Знаёмьцеся: полацкая мастачка Тацьцяна Козік!

У 39-ым нумары "Дзеяслова" было апублікаванае маё інтэрв'ю з мастачкай Тацьцянай Козік, жонкай паэта і выдаўца Алеся Аркуша.

Паколькі на сайце няма прац Тацьцяны, а яны, безумоўна, вартыя вашай увагі, публікую тэкст, а таксама фотаздымкі яе работ.

“І цела за душой ляцела...”

У Нямеччыне з посьпехам прайшла выстава мастака, дызайнера Тацяны Козік. Там было “ўсяго патроху”, як яна сказала: і габелены, і батык, і жывапіс… І, вядома, знакамітая лінія вопраткі з ільну і бурштыну.

 

З Тацянай мы сустрэліся ва ўтульнай менскай кавярні й пагаварылі пра жыцьцё, мастацтва, літаратуру... 

— Вы нарадзіліся ў Магілёўскай вобласьці, а зараз жывяце й працуеце ў Полацку. Раскажыце, як жыцьцё вас прывяло ў найстаражытнейшы горад Беларусі?

— Нарадзілася я, сапраўды, на Магілёўшчыне, але ж вучылася ў Менску, у рэспубліканскай мастацкай школе. У часы майго навучаньня там не выкладалі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Але я зрабіла дзьве дыпломныя працы, адна з іх была габелен, а другая – жывапіс. Гэта быў адзіны такі выпадак на той час у гісторыі школы. Пасьля скончыла Віцебскі тэкстыльны універсітэт і па разьмеркаваньні паехала ў Полацк.

— Як надалей складвалася вашая творчая кар’ера?

— Яшчэ да сканчэньня універсітэту мы з Алесем Аркушам, які ў той час ужо жыў на Полаччыне, пабраліся шлюбам. Таму пытаньне, дзе жыць, было вырашана лёсам...

А творчая кар’ера пачыналася вельмі добра. Можна сказаць, проста супер. Я ўпершыню з усіх выпускнікоў універсітэту была разьмеркаваная ў мастацкія майстэрні. У той час там былі вельмі добрыя заказы творчых працаў. Першы мой заказ быў – 20 квадратных метраў габелену. Я пасьпела нарадзіць дзіця й зрабіць габелен за год… Потым былі іншыя заказы, персанальныя выставы і ўдзел у агульных выставах у Менску і іншых гарадах… Была яшчэ вялікая праца ў лагеры “Космас” ад Нафтану. Усё атрымлівалася. Я й маральна адчувала сябе вельмі ўпэўнена. Зрэшты, маладым усё ўдаецца: можна зрабіць тое, што ня зробіш пасьля за ўсё жыцьцё. Але ж тое было ўжо даўно, амаль чвэрць стагоддзя таму…

На жаль, сітуацыя неўзабаве радыкальна зьмянілася і пайшлі перамены і станоўчыя, і адмоўныя. Пазьней ужо такіх вялікіх працаў не было. Праўда, яшчэ заказалі габелен для Белпрамбудбанку. Гэтую працу я назвала “Крылы ператворацца ў карэньні”. Я вельмі яе люблю, лічу адной з найлепшых. Габелен атрымаўся, з яго пачаўся новы этап маёй творчасьці.
 
— Ці ведаеце вы лёс сваіх працаў?

— Лёс першай працы я, на жаль, ня ведаю. Перакупіўся будынак, зьмянілася кантора, і дзе мой габелен цяпер, невядома. У іншых мастакоў таго часу манументальныя працы, на жаль, папросту зьніклі. І зараз іх ніхто ня можа знайсьці. Гэта боль кожнага мастака, бо заказы таго часу былі вельмі сур’ёзныя, а, адпаведна, выкананыя на вельмі высокім узроўні.

— Якая плынь ці плыні ў мастацтве найбольш блізкія вам?

— Я не вылучаю для сябе нейкія плыні, бо найперш я — мастак дэкаратыўна-прыкладнога накірунку. Але я вельмі люблю жывапіс і сама, як магу, ім займаюся: для душы патрэбнае ўсё. Сёньня ты тчэш, заўтра прыдумляеш адзеньне, пішаш алеем… Каб ткаць, патрэбныя новыя каларыты, новыя настроі. І вядома, час.

— Ці ёсьць у вас духоўныя настаўнікі, любімыя мастакі?

— (Задумалася) З маладосьці я вельмі люблю Чурлёніса, бо гэта і музыка, і вельмі цікавае мастацтва. У жывапісе мне падабаецца Барысаў-Мусатаў, Урубель, Тулуз Латрэк… Па шчырасьці, шмат каго любіла й люблю, не аддаючы перавагі нейкаму аднаму мастаку.

А настаўнікам у габелене ды проста па жыцьці была Ларыса Скрыпнічэнка. Яна перадала мне творчыя таямніцы габелену. Я дапамагала ёй выконваць вялікі заказ для кавярні “На ростанях”, якая раней была на плошчы Якуба Коласа. І, нягледзячы на тое, што я толькі-толькі скончыла мастацкую школу, у нас склаўся шчыльны творчы тандэм. Я дапамагала ёй і адначасова многаму вучылася. Гэтыя адносіны былі сапраўды вялікай школай жыцьця.

— У якой тэхніцы вы любіце працаваць найбольш: батык, габелен ці пісаць алеем?

— Я ў першую чаргу габеленшчык. Душа адпачывае, калі я тку. Але сёньня досыць складана гэтым займацца, бо гэтая праца патрабуе вельмі шмат часу і матэрыяльных выдаткаў. Калі ты дома, то можна дазволіць сабе вязаць, рабіць стыльныя ільняныя рэчы.

А жывапіс… Гэта хутчэй аматарства. Я не ўспрымаю яго вельмі сур’ёзна.
 

  



 
— Дзе вам лепей за ўсё працуецца: дома ці на прыродзе, у Беларусі ці за яе межамі?

— За межамі я не працавала, бо мяне туды ніхто не запрашаў (сьмяецца). Мне лепей за ўсё ў сваёй майстэрні ў Полацку.

Акрамя таго, што вы робіце габелены, батык, вы яшчэ займаецеся дызайнам вопраткі...

— Гэта прыйшло да мяне па спадчыне: мая хросная маці вельмі добра вязала. Усё, што засталося ад яе, я пастаралася сабраць. Аднойчы мне ў рукі трапіў бабулін вясельны фартух. Ён быў вельмі цікавы: у дзірачкі, праз якія працягваліся стужачкі. І мяне ён так уразіў… Глядзела на яго й думала: “Як бы гэта мне зрабіць нешта падобнае?..”

І тут мне выпадкова трапіўся лён, з якога я пачала рабіць вось такія рэчы, як на мне зараз (Тацяна была ў зьвязанай уласнаруч шыкоўнай ільняной накідцы-сетцы. Праўду гавораць: “Сапраўды якасная тая рэч, якую будзе насіць яе стваральнік…” — А.П.). Зьвязала год дзесяць таму, але, па-мойму, яна й зараз вельмі файна выглядае, праўда?.. (сьмяецца). Вось так я пачала рабіць вопратку. Зараз ужо трэба было б спыніцца, але ж не спыніць ужо…

 
— Навошта ж спыняцца?

— Бо гэта займае вельмі шмат часу. Ды й збываць няма куды. З аднаго боку, прадаваць шкада, але ж, з іншага, трэба жыць...

— Чаму такая праблема са збытам ручной працы?

— Мабыць, таму, што я жыву ў правінцыі, ці таму, што няма каму прапанаваць… А, можа, выстаўляюцца такія рэчы, якія ня хочуць набываць?.. Нават за тыя грошы, што просіш. Я рабіла ў Наваполацку выставу “Бурштын і лён. Роздум каля вялікай вады”, дзе выстаўляла ўсё адразу. Выстава прагучала, і на гэтым усё скончылася, як, зрэшты, і іншыя мастацкія выставы.
 
У нас няма мастацкага рынку. Людзі лепей сходзяць на кірмаш і нешта набудуць, напрыклад, вопратку ў тры разы даражэй. Ці, мо, проста ня ведаюць, што такія паказы ёсьць?..

— Якой метафарай вы маглі б абазначыць сваю творчасьць?

— Сімвалам маёй творчасьці зьяўляецца птушка. І тут магу працытаваць верш Алеся Аркуша: “Над лесам птушкі праляцелі, яны пасьпець кудысь хацелі. У кожнай ёсьць душа і цела, і цела за душой ляцела”.

Тут на дапамогу прыйшоў муж Тацяны, паэт Алесь Аркуш:

— Удумлівая, прасьветленая пачуцьцёвасьць. Гэта калі чалавек азіраецца на мінулае, каб сабраць імгненьні сапраўднага, вартага, важнага для яго, пераплаўляючы гэта ў вясёлку пачуцьцяў: сум, спагаду, радасьць, надзею...

— Распавядзіце пра выставу ў Нямеччыне.

— Я ўпершыню была ў гэтай краіне. Выстава прайшла ў невялікім гарадку на зямлі Ніжняя Саксонія. Арганізатары выставы падрыхтавалі для нас адмысловую праграму. Мы наведвалі майстэрні нямецкіх тамтэйшых мастачак. Знаёміліся з горадам і яго ваколіцай. Мне было вельмі цікава прыняць удзел у майстар-класе, які адбываўся ў майстэрні Брунхільды Ахрэнс. Кожная з нас, удзельніц праекту, прадстаўляла сваю творчасьць. Была прыемная, сяброўская, творчая атмасфера. Керамістка з Віцебску Сьвятлана Кацуба знаёміла з таямніцамі сваёй тэхнікі. У сувязі з тым, што габелен немагчыма зрабіць за адзін дзень, ды і не было адпаведных умоваў, я абрала жывапіс. Мяне ўразіў узровень і высокая мастацкая якасьць твораў габеленшчыцы Ханеке ван Спайндонк. Хочацца адзначыць дабразычлівасьць і адкрытасьць мастакоў з Нямеччыны. У экспазіцыі нашай выставы былі габелены, батык, аўтарскія мадэлі адзеньня з лёну, вырабы з металу і керамікі і творы, якія мы выканалі падчас майстр-класу.

— Як у творчага чалавека, у вас, пэўна ж, ёсьць пэўныя амбіцыі. Ці задаволеныя вы сваім творчым лёсам?

— Лічу, што 10 адсоткаў маёй энергіі і здольнасьцяў выкарыстаныя. А астатнія 90… Тыя, хто вучыўся са мной, магчыма, скажуць, што мой творчы лёс склаўся вельмі ўдала. Але ў нашай краіне “творчы лёс” — выраз складаны й неадназначны. На жаль.

— Ці не падаецца вам, што сучаснае беларускае мастацтва ня дужа папулярнае. Я кажу найперш пра моладзь. Чаму так адбываецца: нестае рэкламы, цікавых мастакоў, новых тэмаў творчасьці?..

— Моладзь цікавіцца мастацтвам, але ж яна не адукаваная. Я кажу, зразумела, не пра ўсіх маладых людзей. Цяпер мастацтва ўспрымаецца з пункту гледжаньня прыгожа/непрыгожа. Ёсьць, ну й добра. У большай часткі моладзі няма духоўнай запатрабаванасьці сутыкацца, “спажываць”, у лепшым сэньсе гэтага слова, мастацтва.

— Як вы можаце ацаніць стан сучаснай беларускай мастацкай крытыкі?

— Я лічу, што яе амаль няма. Але, магчыма, я й памыляюся… Тое, што ёсьць, не трапляе папросту да чалавека. Дзе ў нас публікуецца мастацкая крытыка? Часопіс “Мастацтва”, фактычна і ўсё… Прычым там, як мне падаецца, канкрэтныя журналісты, крытыкі працуюць з канкрэтнымі мастакамі. Усё лагічна: крытыкі мала, бо, як я ўжо казала, мастацтва не зьяўляецца сёньня нашай агульнай зацікаўленасьцю.

— Як вы думаеце, што зьяўляецца асноўным складнікам пасьпяховасьці мастака: нейкія ўнутраныя фактары ці зьнешнія: той жа піяр, артыкулы ў СМІ, што носяць няхай і схаваны, але ж рэкламны характар?..

— Гэта, канешне, мае вялікая значэньне: любая рэклама працуе на мастака. Але ўнутраныя фактары, упэўненасьць у сабе, “прабіўныя” здольнасьці мастака, так бы мовіць, унутраны піяр, усё ж, найбольш спрыяе пасьпяховасьці…

— Што вы разумееце пад унутраным піярам?

Я б гэта абазначыла проста: асабістая зацікаўленасьць, накіранаванасьць на посьпех.

— Існуе меркаваньне, што ў нас дзейнічае схема “мастацтва дзеля мастацтва”: творцы абслугоўваюць сваё вузкае кола, крытыкуюць адно аднога… Адны лічаць, што неабходны выхад на масавую аўдыторыю , іншыя перакананыя, што дастаткова вузкага кола “разумеючай”, так бы мовіць, інтэлігенцыі…

— А як ты выйдзеш на таго чалавека? Куды ты яго зацягнеш? Ці будзеш рабіць свае творы, каб ён зразумеў? Тады гэта не мастацтва. Мастацтва дзеля мастацтва было заўсёды. Яно ніколі не было для народу. І ня будзе.
Сітуацыя зьменіцца, калі будзе сур’ёзная дзяржаўная зацікаўленасьць у сучасным мастацтве. Менавіта сур’ёзная, а не такая непрафесійная і няўклюдная, хутчэй паказушная, дзеля “птушачкі”, якая ёсьць сёньня. А калі няма, то няма…

— Ніколі не ўзьнікала жаданьня спыніцца, не тварыць?..

— Немастацкага жыцьця ў мяне быць ня можа, бо я іншай ужо не магу быць. На жаль, не магу. На жаль. Бо, мяркую, у гэтым выпадку маральна я адчувала б сябе лепей. Можна было б займацца дызайнам...

Адна з маіх вучаніц цяпер жыве ў Парыжы. Яна нарэшце знайшла цудоўную працу і прысылае мне фотаздымкі сваіх малюнкаў. А пасьля ўсё гэта выкарыстоўвае ў праектах інтэр’ераў. Я за яе вельмі рада, бо недарэмна ўпіхнула ў гэтае творчае жыцьцё, цяжкое, але якое нарэшце прынясло вялікую радасьць.

— У вас шмат вучняў?

— Шмат. Калі я яшчэ вучылася ва універсітэце, я вяла студыі. Дзіцячую і дарослую. У дарослую хадзілі тыя, хто зьбіраўся паступаць ва універсітэт. І паступалі амаль усе. Хто стаў архітэктарам, хто – мастаком дызайну вопраткі… Пасьля займалася з тымі, хто зьвяртаўся да мяне. І таксама ўсе паступалі. Ну ня з першага, дык з другога разу, з маёй лёгкай рукі… Дзякуй Богу, што вучні ёсьць, бо, значыць, не дарэмна гэтым займаюся. Спадзяюся, іхні лёс будзе лепшы за мой…

— У вашага малодшага сына Данілы (яму зараз сёмы год – А.П.) творчыя задаткі не праглядаюцца?

— Калі жывеш у творчым асяродку, то заўсёды гэтым цікавішся і гэта бачна. Я вельмі рада, што мой старэйшы сын ня выбраў наш шлях (ён вучыцца на праграміста. – А.П.). Чаму? Таму што гэта вельмі цяжка, ня кожны можа вытрымаць. У многіх з тых, хто вучыўся разам са мной, лёс склаўся вельмі трагічна. Мастацтва — ня проста навучыцца нешта рабіць і мець сталы заробак, тут патрэбнае й маральнае сталае стаўленьне да ўсяго.

Малодшага я нічому не вучу. Калі ён захоча навучыцца, можа быць. Але яму ўсё цікава, ён разумее, што гэта прыгожа. Нават калі быў зусім маленькім, падыходзіў, калі я працавала, і казаў: “Матуля, добра”, — і сыходзіў. Ён мне не перашкаджаў. А зараз я стараюся нічога не планаваць.

— Вы верыце ў лёс?

— Так, вядома. Я веру, што з намі будзе тое, што нам наканавана...

— Але ж, кожны сам каваль свайго шчасьця, хіба ня так? Мабыць, можна зьмяніць тое, што, быццам бы, наканавана?..

Гледзячы на малодшага сына, я думаю: калі Бог яго нам даў, то, пэўна ж, для нейкай канкрэтнай справы. А гледзячы на сваё жыцьцё… Я шмат чаго рабіла сама, але апошнім часам разумею, што нікуды ад лёсу не падзенешся. Як ёсьць, так і ёсьць. Шмат чаго не атрымліваецца з таго, што робіш, па невытлумачальнай прычыне, бо вельмі стараешся, відаць, так патрэбна. Трэба вытрымліваць тое, што табе дадзена лёсам. У любым выпадку.

— Выпадак іграе важную ролю ў жыцьці чалавека?

— Канешне. Але ён павінен быць, зноў жа, відаць, дадзены лёсам. Маё жыцьцё адпачатку залежала ад выпадку. За два дні да паступленьня ў інстытут я яшчэ ня ведала, што буду здаваць іспыты. Але выпадкова нехта паклаў мне паперку з тэлефонамі, я выпадкова патэлефанавала і вырашыла: ну што ж… У той час я займалася альпінізмам і працавала мастаком-афармляльнікам. Цягацца ж па гарах ня будзеш бясконца, прыйшоў час стаць самім сабой. Такім чынам, дзякуючы выпадку, паступіла ва універсітэт, дзе была вельмі шчасьлівая ўсе гады. Я задаволеная, што так атрымалася. Не пашкадавала ні разу.

— Як вы пазнаёміліся з Алесем Аркушам?

— Мы пазнаёміліся выпадкова, у літаратуным аб’яднаньні “Крыніца” ў Наваполацку. Я прыйшла туды госьцем, адразу яго ўбачыла й падумала: “Які цікавы малады чалавек!..” Я ўсё жыцьцё марыла, каб муж быў з барадой. А ён яе акурат толькі адрасьціў. Пасьля паседжаньня Алесь падышоў і кажа: “Ці можна вас правесьці да дому?..” Мы амаль адразу ж ажаніліся, не сустракаліся практычна.

Была, праўда, адна цыдулка, пра якую мне Алесь расказаў толькі праз пяць гадоў сумеснага жыцьця. Кола пісьменьнікаў напісала: “Аркуш, ёсьць выдатная магчымасьць ажаніцца”, і кожны падпісаўся…

— Тое, што ваш муж паэт, неяк уплывае на вашую творчасьць?

— Канешне. Мы вельмі блізкія, родныя душы. Я з дзяцінства вельмі люблю паэзію, а калі я прачытала вершы Аркуша, закахалася найперш у паэта, ну а ён… Пакахаў ці не, ня ведаю, але ж зрабіў прапанову выйсьці замуж (сьмяецца). Цудоўна, што ў мяне такі муж! Такіх людзей вельмі мала. Відаць, нехта за мяне маліўся… Ён вельмі тонкая асоба. Мабыць, і ня трэба быць такім тонкім... Уся мая творчасьць на ягонай паэзіі заснаваная. І сёньня ягоныя вершы – у маіх габеленах.

— І вашыя творы, мабыць, таксама ўплываюць на творчасьць Алеся?..

— Так. Бывае, што ён піша па маіх палотнах. Я яму расказваю, што я хацела зрабіць, сказаць, паказаць – і ён піша.

— Што з сучаснай паэзіі вам блізка?

— Я не магу сказаць, што нешта асабліва блізка… Мне вельмі падабаецца кніга паэзіі Уладзімера Арлова “Паром праз Ла-Манш”, люблю свайго Аркуша, усё, што ў яго ёсьць… Сыс, вядома, вельмі цікавы. Быў, ёсьць і будзе.

Ася ПАПЛАЎСКАЯ

Болей инфармацыі пра Тацьцяну Козік - у ЖЖ Алеся Аркуша
  • Current Mood: busy busy
дзякуй :)

цудоўны рушнік! заўсёды захаплялася людзьмі, якія ўмеюць рабіць такую прыгажосьць.

хаваць пад кат нескладана. трэба зайсьці ў рэдагаваньні запісу ў HTML. ёсьць два варыянты хаваньня пад кат:

1. Просты жж-кат (з “Read more”, як тут у мяне): ТЕКСТ

2. жж-кат з вашым падзагалоўкам:
ТЕКСТ

выглядае вось так: http://community.livejournal.com/suc_biel_lit/tag/Паплаўская (пост "Пераадольваючы прыступкі")

раю вам такі сайт, дзе сабраныя ўсе HTML-кады. і для фота, і для тэкста, і для шрыфта. вельмі карысная штука! http://htmlka.com/