У папяровым царстве Уладзіміра Содаля ("Літаратурная Беларусь", 30 красавіка 2010 г.)

Вясновымі днямі сёлета мы святкуем падвойны юбілей класіка беларускае літаратуры Францішка Багушэвіча: 21 сакавіка - 170 гадоў з дня нараджэння,
28 красавіка - 110 гадоў з дня смерці.

“Я буду прэзідэнтам!”

Ася, найперш я ў вас вазьму інтэрв’ю! – сустрэў мяне ля Нацыянальнай бібліятэкі Уладзімір Содаль, краязнаўца, даследчык жыццёвага і творчага лёсу Францішака Багушэвіча. – Якія словы з напісаных на фасадзе бібліятэкі, вам запомніліся?..”

“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” – кажу я, здагадаўшыся, што хоча пачуць ад мяне мой суразмоўца.

Так! – усміхаецца Уладзімір Ільіч і дадае: Я жыву побач з бібліятэкай. Часта бываю ў ёй. Яе і збудавалі на маім агародзе. Выходжу змораны пасля доўгага чытання, спыняюся каля фасаду з цытатамі, ды назіраю, ці зважаюць людзі на іх. Калі не, дык падыходжу, бывае, і пытаюся, што з напісанага запомнілася...

Паколькі на дварэ прахалодна, заходзім у бібліятэку – адну з нямногіх мясцін у Мінску, што носіць Багушэвічаў дух. Уладзімір Ільіч расчыняе сваю даследніцкую валізку, у якой чаго толькі няма: безліч тэчак з спісанымі паперамі, газетамі, рукапісы, аж тры факсімільныя выданні “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча, старонкі якіх - у аўтографах людзей, з якімі сустракаўся краязнаўца, паміж старонак зборнікаў – лісты з занатоўкамі, імёнамі, адрасамі, фотаздымкі, зноў газетныя выразкі… Багушэвічаву “Дудку” даследчык паўсюль носіць з сабой.

Размова адразу зайшла пра ўнукаў Уладзіміра Содаля, якіх у яго чатыры. І ўсе – хлопцы. Малодшы, Максімка, яшчэ ходзіць ў школу. Калі прыязджае ў госці да бабулі з дзядулем, заўжды просіць, каб дзядуля не нахіляўся. “Я сам падыму”, – бяжыць дапамагаць дзядулю Максім.

Кастусь - прадпрыймальнік. Алесь займаўся футболам у інстытуце, але скалечыўся і цяпер адхілены ад заняткаў. А Сержык студэнт-першакурснік. Яшчэ вучнем выдаў аж тры кнігі. Першая – “Святло маёй крынічкі – з жыцця хлопчыка Сяргейкі і яго дзядулі Уладзі…” Другая, “Кветка мая Беларусь”, што выйшла ў серыі “Беларускі кнігазбор”, утрымлівае вершы, кароткую прозу. Пра трэцюю сама назва гаворыць: “Анекдоцік у роцік”. Уладзімір Ільіч згадаў такі выпадак: ягоны зяць Мікола атрымаў ладны першы заробак і прынёс грошы ў скрыні з-пад абутку, Сержык абклаўся грашыма, падкідваў іх і казаў: “Я буду прэзідэнтам!” І, можа, гэта калі-небудзь здарыцца. А пакуль што Сяржук асвойвае дзяржаўную тэматыку: у школьныя гады, вучнем дзевятага класа, напісаў працу па гісторыі “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці”, а сёлета напісаў курсавы рэферат “Беларуская Народная Рэспубліка”. Уладзімір Содаль вельмі ганарыцца Сержыкам. Што зразумела.


“Ці мог я быць іншым?..”


Размова пра Францішака Багушэвіча пачалася з… Янкі Купалы:

- Калі я быў малады, у мяне было вялікае жаданне сустрэцца з пакаленнем людзей мінулага, нават канаца XIX, стагоддзя. Была страшэнная прага спазнаць эпоху не праз кнігі, а праз людзей, сведкаў таго часу. Таму я вандраваў на Купалавых мясцінах, сустракаўся з Паўлінай Мядзёлкай, першай выканаўцай ролі Паўлінкі, ад якой пачуў шмат цікавага пра Янку Купалу. Гэтымі днямі ў Мінску экспанавалася Купалава машына “Шаўрале”. І там мне згадалася гісторыя, якую распавяла мне Паўліна Мядзёлка: Янка Купала, гнаны з Мінску пажарам ды бомбамі, ляцеў на гэтай машыне ў Маскву, дзе акурат была Паўліна. Прыехаў змораны, змэнчаны з дарогі. А Паўліна кажа яму: “Яначка, што ж ты, дарагі мой Яначка, матулю не забраў з Мінску, пакінуў нямецкім акупантам?.. А што ж ты архіў свой не ўкінуў у багажнік?” Янка нічога на гэта не сказаў, толькі перасмыкнуўся вялікім болем… Калі я аглядаў тое “Шаўрале” Янкі Купалы, у мяне гэтыя думкі круціліся ўвесь час, я падыходзіў да таго багажніка, прыкідваў, што ў яго можна было ўкінуць. Калі не ўсё, то хоць частку архіву!..

Па сутнасці, з жадання спазнаць эпоху не праз кнігі, а праз расповеды людзей старэйшага пакалення і пачынаецца мая даследніцкая праца. А даследчык як следчы - гэта вельмі блізкія прафесіі. Я мяркую, калі б Францішак Багушэвіч пражыў болей, у яго назбіралася б безліч следчых сюжэтаў, але ж Бог не даў…

За Францішкам Багушэвічам стала замацавалася шмат вызначальных эпітэтаў: празорца, прарок, прадвеснік, праўдашукальнік. Паэт Рыгор Семашкевіч слушна азваўся пра Багушэвіча: “На ўсю Беларусь мільён пракурораў і толькі адзін, толькі ён адвакат”. Сам сябе Францішак Багушэвіч называў сынам надзеі, чалавекам, які не ў сваю эпоху нарадзіўся.

Калі я пачаў вывучаць біяграфію Багушэвіча, калі чытаў, у якіх гістарычных абставінах ён нарадзіўся і гадаваўся (у 1840 годзе Мікалай I скасаваў дзеянне Статута 1588 г. ды забараніў выкарыстоўваць назоў “Беларусь”, беларускую мову), я зразумеў, што няма больш яркага прыкладу адраджэнца, чым Францішак Багушэвіч… Недарэмна ён напісаў: “Як я толькі нарадзіўся - // Бацька сказаў: “Кепска будзе!” // Ну дык жа ж не памыліўся: // Здзекавалісь Бог і людзе. // А чым кепска? – бо на марцы // Я радзіўся (пост праўдзівы, // Цяжкі месяц гаспадарцы. // Як прадыў хто, - будзе жывы)”.

Да мяне спазнанне свету прыйшло праз абразы, здзекі. Чым больш я чуў абразаў, тым больш я, малое дзіця, гартаваўся. Прыязджалі, напрыклад, людзі з Масквы і фыркалі: “Што гэта ў вас за мова такая?..” А мне яна была наймілейшая, чым каму. На ёй гаварылі мае бабулі, дзядулі, яна ласкавая, пяшчотная, і я дзівіўся, што ў людзей, якія кажуць такое пра маю родную мову, такія агрубелыя душы. Той жа Максім Багдановіч, выхаваны ў рускай атмасферы, выдзьмухваў беларускія словы як вугельчыкі з попелу, каб разгараўся жар сапраўднае паэзіі. Ці мог я быць іншым? Ці можаш ты пасля гэтага быць іншай?..

“А ў гэтым годзе – цішыня…”

- Я спадзяваўся, што гэты год падвойнага юбілею Францішка Багушэвіча, будзе абвешчаны годам роднае мовы. Але гэтага, як ні дзіўна, не сталася. Больш за тое, ранейшыя дні народзінаў Багушэвіча: 160, 165 гадоў адзначаліся на дзяржаўным узроўні, у гэтым годзе – цішыня і спакой.

Але засталіся яшчэ сумленныя людзі, якія ладзяць вечарыны ў гонар Францішка Багушэвіча. Гэтымі днямі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выдатная выстава, прысвечаная Багушэвічу. Не забылася на юбілей Багушэвіча і Нацыянальная бібліятэка, дзе мы з табой зараз знаходзімся. Яны выдалі кампакт-дыск “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…

(Дыск “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…”, выдадзены Нацыянальнай бібліятэкай да 170-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, акрамя біяграфічнага нарысу за аўтарсквам Уладзіміра Содаля, бібліяграфіі твораў класіка ды публікацый пра жыццё і творчасць пісьменніка, утрымлівае шмат унікальнай інфармацыі: адсканаваныя кнігі Багушэвіча (у тым ліку, і “Дудка беларуская”, што выйшла ў Кракаве ў 1891 годзе), раздзел “Ф. Багушэвіч у мастацкай літаратуры і мастацтве” утрымлівае не толькі эсэ, вершы, артыкулы як класікаў беларускае літаратуры, так і нашых з вамі сучаснікаў, не толькі жывапісныя, графічныя працы, прысвечаныя Багушэвічу, ды фотаздымкі з прыватных архіваў, але і музычныя творы, напісаныя на вершы Францішка Багушэвіча, і нават унікальныя кінавідэаматэрыялы: дакументальны фільм рэжысёра М. А. Жданоўскага, дыяфільм “Праўдашукальнік: жыццёвы і творчы шлях Францішка Бенядзікта Багушэвіча” Уладзіміра Содаля, а таксама перадачу У. Содаля “Роднае слова”, прысвечаную Багушэвічу).

25 сакавіка ў Ашмянскім краязнаўячым музеі імя Ф.К.Багушэвіча была праведзеная канферэнцыя, прысвечаная Францішку Багушэвічу. Я падрыхтаваў даклад “П’ер Беранжэ ў Кушлянах”. Ты ведаеш, чаму французскі паэт – у Кушлянах? У Францішка Багушэвіча быў культ французскай мовы. Недарма ж ён у прадмове да зборніка “Дудка беларуская” пісаў: “Я сам калісь думаў, што мова наша – “мужыцкая” мова і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людуоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая”.

А неўзабаве, 22 траўня, мяркуецца свята ў Кушлянах у гонар Францішка Багушэвіча. Вось, бадай, і ўсё, што ладзіцца з нагоды юбілея класіка. А гэта такі зручны момант, каб узрушыць грамаду, схіліць, павярнуць яе да нашае мовы!..

“Як жыць – дык жыць для Беларусі!”

Наша размова адбывалася ў дзень рэспубліканскага суботніка. У бібліятэцы праводзіліся экскурсіі для школьнікаў, якія напаўнялі будынак тлумам, таму мы з Уладзімірам Содалем пайшлі ў ягонае “папяровае царства”. Па дарозе Уладзімір Ільіч раскрыў сэнс псеўданімаў Францішка Багушэвіча “Сымон Рэўка з-пад Барысава” ды “Мацей Бурачок”:

- Францішак Багушэвіч родам з-пад Вільні, але гэтае ўдакладненне, “з-пад Вільні”, ужо заняў Кастусь Каліноўскі: “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. І Багушэвіч бярэ “Сымон Рэўка з-пад Барысава”. Чаму з-пад Барысава? Ды таму што пад Барысавам, на Лагойшчыне, жыў выдатны чалавек – граф Тышкевіч, які заснаваў у Вільні музей старажытнасці, у стварэнні якога браў удзел і Багушэвіч. А чаму Бурачок? Бо буракі абнаўляюць кроў, а Багушэвіч абнаўляў кроў нацыі… А Мацей – святы.

Сустрэла нас гаспадынька Уладзіміра Содаля, спадарыня Клара, добрая, спагадлівая жанчына. “Дзяўчына спужаецца!” – пажартавала яна, калі Уладзімір Ільіч запрасіў мяне ў сваё “папяровае царства”. “Дык яны і хоча напалохацца!” – сказаў спадар Уладзімір.

Сапрыўды – царства. Пакой, поўны тэчкамі, газетамі, кнігамі, слоўнікамі, партрэтамі Багушэвіча, жартам называюць “Багушэвічавым пакойчыкам”. Уладзімр Содаль адшукаў тэчку з рукапісам кнігі “Даследніцкія дэтэктывы”, што рыхтуецца цяпер да выхаду, і мы пачалі вандроўку па захапляльных гісторыях, што надараліся ў даследніцкім лёсе спадара Уладзіміра. Усе яны так ці іначай звязаныя з Францішкам Багушэвічам. Я гартаю пажаўцелыя лісты з тэкстам, набраным на машынцы, а Уладзімір Содаль прыгадвае неверагодныя дэтэктыўныя гісторыі…

- Неяк вяртаўся я з бібліятэкі дадому, падыходжу да ўваходу ў метро, гляджу – ляжыць проста на зямлі звычайна капэрта, патаптаная, з адбіткамі ад абутку, ідуць і ідуць людзі, не зважаючы на тую капэрту. Я думаў прамінуць, але нейкі голас сказаў мне: “Падымі, Валодзя”. Я паслухаўся таго голасу, падняў тую капэрту. Ні марак няма, ні цыдулкі якой – нічога. А ўнутры – паўмільёны! Я гэтыя грошы ўклаў у выданне маёй апошняй кнігі “Блаславёныя Кушляны”.

Ці вось яшчэ містычная гісторыя: у лістападзе 2000 году пазванілі ў кватэрны званок. Адчыняю – стаіць суседка Таццяна, працягвае мне дзве капэрты і кажа: “Хадзіла да сяброўкі ў суседні дом, на падваконні вось гэтыя лісты ляжалі, зірнула – а там вашае прозвішча, вось і прынесла іх вам”. Я падзякаваў, лісты ўзяў, паглядзеў на капэрты і аж жахнуўся: адзін - ад дзядзькі Міхала Ляпехі з Багушэвічавых Кушлянаў, другі - ад кераміста Станіслава Адамовіча. Абодва яны ўжо пайшлі на той свет… Гляджу на даты: ад Міхала ліст датаваны 1983 годам, ліст Станіслава – аж 1977 годам! Хіба не дзіва? Дваццаць тры гады праляжалі мае лісты ў суседнім пад’ездзе…

Як тыя лісты ўцалелі, ды безліч не менш цікавых містычных гісторый, што надараліся з Уладзімірам Содалем – чытайце ў новай кнізе даследчыка, якая пабачыць свет, як толькі краязнаўца назбірае грошай на ейнае выданне…

Ідзіце падмацуйцеся!” – паклікала нас спадарыня Клара. Толькі я сабралася адмовіцца ды сказаць, што пабягу пісаць артыкул, як гаспадыня сказала: “Ад мяне галодным ніхто не сыходзіць!..

Заўтра пойдзем на выбары, на бюлетні напішу словы Ларысы Геніюш: “Як жыць – дык жыць для Беларусі!” – сказаў мне на развітанне Уладзімр Содаль.

 

Ася ПАПЛАЎСКАЯ

Уладзімір Содаль харошы чалавек.
Аднойчы на сябдзібе ТБМ яго сустрэў. Ён даведаўся, што я юрыст. і заклікаў па гэтае прачыне вывучаць Багушэвіча )
так і Багушэвіч быў юрыстам. і не абы-якім.

а Уладзімір Ільіч - шыкоўны чалавек. і суразмоўца.
:) дзякуй... так і імкнулася напісаць

пра Уладзіміра Содаля - немагчыма па-іншаму
Прачытау, як музыку.Плюс пазнавальна i вельмi патрятычна.
Толькi каб дайшло гэта да маладых.
дзякуй вам за адказ і фота

я таксама ў кушлянах не была - абавязкова наведаю!
Дзякуй за цікавае і пазнавальнае.
22 траўня ў Кушлянах - расцудоўна.
Багушэвіч мой зямляк, а на сядзібе яго ні разу не была, цудоўная нагода.
І фота вам адмысловае, да тэмы.
 
Прыгожага харошага чалавека, што прадае кніжачкі пра Багушэвіча, праганяе арганізатар (ці адміністратар). Дзень пісьменнасці ў Смаргоні, 8 верасня 2009.
Цудоўны артыкул!
Ведаю Уладзіміра Ільіча і радая, што ў яго ўсё добра.