вельмі цікавы артыкул пра моўную сітуацыю

УРОКІ БЕЛАРУСКАЙ

Школьнiцай я была перакананая, што мова будучынi — англiйская. Выключна. Вучылася ў школе, дзе ўрокi англiйскай былi штодня, цi па некалькi на дзень, цi нават цэлы дзень мог быць прысвечаны працы са слоўнiкам. Я шчыравала, бо была ўпэўненая ў тым, што гэтая мова мне дакладна спатрэбiцца ў свеце, якi на вачах станавiўся больш адкрыты.

Праўда, беларуская ў нас таксама была — лiтаратура i мова. Раз на тыдзень. І не з першага класа, у адрозненне ад рускай. Успрымалiся гэтыя ўрокi, хутчэй, як дадатковыя. I калi па рускай нас ганялi больш, то ўрокi беларускай былi больш лiберальныя. Настаўнiца была добрая, яна цанiла ўжо тое, калi нейкi лiтаратурны твор ты мог пераказаць на мове арыгiнала, не карыстаючыя iншамоўнымi словамi. Сапраўды, гэта было для нас дасягненне! Аднак з тых часоў я запомнiла пра беларускую мову галоўнае: яна простая насамрэч, бо як чуецца, так i пiшацца. Гэтага было дастаткова, каб атрымаць добрыя адзнакi ў атэстат i не "замарочвацца". Але калi б мне хто-небудзь тады сказаў, што я гэтай мовай буду карыстацца, я падумала б, што гэта чалавек з iншага свету.

Прайшло больш за 20 гадоў. За гэты час мне нi разу не выпаў момант, калi б я магла б блiснуць ведамi англiйскай, калi яна мне сапраўды была патрэбная. Iшоў год за годам i яна забывалася. I цяпер я нават не наважуся прызнацца, што калiсьцi яе вучыла: каб не сорамна было за граматыку ды маўленне. Дзiўнасць сiтуацыi ў тым, што з беларускай iсную штодня. I гэта аказалася зусiм не складана! I нечакана перспектыўна: гэтая мова мне дае магчымасць зарабляць на жыццё (у беларускай газеце!). У беларускай (як аказалася!) мне бывае прасцей знайсцi трапнае слоўца, як не скажаш больш нi ў якой мове. I нават не столькi ў самой беларускай, колькi ў адным з яе варыянтаў, якi ёсць на Палессi.

Там жывуць мае бацькi. I нам з сястрой з дзяцiнства было прыкольна слухаць, як тата з мамай "говорат" памiж сабой. Не, яны старалiся трымаць марку гарадскiх жыхароў з намi. Але калi ехалi, напрыклад, у госцi ў вёску, то тут уся паляшуцкая сутнасць лiлася сама сабою. Мы не навучылiся размаўляць так, як яны, хоць гэтыя словы i маўленне часам просяцца ў нейкiх надзвычай эмацыйных сiтуацыях. I ў некаторыя моманты я магу сказаць так, як сказала б зараз мая мама — гэта падаецца найбольш натуральным. Цяпер з бабулiнага "пойдэм поемо?" кпiць яе расiйская ўнучка. Па-добраму, бо сама прызнаецца, што пасля летнiх канiкулаў бывае, што можа нешта падобнае выдаць перад сяброўкамi ў школе.

Я нiколi не казала бацькам, як мне насамрэч падабаецца iх гаворка. I вельмi шкадую, што не магу вытрымаць на ёй цэлую размову з мамай. Цi камплексую, што не магу?!. Бо нашымi настаўнiкамi становяцца людзi збоку, а свае — гэта ж i так свае, што тут вучыцца?.. Не зразумееш, што трэба, пакуль не пачнеш турбавацца i перажываць за iх, не ведаючы, якiмi словамi, больш зразумелымi для родных людзей, прызнацца, як насамрэч любiш iх. Можа нашы тэлефонныя размовы па-паляшуцку дазволiлi б мацi не адчуваць адлегласцi памiж намi. I мы б сталi больш блiзкiмi нават праз кiламетры — усё адно што ў адной хаце. Можа гэта яшчэ справа часу, якi ў мяне ёсць, каб аднавiць тое, што сядзiць глыбока i вырываецца падсвядома. Бо сябе не перанародзiш iншым чалавекам.

Здаецца, што моўную сiтуацыю менавiта таму i немагчыма вымяраць лiчбамi: сёння ты свядома лiчыш так, а заўтра ў табе перамагае тое самае падсвядомае. Моўная сiтуацыя нават аднаго асобнага чалавека i тое мяняецца. Вядома ж, можна правесцi даследаванне, анкетаванне, апытанне i гэтак далей, каб атрымаць нейкiя звесткi, а потым у працэнтах iлюстраваць, хто i як у нас гаворыць. Але давайце шчыра прызнаемся: лiчбы пакажуць фармальны бок справы. А рэальны — наўрад цi. Бо нават на адной мове можна казаць пра тое, як ты паважаеш iншую i ў прынцыпе быў бы не супраць на ёй размаўляць, каб i ўсе так. Цi яшчэ можна без лiчбаў — па маўленнi — зразумець, што ёсць людзi, якiя гавораць зусiм не на той мове, як iм гэта ўяўляецца. Ды i без лiчбаў — прыслухаўшыся да вулiцы — можна адчуць моўную сiтуацыю i зразумець шмат i пра мiнулае краiны, i напэўна, уявiць будучыню...

ЮНЕСКА менавiта i прыслухалася... Да краiн, якiя непакоiлiся захаваннем сваiх моў. У прыватнасцi — Бангладэш прапанавала ўсталяваць такое свята. Імкненне Бангладэш стаць незалежнай ад Пакiстана было абумоўлена ў тым лiку змаганнем за сваю мову бангла. Бо мова — гэта сiмвал краiны.

Цi "прыстанак быцця", як азначыў фiлосаф Хайдэгер. А быццё ў розных краiн бывае зусiм рознае. Як рознае ўспрыманне нейкiх рэчаў, з'яў у розных народаў. Мяняецца наша мова — значыць мяняецца i мысленне, нейкая спрадвечная сутнасць. Мяняецца народ. А мы ўпэўненыя ў тым, што хочам мяняцца? Хочам ламаць свой менталiтэт, каштоўнасцi, традыцыi? Кожны адказвае на гэтыя пытаннi для сябе i за сябе. Кожны выбiрае.

А выбар народа складаецца з безлiчы выбараў асобных. Таму i кожная iнiцыятыва падтрымкi нашай беларускай адметнасцi, адметнасцi краiны становiцца справай асобаў, якiя выбралi. Хтосьцi вырашыў, што ў беларускiм метро пiсаць рэкламу трэба па-беларуску. Хтосьцi выбраў трапнае наша слоўца для назвы крамы. Цi папярэджваць пра шкоду цыгарэт — можа толькi так i звернеш ўвагу на гэтыя папярэджаннi! Хтосьцi жывiць беларускую мову тым, што стварае на ёй вершы.

А свет сапраўды мяняецца. У iм каля 6000 моў, якiя пакуль жывуць. Хоць ёсць папярэджаннi аб небяспецы для паловы з iх. У тым лiку для беларускай. У гэтыя папярэджаннi лёгка паверыць, калi знаходзiшся на вулiцы. Але чамусьцi я пра iх зусiм не думаю на працы i дома — там, дзе ўсё залежыць толькi ад мяне самой.

Дык якая ж мая сапраўдная моўная сiтуацыя?

Ларыса Цімошык

  • Current Mood: creative creative
Не совсем типичный случай, скажем так. Всегда жалел, что в советской школе не учили иностранному языку, пришлось изучать на курсах и самостоятельно, и дня не проходит, чтобы не пользовался английским или немецким.
Ни разу в жизни не был в ситуации, когда бы понадобилось знание белорусского языка, на работе или в быту, за исключением желания почитать на нем что-нибудь.
беларуская мова ня робіць жыцьцё прасьцейшым - вельмі разумная думка, якую я пачула ад сваёй выкладчыцы...
другой бы на месте автора постеснялся так открыто признаваться, что ему не нужен английский язык, это очень о многом говорит ))))
Ларыса Цімошык вельмі часта бывае за мяжой - у Еўрапейскіх краінах... для самой было гэта неспадзяванкай, што яна не карыстаецца ангельскай
Либо пишет неправду в статье, либо использует за рубежом язык жестов )))