Фаўлз “наадварот”, альбо Чаму плачуць жанчыны?

у "Літаратурнай Беларусі" за ўчора, 30 красавіка - 2 мае артыкулы.



Рэцэнзія на аповесьць "Параноя" таленавітага маладога празаіка Сяргея Календы і артыкул пра Уладзіміра Содаля, краязнаўцу, дасьледчыка жыцьця і творчасьці Францішака Багушэвіча...

Пад катам - рэцэнзія на "Параною"


Ці то ў мяне параноя, ці то сучасныя беларускія пісьменнікі пачалі занадта актыўна пісаць творы з адпаведным назовам. Апрача добра раскручанага раману “Параноя” вядомага журналіста, а цяпер і пісьменніка Віктара Марціновіча, узгадаю хаця б апавяданні з магічнай назвай за аўтарствам Насты Манцэвіч ды Сяргея Календы. Пра “Параною” апошняга і прапаную пагаварыць.

Невялікае апавяданне маладога і адначасна на дзіва сталага Сяргея Календы апублікаванае ў ягоным дэбютным зборніку прозы “Помнік атручаным людзям”, што пабачыў свет у мінулым годзе. Кніга з такой неадначначнай, шматсэнсоўнай назвай – збольшага пра маргіналаў: педафілаў, бамжоў, вычварэнцаў, вар’ятаў, злодзеяў, прастытутак (калі іх можна аднесці да маргіналаў) ды дзяўчат/жанчын, да якіх звяртаюцца няйначай, як “Б…”. Зрэшты, выбар герояў нядзіўны ды невыпадковы: сам Сяргей Календа лічыць сябе нямнога-нямала – бітнікам (так называюць паслядоўнікаў ідэяў біт-пакалення. Паводле стэрэапыту, бітнікі адмаўляюць традыцыйную мараль і агульнапрынятыя сацыяльныя каштоўнасці. Радыкалізм бітнікаў нярэдка выяўляецца ў парушэнні элементарных нормаў паводзінаў), а кніга спрэс прасякнутая духам экзістэнцыялізму (паводле філасофіі экзістэнцыялізму, каб усвядоміць сябе як “экзістэнцыю”, чалавек павінен апынуцца ў памежнай сітуацыі – напрыклад, адчуць подых смерці).

Апавяданне “Параноя”, знаходзячыся ў агульнай тэматычна-ідэйнай плоскасці з астатнімі творамі кнігі, значна адрозніваецца ад іх. Не толькі формай (апавяданне ў апавяданні), але і глыбінёй ды сур’ёзнасцю праблем, пастаўленых маладым празаікам. Спынюся на кожнай з іх асобна.

Педафілія, што так ці іначай з’яўляецца ў многіх творах Сяргей Календы, у “Параноі” выкліканая не столькі сэксуальным жаданнем авалодаць маладым некранутым целам, колькі ўзвышаючым сябе ў сваіх жа вачох пачуццём улады, а таксама імкненнем мець побач блізкага чалавека, якому можна давяраць: “…ён мог гадзінамі сядзець, утаропіўшыся ў адно з нябачных акенцаў, назіраючы рэаліці-шоў амаль у сваёй хаце! Часам ён засынаў за гэтым заняткам, але часцей за ўсё ён ананіраваў як вар’ят. У дзень даходзіла да дзесяці разоў, яму неабавязкова было, каб яго наложніца была голая або сядзела на ўнітазе. Яму нават было дастаткова і адной думкі, што ён распараджаецца жывой душой, што ў яго руках бязмежная ўлада, што ён можа рабіць з ёй усё, што захоча, а калі ён загіне, то яна памрэ ад голаду. Улада давала яму волю”; “Яго мэтай быў не гвалт, але заваёва даверу гэтай пакуль яшчэ дзікай і падахлівай “лані”.

Ахвярай безыменнага “мужыка”, героя апавядання Франка (маладога спецыяліста ў сферы PR, які яшчэ і прозу піша), галоўнага героя “Параноі”, становіцца семікласніца (таксама без імя. Мяркую, Сяргей Календа наўмысна надаў героям Франка безасабовасці, не выпісаў характары, не акрэсліў асабістыя якасці, каб падкрэсліць тыповасць праблем, што ўздымаюцца ў творы).

Гаварыць пра інтэртэкст не даводзіцца, хоць і вельмі хочацца. Ды пры жаданні – можна было б. Але… Фаўлзаўская сітуацыя затачэння адзінокім, закамплексаваным мужчынам дзяўчыны ў сваім доме абраная Сяргеем Календай не таму, што яму хацелася, каб чытачы ды крытыкі вынайшлі ў творы інтэртэкст (зрэшты, што тут шукаць? Тут ўсё на паверхні) ды назвалі апавяданне постмадэрністычным (айчынныя крытыкі могуць пры жаданні), а проста таму, што сітуацыя гвалтоўнага абмежавання свабоды ідэальна пасуе для ўзняцця ды раскрыцця праблем, што аўтар уклаў у твор. Такой бачыцца сітуацыя мне.

І ўсё ж правядзення пэўных паралеляў паміж “Паранояй” ды раманам Джона Фаўлза “Калекцыянер” пазбегнуць не атрымаецца. І ў “Калекцыянеры”, і ў “Параноі” матывацыяй учынкаў героя (героя героя – у “Параноі”. Змушаная акцэнтаваць вашую ўвагу на гэтым, каб не блытаць) служыць не гвалт, а менавіта прыручэнне ахвяры. І фаўлзаўскаму Фрэду-Калібану, і календаўска-франкаўскаму “мужыку” хочацца душэўнай спагады і разумення. Іншае пытанне – чаму менавіта такі шлях абіраюць героі? Чаму затачэнне?..

Але гэта – да наступнай праблемы, узнятай у “Параноі”: асаблівасці мужчынскай і жаночай псіхалогіі, а таксама змены, што адбываюцца ў псіхіцы ахвяры цягам затачэння. У Фаўлза Міранда – моцная, сфарміраваўшаяся асоба, са стрыжнем і склаўшымся светабачаннем. У календаўскага Франка ж - семікласніца, горкае дзіця: “Яе жыццё спынілася на дзіцячых кніжках і казках. Яна дагэтуль не разумела маштабу ўсёй яе асабістай трагедыі, магчыма, гэта было і добра. Для яе добра. Блажэнныя не ведаюць зла…” Памятаем фінал рамана Фаўлза: Міранда захворвае і памірае. У “Параноі” усё па-іншаму: дзяўчына (дарэчы, “гаспадар” усё ж авалодаў ёй – нарадзіўся хлопчык) збягае ад свайго “мужа”. Яго арыштоўваюць. Але (нечаканы паварот падзеяў) яна, раптоўна адчуўшы правільнасць учынкаў свайго мужчыны ды ўласную дурасць, забірае заяву і адмаўляецца ад паказанняў: “Яна была шчаслівая, нарэшце здабыла спакой і каханне, проста раней з-за сваіх дзіцячых мрояў лічыла, што ён гнюсны чалавек, але аказалася, што яна проста нічога не разумее ў жыцці, седзячы ў адным пакоі гадамі, вось і не разгледзела свайго прынца на белым кані!”

Навідавоку так званы “стакгольмскі сіндром” – сувязь паміж ахвярай і агрэсарам, пры якой першая спачувае гвалтаўніку, апраўдвае яго. У гісторыі ёсць выпадак, калі жанчына, якая стала ахвярай мужчыны-рабаўніка, пасля выйшла за яго замуж…

Яшчэ адна праблема, якую падымае ў “Параноі” Сяргей Календа - гвалт у сям’і і як вынік - маўклівае служэнне жанчыны мужчыне (прычым часта - добраахвотнае): “Яна ведала, што ў хаце яе чакае адплата, але, значыць, так трэба. Трэба менавіта так, як сказаў ён! І так жывуць амаль усе жанчыны. Яна ішла, ледзьве паспяваючы за ім, і думала, думала, як магла, як большасць такіх, як яна, якія не бачаць белага свету ды прабачаюць сваім мужчынам усё: і збіццё, і зачыненыя дзверы, і недахоп адукацыі. Яна ішла і думала на столькі, на колькі дазваляў ёй мужчына”. Спрадвечанае беларускае (пакорліва-жаночае?) “значыць, так трэба”… Але – каму тое трэба?..

Калі выйсці з апавядання ў апавяданні ды павесці гаворку аб галоўным героі-пісьменніку Франку, то тут мне бачыцца вельмі актуальная ўва ўсе часы праблема адзіноты творчай асобы, што спараджае цэлы спектр наступстваў (ад яе пакутуе як сам Франк, так і герой, выпісаны Франкам). У пакутніку Франку мне бачыцца сам Сяргей Календа (недарма ж Календа, які піша пра маргіналаў, і героем свайго Франка робіць маргіналам. Ды й сам Франк, зрэшты, таксама маргінал…)

Разынкай апавядання сталася параноя Франка: у навінах ён бачыў-чытаў пра тыя страшэнныя здарэнні (тэрарыстычны захоп крамы, знікненне дзяўчынкі чатырнаццаці гадоў), пра якія пісаў раней у сваіх апавяданнях. Ці то так сапраўды было, ці то яму падавалася: дэжавю, параноя. Калі Франк скончыў пісаць аповесць, пра якую вядзецца гаворка вышэй, ён пайшоў у бар. Там сустрэў мужчыну, які… распавёў яму гісторыю, што “супадала з ягонай гісторыяй на паперы, з ягонай гісторыяй, якая ляжала зараз у рэдактара, ды ў хаце на кампутары…

Што робіць Франк? Напэўна, тое, што зрабіў бы любы на ягоным месцы: бяжыць дадому ды піша канец свайго жыцця. Яму – можна прыдумаць свой далейшы лёс, “свой капут”…

“Параноя” Сяргея Календы, бадай, самае моцнае апавяданне кнігі “Помнік атручаным людзям”. У ім ёсць тое, пра што баяцца пісаць маладыя аўтары: шэраг актуальных і складаных псіхалагічных праблемаў, якія сёння, у часы глабалізацыі, датычацца многіх з нас. Твор мае прадуманую стройную кампазіцыю (апавяданне ў апавяданні вельмі граматна ўведзена ў тэкст), глыбіню і завершанасць. Сяргей Календа – думаючы малады творца, які піша для такіх жа, як ён: разумных людзей, якія імкнуцца перастварыць рэчаіснасць. Так, як ім (нам) яна бачыцца.

 

Ася ПАПЛАЎСКАЯ

  • Current Mood: good good
Теги:
Спадабалася Ваша рэцэнзія на "Параною". Добра, калі аўтар такі ж цікавы, як рэцэнзія.
Сябе, сябе і яшчэ раз сябе.
Ну і з сучаснай літаратуры что-небудзь лепшае, на твой позірк. :-)
"шэраг актуальных і складаных псіхалагічных праблемаў, якія сёння, у часы глабалізацыі, датычацца многіх з нас."
Ася таки знайшла чорнага ката у чорным пакои ды яшчэ з завязаными вачыма:)
Падобнай литаратуры - навалам у Сециве. Тут яна дауно мае сваю дакладную назву - Чарнуха... Кажучы па-праудзе, асабиста я Чарнуху да литаратуры аднесци не адважваюся. Писаць так, каб субяседника ванитавала, згодзен, ня проста. Трэба ж самому утрымацца...
Вядома.
Двойчы. Першы раз - адразу усю, як атрымау, потым - па адным два апавяданни, нешта перачытвау.
Паранойя... Выбачайце, што Вы тут пабачыли новага? Усё гэта было - и было паказана з сапрауды психалагичнай глыбиней, раскрыццём унутранай силы учынкау,ды яшчэ з нечаканым паваротам сюжэту.
"Маучанне ягнят" - ничога Вам не кажа? Гэта я узгадау тольки адно. Ничога адсюль Календа не узяу?

Раней я выказвауся, што книга Сяргея Календы практычна не рыхтавалася да друку. То бок - не вычытана. Там стольки ляпау... Мала таго, некаторыя моманты паказваюць элементарную недасведчанасць аутара аб рэальным жыцци. Ну, напрыклад, урач идзе да бабци купляць самагонку... У тыя часы якраз сами урачы спиртам медыцынским гандлявали :)
Вядома, на мяне можна сказаць, што я прыдзираюся да дробязяу и не бачу таленту. Не, адмовиць Календу у таленце я не магу. Але... Узняцца на чарнусе...
Зрэшты, не мне вырашаць, каго вам, литкрытыкам, уздымаць.
:) дзякуй за меркаваньне
дарэчы, зьбіраюся спынам па Беларусі паезьдзіць. думаў у траўні-чэрвені завітаць ў Івацэвічы. вашая прапанова ў сіле? :)
Безумоуна. Буду рады бачыць. Адно - папярэдзиць дни за два не забудзьце)