КНІГІ, ЯКІЯ СЛУХАЮЦЬ

У 40-ым "Дзеяслове" апублікаваны мой артыкул пра аўдыёкнігі. У артыкуле гутарка з Алесем Калошам, дырэктарам гуказапісваючай кампаніі "Белтонмедыя", а таксама расповед Уладзімера Арлова пра яго бібліятэчку аўдыёкніг.

Выкладваю тэкст сюды.

КНІГІ, ЯКІЯ СЛУХАЮЦЬ

Кожны з нас на вуліцы, у транспарце, у кавярнях, кнігарнях і іншых грамадскіх месцах бачыць штодня маладзёнаў (ды й людзей сталага веку), у якіх ад кішэні ці ад сумкі да вушэй цягнуцца тоненькія драты. Яны яднаюць людзей ці то з мабільнымі тэлефонамі, ці, часьцей, з плэерамі. Што яны слухаюць? “Музыку ці радыё”, — скажаце вы. “А вось і не! Ня толькі музыку ды радыё!” — адкажу я вам і, напэўна, зьдзіўлю. Што яшчэ?.. Кнігі! Так, так, у вас не галюцынацыі. Кнігі. Аўдыёкнігі.

Для школьнікаў і студэнтаў гэта — не навіна. Многія з іх даўно слухаюць Пушкіна, Дастаеўскага, Булгакава і іншых у аўдыёфармаце. Але ж першая аўдыёкніга на беларускай мове нарадзілася ўсяго чатыры гады таму. У аўдыёфармат былі пераведзеныя… беларускія народныя казкі. Як на мяне, дык вельмі сімвалічна. Які літаратурны жанр асвойвае дзіцё найперш? Казку! Так і маладая беларуская аўдыёкніга пачала з гэтага любімага ўсімі жанру.

Калі толькі пачалі зьяўляцца аўдыёкнігі на роднай мове, для мяне гэта было сапраўдным адкрыцьцём! Кожная кніга заслухоўвалася да дзірак, яны пераходзілі з рук у рукі, набываліся ў якасьці незвычайнага, арыгінальнага падарунка… Цяпер у мяне цэлая паліца кніг-дыскаў.

З класікі: вершы Максіма Багдановіча, вершы і паэмы Янкі Купалы (на дыску таксама — нарыс Ул. Някляева “Шлях”), паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” і “Новая Зямля”, раманы Івана Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” з трылогіі “Палеская хроніка”, вершы Уладзіміра Караткевіча і кніга, якая зусім нядаўна выйшла ў сьвет — раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, аповесьць Вольгі Іпатавай “Прадслава”.

З дзіцячай літаратуры: ужо памянёныя “Беларускія народныя казкі”, а таксама два дыскі з казкамі Ганса Хрысьціяна Андэрсэна. Аматары замежнай літаратуры ў аўдыёфармаце могуць паслухаць раман “1984” і казку-алегорыю “Ферма” Джорджа Оруэла. Серыя “Голас сучаснага паэта” прадстаўленая пакуль што дзьвюма аўдыёкнігамі: вершамі Уладзімера Някляева і Ніла Гілевіча. Пры падрыхтоўцы да іспыта па гісторыі Беларусі вам дапамогуць дыскі Мікалая Ермаловіча, а таксама аўдыёкніга “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Агулам, каля 30 дыскаў.

“Важна захаваць голас паэтаў для нашчадкаў”

Пра гісторыю заснаваньня першай і пакуль адзінай кампаніі па стварэньні беларускіх аўдыёдыскаў “БелТонМедыя”, працу над запісам кніг, а таксама пра планы кампаніі распавёў яе дырэктар Алесь КАЛОША.

— Гісторыя аўдыёкнігі пачалася тады, калі сьлепаглуханямая дзяўчына выступіла ў Кангрэсе Злучаных Штатаў Амерыкі. Яна распавяла, што такім людзям цяжка чытаць. Гэта было ў 1932 годзе, у час “вялікай дэпрэсіі” ў Штатах, і тым ня менш Кангрэс пайшоў на фінансаваньне аўдыёкніг, выйшаў закон, па якім сьляпым амерыканцам бясплатна выдавалі магнітафоны (а ў той час гэта была вельмі дарагая апаратура) і стужкі, на якія запісваліся кнігі. Зараз 18-20 адсоткаў ад усіх кніг, што выдаюцца ў сьвеце, гэта аўдыёкнігі.

— Раскажыце пра гісторыю стварэньня кампаніі “БелТонМедыя”, пра вашу дзейнасьць.

— Яшчэ да заснаваньня кампаніі я працаваў у гукавых часопісах, што выдавала Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, таму ўжо быў знаёмы са сьпецыфікай працы па запісу аўдыёкніг. Чаму я вырашыў стварыць уласную гуказапісваючую кампанію? У сьвеце рынак аўдыёкніг актыўна пашыраецца. Калі мы возьмем нашу суседку Расію, то там знойдзем кнігі на ўсе густы: ад Ніцшэ да Марынінай. А ў нас гэтага рынку не было. На маю думку, вельмі важна, што, дзякуючы аўдыёкнігам, гучыць наша мова. У гэтым сэнсе аўдыёкніга мае ідэалагічнае і культурніцкае значэньне.

У 2005 годзе, яшчэ да зьяўленьня кампаніі, я выдаў першую аўдыёкнігу “Беларускія народныя казкі”. Потым да мяне прыйшоў рэжысёр Валер Мазынскі, паслухаў гэтыя казкі і стаў адным з ініцыятарам стварэньня кампаніі. У першую аўдыёкнігу, якую мы выдалі ўжо сумеснымі намаганьнямі, увайшлі раман Джорда Оруэла “1984” і казка-алегорыя “Ферма”…

Што да дзейнасьці… Найперш мы хочам агучыць школьную праграму. Таксама імкнемся запісаць тык пісьменьнікаў, якія найбольш ярка выражаюць беларускую нацыянальную ідэю. Акрамя гэтага, мы вельмі хочам выдаваць замежную літаратуру на беларускай мове. І яшчэ адзін вялікі напрамак — гэта дзіцячая літаратура. Пачала выходзіць серыя “Казачныя скарбы”, у якой сабраныя лепшыя народныя казкі, казкі як беларускіх, так і замежных аўтараў.

Да выданьня дзіцячай літаратуры мы ставімся асабліва адказна, бо для таго, каб дзіцёнак пачаў размаўляць па-беларуску, трэба, каб ён чуў родную мову. Хачу адзначыць, што аўдыёкнігі ў разьвіцьці дзяцей граюць вельмі вялікую ролю. У адрозьненьні ад відэа, гэта той медыяпрадукт, які будзіць у дзіцяці ўяўленьне, фантазію. У відэа ўсё паказана, усё разжавана й наглядна. А калі дзіця слухае, гэта амаль тое самае, нібыта ён чытае кнігу. Чаму ў той жа Расіі дзіцячыя аўдыёкнігі вельмі жорстка канкуруюць з відэа? Таму што бацькі, якія хочуць, каб у іх дзіця разьвівалася мысьленьне, ставяць слухаць аўдыёкнігі. Я гэта ведаю па сваім сыне. Калі я яму ўключаў тады яшчэ вінілавыя кружэлкі на рускай мове, ён сапраўды ўключаўся ў казку, сьпектакль, уяўляў, фантазаваў…

— Вы аддаяце перавагу акторам ці аўтарам пры агучваньні тэкстаў?

— Няхай кожны аўтар прачытае адну сваю кніжку для запісу. Гэта істотна, бо голас застанецца ў гісторыі. Яшчэ заўсёды цікава, як аўтар успрымае, як ён перадае свой тэкст. Але ўсё ж такі мы хочам, каб кнігі начытваў прафесійны акцёр. У нас толькі адно выключэньне — Уладзімер Арлоў, які начытаў цэлую серыю сваіх кніг.

У нас ёсьць серыя “Голас паэта”, якая задумвалася сьпецыяльна для таго, каб чыталі вершы толька паэты. Ужо выдадзеныя аўдыёкнігі з вершамі Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча. Думаем запісаць Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, а таксама маладзейшых паэтаў: Хадановіча, Глобуса і іншых. Калі мы запісваем паэтаў старэйшага пакаленьня, то намі кіруе яшчэ й памкненьне зьберагчы іх голас для нашчадкаў, бо многія, на жаль, адыходзяць ад нас, а запісы, якія захоўваюцца ў фондах радыё, не абнародуюцца.

— Як ажыцьцяўляецца распаўсюд вашай прадукцыі?

— Аўдыёкнігі прадаюцца ў кнігарнях “Белкнігі”, у дыскарнях. На жаль, пакуль ня вельмі добра наладжага сетка распаўсюду па рэгіёнах. І яшчэ адзін варыянт распаўсюду — праз пошту, які забясьпечвае сайт www.knihi.net. Але мяне вельмі радуе, што ў нас ёсьць пакупнікі, абсалютна не заангажаваныя ні ў літарутры, ні ў палітыцы. Хачу адзначыць, што большым попытам карыстаецца класіка, чым сучаснасьць, проза, чым паэзія.

Слухаць аўдыёкнігу ў басейне


Асобна варта сказаць пра аўдыёкнігі пісьменьніка Уладзімера АРЛОВА. Іх — цэлая бібліятэка, сем кніг: “Час чумы”, “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Адкуль наш род”, “Ордэн Белай Мышы”, “Сны імператара”, “Паром празь Ля-Манш”, “Паўстанцы”.

Уладзімер Аляксеевіч распавёў, што спачатку вельмі скептычна глядзеў на тых, хто бадзяецца па вуліцы, едзе ў метро з навушнікамі і штосьці слухае. Штуршком да пазбаўленьня ад скепсісу і да запісу першай аўдыёкнігі стала такая гісторыя: неяк Уладзімер Арлоў плаваў у басейне. Там жа плаваў незнаёмы мужчына з плэерам. Праз нейкі час, назіраючы яго цягам некалькіх заплываў, пісьменьнік пацікавіўся, якую музыку той слухае. Плывец сказаў, што ён слухае кніжкі.

“Гэта на мяне вельмі падзейнічала, і тады я ўпершыню задумаўся пра персьпектывы аўдыёкнігі, — распавядае Уладзімер Арлоў. — Сталася так, што прыкладна ў той час я даведаўся, што некаторыя з маіх кніг ужо існуюць у аўдыёфармаце, але яны былі адрасаваныя не ўсяму чытацкаму колу, а толькі сябрам Беларускага таварыства сьляпых. Высьветлілася, што сярод іншых была запісаная мая аповесьць “Час чумы”. Так я пазнаёміўся з Алесем Калошам, які, працуючы ў тым таварыстве, займаўся аўдыёкніжкамі яшчэ на такім узроўні, для сьпецыфічнай аўдыторыі”.

Алесь прапанаваў пісьменьніку выдаць першую аўдыёкнігу “Час чумы”. Прачытаў аповесьць вядомы дыктар беларускага радыё Леанід Дзяркач. Так зьявілася першая аўдыёкніга ў бібліятэчцы Уладзімера Арлова. “Гэта ўжо, можна сказаць, рарытэт, — кажа пісьменьнік. — Пасьля выхаду гэтага дыску ў выданьні аўдыёкніг у Беларусі адбылася, можна сказаць, цэлая рэвалюцыя. Невялікая, але зацятая ў сваёй справе кампанія “БелТонМедыя” на чале з Алесем Калошам ужо выдала цэлую бібліятэку. Начытваюць кнігі вядомыя людзі: акцёр Віктар Манаеў, мэтр сцэнічнага маўленьня Андрэй Каляда і іншыя. Я ўдзячны Лявону Дзеркачу за працу над “Часам чумы”, але калі я слухаў дыск, мне чагосьці не хапала. Мне хацелася, каб была большая прысутнасьць аўтара. Зрэшты, мае сябры, знаёмыя, якія слухалі гэтую аўдыёкніжку, падштурхоўвалі мяне паспрабаваць начытаць самому. Так нарадзіўся мультымедыйны праект “Адкуль наш род”, які я начытаў сам. Гэтую кніжку можна слухаць, чытаць на маніторы й глядзець ілюстрацыі. Яна знайшла, безумоўна, свайго чытача. Калі я быў у журы конкурса на найлепшы гістарычны дзіцячы малюнак, убачыў сярод прысланых працаў і малюнкі з гэтай маёй кнігі…”

Не заўсёды аўдыёкнігі Уладзімера Арлова зьместава супадаюць з аднайменнымі папяровымі. Калі пра кнігі “Адкуль наш род” і “Таямніцы полацкай гісторыі” гэта можна сказаць адназначна, то ў аўдыёкнізе “Час чумы” толькі адна гэтая аповесьць, а папяровая кніга складаецца з некалькіх гістарычных аповесьцяў. Кніга “Ордэн Белай Мышы” — выбранае з аднайменнага выданьня і кнігі “Сланы Ганібала”. Аўдыёверсія “Сноў імператара” таксама ўтрымлівае толькі частку аднайменнай кнігі: аднайменная аповесьць і шэсьць апавяданьняў. “Паром празь Ля-Манш”, акрамя аднайменнай папяровай кнігі, зьмяшчае вершы, якія былі напісаныя Уладзімерам Арловым нядаўна і яшчэ не друкаваліся, альбо напісаныя некалькі гадоў таму, але не выходзілі ў асобных кнігах. Напрыклад, верш “Мне прысьніўся Хадановіч”, сам Андрэй Хадановіч у сваіх кнігах зьмяшчаў, а Арлоў — не… Па-свойму ўнікальная кніга “Паўстанцы”: яе няма ў папяровым фармаце.

Усе кнігі, акрамя “Часу чумы” (начытаная Леанідам Дзеркачом), ды “Сноў імператара” (Андрэем Калядой), агучваў сам аўтар.

— Што да “Сноў імператара”, то гэта была прапанова Алеся Калошы. Я так разумею, што ідэя належала самому спадару Калядзе, з якім мы даўно і добра знаёмыя. Ён у свой час кіраваў студэнцкім тэатрам “Жывое слова” і паставіў там маю аповесьць “Час чумы”. Так што, я быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што Андрэй Каляда не пераблытае ні націскі ў словах, ні сэнсавыя націскі ў тэксьце, як гэта часам здараецца, калі чытаюць акцёры. Дарэчы, кніга “Адкуль наш род” была вынікам супрацоўніцтва з Віктарам Манаевым, які чытаў вершы, з Міколам Рабычыным, а таксама з Тацянай Салдаценка, якая чытала пытаньні і заданьні. Прэтэнзіяў да якіх ня маю, толькі ўдзячнасьць.

“Мне не складана было працаваць у студыі, — дадае пісьменьнік, — бо я 15 месяцаў вёў на радыё “Свабода” штодзённую перадачу “Імёны свабоды”, таму мікрафона я не баяўся”.

Радуючыся посьпехам “БелТонМедыя”, Уладзімер Арлоў кажа пра цяжкасьці распаўсюду аўдыёкніг:

— Безумоўна, пры ўсіх нашых посьпехах не павінна быць ніякай эйфарыі, бо, па-першае, наклады аўдыёкніг вельмі сьціплыя, па-другое, нашыя кнігарні яшчэ не навучыліся ці ня хочуць вучыцца працаваць належным чынам. Толькі ў некаторых ёсьць адмысловыя вітрыны для аўдыёкніг, затое ў адной з кнігарняў, дзе прадаюцца мае аўдыёкніжкі, іх зьмясцілі ў аддзеле сувеніраў…

Існуе, напэўна, яшчэ праблема, зьвязаная з тым, што ня ў кожнага ёсьць апаратура, каб слухаць аўдыёкнігу. Я вельмі ўдзячны найперш незалежным распаўсюднікам беларускай кнігі, хоць даволі плённа працую і з некаторымі менскімі кнігарнямі. Што да рэгіёнаў, то з імі працаваць вельмі складана. Я сутыкаўся з тым, што кнігі бралі, а пасля яны проста зьнікалі… Таму цяпер я супрацоўнічаю толькі са сваімі знаёмымі ў рэгіёнах, але, тым ня менш, кнігі і там прадаюцца. Але такіх гарадоў вельмі мала. Мяне гэта не задавальняе, хацелася б, каб беларускія аўдыёкнігі прадаваліся ў кожным беларускім горадзе.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ
  • Current Mood: busy busy