штось новае, стараюся быць непадобным да сябе ўчарашняга. Як гэта атрымліваецца – меркаваць маім чытачам.

Ася Паплаўская: Спадар Віктар, у вашай біяграфіі знайшла яшчэ адзін цікавы факт: “7 гадоў быў беспрацоўным, перыядычна падпрацоўваючы на лікёра-гарэлачным заводзе "Крышталь" грузчыкам, жыў на ганарары. Працаваў цесляром на будоўлях Мінска, літкансультантам у часопісах «Нёман», працаваў у газетах «Вячэрні Мінск», «Наша слова» і «Літаратура і мастацтва»”. Колькі ў вас прафесій!..

Віктар Шніп: Вы прачыталі, што я працаваў на будоўлях… Гэта няпраўда: на будоўлях я ніколі не працаваў!

Ася Паплаўская: Гэта міф?..

Віктар Шніп: Пры Савецкім саюзе туніядцаў садзілі, выганялі з краіны.

Я хаваўся: у мяне ні прапіскі не было ў Мінску, ні дакументаў. Калі я тэхнікум закончыў, дакументы не забіраў, каб не пайсьці працаваць.

Мне прысьніўся сон, што я збудаваў высокі дом, а ён разваліўся. Я падумаў: раптам сон спраўдзіцца? То вырашыў, што ня трэба мне йсьці на тую будоўлю.

Але на лікёра-гарэлачным заводзе “Крышталь” сапраўды працаваў грузчыкам. Паміж заканчэньнем тэхнікума і вучобай ў Маскве. Быў у мяне такі перыяд у жыцьці: штодня ўставаў у 9 гадзінаў, дзеду з бабай гаварыў, што йду на вучобу. Ні на якую вучобу я ня йшоў, а ці то ў бібліятэку, ці то ў рэдакцыю. Зімой часта сядзеў на вакзале альбо на Галоўпаштампце – чытаў, пісаў…

Па рэдакцыях хадзіў: сёньня схаджу да Барадуліна – там пакормяць, заўтра – да Глобуса…

Бывала, што і галадаў. Але калі працаваў на лікёра-водачным заводзе, зарабляў нармальна: бывала, што і 200 рублёў, і 300. Мяне на тым заводзе называлі шніцэлем, бо я звычайна ў абед браў два шніцэлі. Вожыкам яшчэ называлі: язык за зубамі не трымаў, не баяўся нікога…

Ася Паплаўская: Зараз мы паслухаем музычную кампазіцыю, якая мае прамое дачыненьне да нашага сёньняшняга госьця, а пасьля раскрыем вам усе сакрэты…

Даведацца пра ўсе сакрэты!