“Каб бачыць дзівосы – трэба самому быць дзівам” (за кубкам гарбаты з Валерыяй Куставай)

Радзіся
і стань радзімай
думак маіх.


З верша Пётры Рудкоўскага, прысвечанага В.Куставай

— Паэзія дапамагае табе жыць?

— Я не магу іначай, не магу не пісаць. Але раблю гэта надзвычай нерэгулярна, што мяне, зрэшты, абсалютна задавальняе. Як чытач таксама не магу сябе ўявіць без добрай порцыі якаснай літаратуры штодня. Паэзія перастварае чалавека, асабліва пакуль ён малады. І не толькі самога паэта, але і чытача. Здараецца, што літаратурны твор альбо яго стваральнік узрушае настолькі, што жыццё перакульваецца.

— Для чаго ты жывеш?

— Каб любіць і рабіць сваю справу. Дый само жыццё вартае таго, каб яго жыць. З усім, што ў ім ёсць.



Якімі прынцыпамі кіруешся па жыцці?

— Каб бачыць дзівосы – трэба самому быць дзівам. Увогуле, жыву так, як на душу ляжа. Але з розумам. Часам гэта залежыць ад таго, чыя кроў зайграе – ува мне шмат рознай намяшана. Але ёсць рэчы ад якіх не адступлюся. Жыву з прыемнасцю і вельмі люблю, калі людзям побач са мной утульна. Таксама люблю весяліць і радаваць сваіх блізкіх сяброў і родных. Мне гэта прыносіць вялікае задавальненне.

— Што для цябе самае страшнае?

— Самае страшнае, што чалавек можа ператрываць, вытрымаць УСЁ. Але у яго сілах і ўсё змяніць: нямогласць, непатрэбнасць, адчужанасць – перадусім змяніўшы стаўлення да сітуацыі, якая яго не задавальняе. І, безумоўна, дзейнічаць, рушыць, ствараць!..

— Кажуць, што калі чалавек змяняе імя, то разам з ім мяняецца і лёс. Валярына – гэта імя для сцэны ці для жыцця?

— Валярына – гэта маё сцэнічнае імя, так бы мовіць, шырока вядомае ў вузкіх колах. Гэта хутчэй вобраз. Так мяне пачалі называць спачатку мае сябры ад 15 гадоў, а потым і шмат хто яшчэ. Так мяне называў мой дэкан, навуковы кіраўнік. Было весела, калі мне ўручалі ганаровы дыплом ва ўніверсітэце (афіцыйны дакумент, здавалася б) і пазначылі неафіцыйнае імя. Яго прыдумаў мне мовазнаўца Генадзь Тумаш. Я люблю гэтае імя, бо нікога ў свеце так не завуць, апрача мяне. Але і маё пашпартае імя, якое даў мне тата, рэдкае і прыгожае, я яго таксама вельмі люблю. Друкую кнігі пад ім. А Валярына – гэта як код (яно самадастатковае нават без прозвішча). Калі мяне так называюць за мяжой ці зусім незнаёмыя людзі - я ўжо дакладна знаю, што мае суразмоўцы ведаюць пра мяне штосьці большае за імя.

— А як цябе бацькі называюць, сябры, калегі?

— І бацькі, і сябры ў залежнасці ад настрою называюць па-рознаму: Валерушка, Валерачка, Валярынка, Валярыначка і г.д. Мама часам у жарт на французскі лад мяне называе. А калі справа сур’ёзная і адказная, то ўжываюць поўную форму імя. Хтосьці прыдумляе дзіўныя формы майго імя.

— Так, я цябе называю Валяруша... Валяруша, ты называеш сябе паэтам, а не паэткай. Чаму?

— У мяне, памятаю, быў нават рэйтынг заняпаду: спачатку паэт, пасля – паэтка, а потым... зусім паэтэса (жартаўліва). Бывае, што мужчына, але паэтка. А бывае, дзеўка, але паэт. Палова маіх калег мужчынскага полу пытаюцца: чаму паэт, у цябе ж такія насрозь дзявочыя, пяшчотныя, эратычныя, задзёрыстыя вершы?.. Вось акурат колькі дзён таму гутарылі пра гэта з Дзмітрыем Плаксам у Стакгольме і з Алесем Пушкіным у Рызе. Мужчыны ніколі адразу не выказвалі мне ніякіх незадаволенасцяў, стасоўна гэткага пазіцыянавання, але потым часта ўдакладнялі, ці не феміністка я? Я не феміністка. Тыя, хто чытаў мяне раней, не толькі апошнія гады, ведае, што раней жаноцкасцю ніякай і не пахла. На працягу семнаццаці гадоў мае вершы лёгка было акрэсліць словамі, якія мне казалі некаторыя мае старэйшыя калегі: “ты пішаш, як мужык!”. Гэта ад таго, што стрыжань, мне так думалася. І тады мне гэта падабалася. Ёсць нават такая тэорыя, наколькі пісьменнік умее ўвасобіцца ў сваіх творах у чалавека супрацьлеглага полу, настолькі ён і здольны ў сваёй справе. Па-рознаму бывае. І я бываю лапанька, а бываю тыгра. А ў маленстве ў мяне ўвоугле прыйшло такое разуменне: я паэт-чалавек. Таму і пісала ад імя чалавека, а не нейкага пэўнага полу (так ужо склалася, што ў нашай мове слова чалавек у мужчынскім родзе ўжываецца). Вось у чым справа. Але, натуральна, што інтымную лірыку, якой у мяне, зрэшты, стае, я пішу ў жаночым родзе.

— Цябе часам перад выхадам на сцэну абвяшчаюць як “дзеўка-паэт” ці “лэдзі-паэт”, адкуль узяліся такія назвы?

— Журналісты прыдумалі. Дакладней, калі пра мяне розныя праграмы тэлевізія здымала, калі я была маленькая, то пазіцыянавалі як “дзяўчынку-паэта” і ў прадмовах да маіх першых публікацый так пісалі Алесь Разанаў і Васіль Жуковіч. “Дзеўка-паэт” – упершыню мяне так назваў Алесь Пісьменкоў, яшчэ ў школе, гэта быў эспромт. Ён заўсёды казаў на мяне: “Дзеўка, дзеўка!..” Я аднойчы, набраўшыся смеласці, адказала яму: “Не дзеўка я — паэт!”. Ён і выдаў: “Дзеўка-паэт! Зрэшты, дзеўка – таксама няблага, па-беларуску, у нас у вёсцы так казалі...”. Потым, калі страварыла сабе блог ў інтэрнэце (http://valjaryna.livejournal.com/profile) – усё само сабой трансфармавалася ў: “Дзеўка_паэт_неба”, то бок тут адразу закладзена некалькі іпастасяў у кожным. Паэт - мужчына, які ўмее рабіць жыццё прыгожым. Тады назва прачытваецца проста як сцэнка з жыцця: сонечны дзянёк, пікнік, на траве сядзець дзяўчына, хлопец – і ім так файна разам, што і нябёсаў не трэба. Яму з ёй, ёй з ім. З другога боку, дзеўка-паэт – гэта цэлае неба для мужчыны. З іншага, дзяўчына, абраная нябёсамі, ёсць паэтам. Можна расчытаць і як: Ева_Адам_Эдэм. Альбо: Эўрыдыка_Арфей_Аід. Каму як падабаецца, гэта гульня.

— А як часта на творчых сустрэчах адбываюцца незвычайныя выпадкі?

— Даволі часта. Да прыкладу, не так даўно пасля выступу ў адным з менскіх ліцэяў да мяне падыйшоў малады чалавек, разадраў на грудзёх кашулю і сказаў: «Мне так спадабалася! Распішыцеся, калі ласка, і пакіньце свой нумар!» У мяне акурат быў аранжавы фламастар, але ён не пісаў на скуры, а драпаў яе. «Я ж табе да крыві падзяру», — кажу. «Крывёй пішы!» — быў адказ. Шмат розных вясёлых сітуацый здаралася — усе і не пералічыш!.. Нядаўна на адным з выступаў пад Берасцем навучылася, напрыклад, браць ваду са студні, чым вельмі пацешыла прысутных... Цяпер я таксама з прыемнасцю наведваюся па запрашэннях з выступамі і па розных гарадах і гарадках усяе Беларусі – там яшчэ болей вясёлага і натхняльнага здараецца. Я люблю адмысловую атмасферу на вечарынах, асабліва калі “пакаціць” і адчувеш той самы момант, калі людзі табе пачынаюць цалкам давяраць, уваходзяць у твае гісторыі, расказваюць іх разам з табой, пачынаецца такая супольная гульня, дыялог, узаемапрыемная ды ўзаемакарысная супраца... І мы з публікай зліваемся ў творчым экстазе!.. І тады ўжо – панеслася... Дзівоснае адчуванне!.. Тады кожны – і я, і слухачы – атрымлівае тое, за чым ён прыйшоў! І чым часцей так здараецца – тым большае маё жаданне аддаваць сябе, сваю паэзію. Асабліва імкнуся данесці беларускае слова туды, дзе яно бывае не так часта – у далёкія ад сталіцы месцы: еду і ў вёскі, і маленькія гарадкі... Думаю, усе гэтыя сустрэчы і паездкі — невыпадковыя.

— У цябе ўсё невыпадкова. Даўно задаюся пытаннем, чаму твая трэцяя кніга менавіта так называецца: “Тамсама”? Гэта ж тое самае, што і “там жа”, ці не так? Наколькі яе назва невыпадковая?

— Шмат хто пытаецца наконт гэтай назвы, не заўжды стае часу патлумачыць. Так ды не так. Напраўду, вельмі незвычайна і невыпадкова прыдумалася яна. Калі вучылася ў пачатковай школе, часта гартала часопіс “Роднае слова” — мая бабуля стаяла ля вытокаў яго стварэння і была пастаянным аўтарам, пісала матэрыялы па методыцы выкладання мовы – таму часта ў нашай хаце былі аўтарскія нумары навуковых часопісаў. З часам мяне пачалі цікавіць не толькі самі тэксты, але і спосаб іх афармлення, я пачала звяртаць увагу на спасылкі. Кожны, хто хоць калі-небудзь пісаў навуковы артыкул ці курсавую, ведае, што калі ў тэксце робіцца спасылка на пэўную навуковую крыніцу, то ёй адпавядае глосік (зорача са зноскай ці ў дужках пасля цытаты пазначаецца), адкуль тую ці іншую фразачку ці слоўца выхавана ўмыкнуў аўтар. Дык вось калі я гартала часопіс – тых глосікаў было даволі шмат. А пасля некаторых цытатаў не было ніякіх спасылак, а было проста напісана Тамсама, то бок у тым самым абзацы, цытата была ўзятая з той самай крыніцы, што і папярэдняя. Такое спрашчэнне. Але ж я таго не ведала. І ўсё думала, ламала галаву: што ж гэта за кніга такая “Тамсама”, якую ўсе цытуюць, пры чым у ёй не толькі пра мову ды літаратуру напісана, але ж і пра шмат што яшчэ (я пайшла і праверыла, у некаторых іншых часопісах, што трапіліся мне пад руку, таксама была пазначаная гэтая “Тамсама”). І я надзвычай уразілася аўтарам, які здолеў напісаць гэткую патрэбную ўсім кнігу! А калі я крыху падрасла і дазналася, што такой кнігі нямашака, што гэта толькі навуковы хітрык, я вельмі ўзрадавалася і вырашыла, што калі вырасту, сама напішу такую кнігу, дзе будзе пра ўсё-усё самае істотнае ў жыцці, і я назаву яе “Тамсама”. Тое былі мае дзіцячыя ўяленні... Калі я вучылася ўжо ў старэйшай школе, класе ў 9-м, я з цікавасцю чытала кнігі Фрыдрыха Ніцшэ. Мяне шмат што там зацікавіла. Сярод усяго рознага быў трактат пра Вечнае Вяртанне. Я тую ідэю для сябе так адсэнсавала: толькі ўяві, што нашае жыццё будзе паўтарацца бясконцую колькасць разоў, вечна, колькі нам наканавана трымацца за гэты сусвет. І кожная хвіліна, кожнае нашае імгненне будзе аднолькава паўтарацца ў кожным з жыццяў, пакуль мы эмацыйна нейкай падзеяй ці спраўджаннем не здолеем перакрыць яго чымсьці больш моцным, больш значным. І як мы жыццё пражывем, так яго і замацуецца на вячніны вячнін. І задалася пытаннем: як зрабіць сваё жыццё, вартым Вечнага Вяртання? Так, крыху вусцішна пра гэта думаць заўжды - і не трэба. Але часам вельмі карысна, асвяжае... Так вось падумаеш – і пойдзеш лепей каму ў любові прызнаешся, чым каля кампутара сядзець. А ў выпускным класе я “падсела” на французскіх паэтаў і на французскі кінематограф, чаму добры кавалак свайго часу прысвяціла. Дык быў у той маёй паэтапрасторы французскіх геніяў-падлётак Арцюр Рэмбо, які сказаў: “Каханне трэба прыдумаць наноў!” І я тады, вырашыла: так і жыццё трэба прыдумаць, вынайсці наноў, і сяброўства... Усё! Кожны, хто нараджаецца, ён вынаходзіць сваё жыццё. Бо няма такіх правілаў, такіх шаблонаў, па якіх ты змог бы шчыра сябраваць на шырыню ўсёй душы альбо кахаць на глыбіню ўсяго сэрца. Існуюць пэўныя правілы паводзінаў, этыкет у рэшце рэштаў. З правіламі пачуццяў няпроста. Ты іх сам вынаходзіш. Вось і мая кніга “Тамсама” - тое “там жа”, якое кожны вынаходзіць для сябе, тое “там жа”, якое ты прымаеш і пагаджаешся пражываць стокроць, тое маё “там жа”, якім я падзялілася са сваімі чытачамі... Дый увогуле “Тамсама” – адмысловае прыгожае беларускае слоўца, люблю такія. А як такое сэнсоўнае – дык увогуле гожасць!..

— Хочаш сказаць, што і ў папярэдніх кніг такія самыя няпроста народжаныя назвы?

— З імі крыху прасцей. “Каб неба сагрэць...” – гэтую назву выбраў аўтар прадмовы Рыгор Барадулін па адпаведным вершы з кнігі. “Кроў Сусвету” таксама названая па творы з маёй першай кнігі. Хаця першапачаткова я хацела назваць першы зборнік “Божае вока”, бо менавіта гэты вобраз пераследваў шмат гадоў...

— Калі выйшла першая кніга табе было 11, пра якія гады ты кажаш?

— З маленства шчэ ў снах вельмі доўга пераследваў вобраз трохкутнага божага вока са зрэнкай, якая была падзеленая (у пэўных прапорцыях) на тры часткі: белую, чорную і чырвоную, зрэшты, як і ўся першая кніга пабудаваная менавіта на гэтых колеравых і жыццёвых-пазасветавых кантрастах: белы — чысціня, чорны — ліха, жахі, чырвоны — кроў, каханне. Бог быў маім маленствам. Вобраз усеіснага Божага вока, у якім можна ўратавацца… Ён прыходзіў то як пагляд з нябёсаў, то ў выглядзе карціны... У мяне верш адзін так і называўся. Я ўвесь час яго малявала. Нават на уроках малявання, замест розных заданняў, якія нам давалі ў маёй мастацкай школе. То музыку малявала, то Божыя вочы... І мне настаўніца ставіла за гэта “тройкі”, бо не па тэме. А пазней па тэлевізіі паказалі, як археолагі рабілі раскопкі ў Індыі і Тыбеце і знайшлі такую самую выяву на некаторых сценах манастыроў – і зрэнка ў тым маляваным воку была акурат па такіх самых прапорцыях ды колерах падзеленая, як і на маіх малюнках, і само вока было такой самай формы. А потым гэты мой малюнак надрукавалі ў часопісе “Бярозка”, у тым самым, што і першую публікацыю... Тады я здзівілася, што за яго “тройку” атрымала. Але потым я зразумела, што вельмі часта так бывае, калі хтосьці бярэцца ацэнваць тое, што не ўпісваецца ў агульныя правілы, па законах тых правілаў. А я не памылка, проста частам і ў агульнапрынятым правапісе існуюць хібы – і варта парушаць правілы духоўнай гравітацыі альбо выпраўляць іх!

— Алесь Разанаў у прадмове да першай публікацыі назваў тваю паэзію “не дзіцячай і не дарослай, а звышузроставай”. Як так атрымалася, што Алесь Разанаў пагадзіўся напісаць прадмову да вершаў 5-ці гадовай дзяўчынкі?

— Дашкалёнкам я вельмі любіла, калі бацькі мне чыталі яго кнігі “Вастрыё стралы” і “Шлях-360”, я заплюшчвала вочы, слухала і мне рабілася лягчэй...

— Лягчэй ад чаго?

— У мяне ад самага нараджэння былі некаторыя адмысловыя веды. І я прасіла: спытайце ў мяне, што на тым свеце, што на небе, я вам раскажу... Але была ўнутраная забарона на тое, каб самой прамаўляць, толькі калі хтосьці сапраўды хоча даведацца, і запытае – толькі тады. Чым даўжэй жывеш, тым больш гэтыя, ад пачатку закладзеныя веды, страчваюцца, замяшчаюцца ведамі з кніг, жыццёвым, эмацыйным, духоўным досведам, фантазіяй. Тады ж яны былі абсалютам, прычым даволі праўдзівым, наколькі тое змаглі пацвердзіць навукоўцы і вернікі… Мусіць, так яно сапраўды і ёсць. Цяпер жа гэтыя веды хутчэй вяртаюцца эпізадычнымі сполахамі, нібы токам працінаюць, і перад вачыма паўстаюць карцінамі, эпізодамі, снамі, спевамі зямлі і храмаў, перазвонамі званіцаў... Я ў маленстве нават званочкі калекцыянавала – збіралася стаць званаром.

У мяне былі і сябры нашмат старэйшыя за мяне. Напрыклад, у 7 гадоў я сябравала з паэтам Сяргеем Новікам-Пеюном, якому было за 80. З аднагодкамі мне было няўтульна, у школе сумнавата. Калі вучылася ў тэатральнай школе – там якраз было слаўна, былі тэатральныя ўрокі, танцы, адмысловыя заняткі, дзе мы вучыліся разумець свае эмоцыі, слухаць ваду... Але калі мы з бацькамі пераехалі, то я вымушана была пайсці ў агульнаадукацыйную школу, хоць і беларускамоўную, і там мне спачатку было вельмі страшна...

Першая мая нізка была падрыхтаваная, калі мне не было 5 гадоў, але яна амаль два гады праляжала ў адным часопісе, у якім галоўны рэдактар усё вагаўся друкаваць ці не. І мама забрала адтуль нізку. Але мая бабуля настойвала на тым, што ўсё гэта не проста так, што варта паспрабаваць. І тады, калі мама ішла з маімі вершамі з таго часопіса, па дарозе яна сустрэла галоўнага рэдактара іншага дзіцячага часопіса, які ў той самы дзень забраў вершы ў друк, толькі прапанаваў яшчэ узяць у каго-небудзь рэкамендацыю, каб ён быў упэўнены, што там сапраўды штосьці вартае. Многія нават і чытаць не бралі – засцерагаючыся ад таго, што не знойдуць у напісаным нічога вартага і давядзецца крыўдзіць дзіця і яго маці, напэўна, так яны разважалі. Я і сама, калі цяпер ужо больш маладыя, звяртаюцца да мяне за меркаваннямі ці яшчэ горай – за прысудамі – вельмі трывожна да гэтага стаўлюся. Не лічу сябе праўнай за кагосьці вырашаць... Мама мая не ведала, да каго звярнуцца. Тады ёй параілі звярнуцца да таго, чые кнігі я любіла слухаць – да Алеся Разанава. Але мама не была знаёмая з ім асабіста, таму не адразу вырашыла да яго падысці. А калі рызыкнула проста паказаць, то праз тыдзень ён прынёс ёй не рэцэнзію нават, а цэлую вялікую прадмову, дзе падпісаўся Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, чаго не рабіў звычайна, відаць, каб мой шлях у літаратуру быў менш складаным. Некаторыя так і казалі, што я “лёгка” у літаратуру прыйшла... Шчыра кажучы, нікому б такой лёгкасці, як у мяне была па начох, не пажадала...

— Ты казала, што па маляванні ты “тройку” атрымала за “Божае вока”, а якія адзнакі ў цябе былі па астатніх прадметах у школе, ва ўніверсітэце? Ты шмат часу аддавала навучанню?

— У маім школьным дыпломе ў мяне было, наколькі я памятаю, дзьве адзнакі “добра” (па хіміі і матэматыцы), астатнія “выдатна”. Універсітэт я скончыла з чырвоным дыпломам, з адной “4-й” (па 5-й сістэме адпаведна), але потым і тую выправіла, калі здавала кандыдацкія ў магістратуры. У аспірантуру паступіла з “10-й”. Але гэта толькі лічбы, ёсць рэчы намнога важнейшыя за адзнакі, напрыклад, самаадукацыя і ўладкаванасць у душы, у сям’і. Вельмі істотна, каб навучанне не замінала адукацыі (Падміргвае). Нягледзячы на высокія балы, за мной з часоў навучання замацаваўся цэтлік “таленавітага гультая”. Я наведвала лекцыі, толькі якія мне былі цікавыя. А на якіх нудзілася — з тых збягала. Да прыкладу, калі навучалася на кінадраматурна ва Універсітэце культуры і мастацтваў, паспявала яшчэ бегаць у БДУ на заняткі на філалагічны факультэт і на філасофскі... Таксама на спец.курсы па гісторыі хадзіла і некалькі гадоў на заняткі па культуралогіі, антрапалогіі, семіётыцы і філасофіі культуры, па этыцы, эстэтыцы дадакова... А ўвечары – у Польскі Інстытут ці ў Беларускі Калегіюм. А, здаралася, і так сыходзіла з параў – па горадзе з сябрамі пагуляць, падурэць... Таксама трэба, ведаеш.

— І цябе так лёгка адпускалі?

— Хтосьці адпускаў, хтосьці не адпускаў, але я ўсё адно збягала, калі хацела. Проста потым даводзілася больш пазаймацца, больш пачытаць. Я рэдка адказвала выключна па праграме, мы любілі з выкладнікамі пагутарыць пра штосьці па-за праграмнае пасля адказу па білеце... Ах, слаўныя ў мяне былі выкладнікі!

— Таксама ты і спяваеш. Якія ў цябе дачыненні з музыкай?

— Гэта хутчэй выкананне вершаў пад музыку... У мяне ёсць асноўны занятак – пісьмо — і я гэта памятаю. Хаця на выступах пад настрой магу разам з гледачамі заспяваць які гарадскі раманс ці народную песню, альбо свае аўтарскае пад гітару. Апошнім часам мне песні сняцца. Вось нядаўна прыснілася народная песня на традыцыйны сюжэт пра сіротачку, якая прыйшла да Бога, але такой песні няма. Я яе спявала даследнікам беларускага фальклёру – так, кажуць, народная песня, і словы, і мелодыя, але нідзе яе дагэтуль не чулі. А яшчэ быў выпадак – прыснілася мне, як з-пад зямлі галасы спяваюць такую мелодыю, што ажно душу з цела высмоктвае, такая тужлівая. Царква пад зямлю сышла, а ў ёй хор быў – і той хор з-пад зямлі спявае. Гэтая мелодыя ўвайшла ў маю песню-малітву. Але шмат у мяне і шчыра-адчайна вясёлых песень. Багата ведаю і народных песень, люблю і збіраю. Бальшыня дасталася мне ў спадчыну ад бабулі. Нават цяпер часам яна прыгадвае нейкія зусім старыя, якія чула ў маленстве. Я за ёй запісваю. Цяпер шмат пішу тэкстаў, не толькі для сваіх песень разам з музыкай (не толькі снёных), але і для іншых - для эстрадных выканаўцы і гуртоў, для бард-рок гуртоў, народнікаў і шансан’е. Мне пашанцалава, што маю музычную адукацыю па класу скрыпкі і фартэпіяна. З прыемнасцю пішу, як “на рыбу”, так і арыгінальныя тэксты для песень. Часам спявак ці кампазіар тлумачаць, пра што менавіта яму хочацца праспяваць – і я ўвасабляю задуму. Мне ў радасць такое супрацоўніцтва!

— У цябе чараўнічы голас... Табе казалі?

— Знаўцы кажуць, што ў мяне адмысловы даволі рэдкі тэмбр голаса. Мне пашанцавала, ён густы і насычаны – думаю зноў спрацавала генетыка – у маці, у бабулю... Адны прыемнасці з яго – вечарыны весці, у тэатры граць, на інтэрв’ю запрашэнні, на лекцыі... Думаю, голас тут не апошняе значэнне меў. Яго эксплуатую напоўніцу. Калі не атрымліваецца з кімсьці пра штосьці дамовіцца, мае сябры часам ўгаворваюць мяне патэлефанаваць – тады на іншым баку слухалкі суразмоўцы на ўсё пагаджаюцца. (Падміргвае.)

— Апошнім часам цябе практычна немагчыма заспець дома, а калі ты і ў Беларусі, то ўсё адно альбо на выступах, альбо на навучанні, альбо на якой іншай працы занятая... Дзе ты бываеш? Куды яшчэ хочаш завітаць?

— Стараюся сумяшчаць навуковую і пісьменніцкую дзейнасць... Вядома, я яшчэ не паўсюль была, куды хацелася б трапіць, але пакрысе мае мары спраўджваюцца... Хочацца ў Прагу, Парыж, Рым, Барселону, шмат куды! Нахабна хачу трапіць туды не па турыстычнай пуцёўцы, а як паэт. Хачу ўсё і хутка, пакуль маладая. Вядома, што я не толькі вельмі хачу (што, зрэшты, таксама важна), але і раблю шмат дзеля таго. Між тым для мяне вельмі істотна знаходзіць час на і сустрэчы з сябрамі. Падарожжы, новыя ўражанні – гэта цудоўна, але што з гэтым ўсім рабіць, калі ў сэрцы халодна. Мне трэба, каб у маім было цёпла.

— Якія замежныя краіны і гарады за апошні год ты наведала?

— У межах разнастайных міжнародных літаратурных фэстаў і семінараў, а таксама з аўтарскімі паэтычнымі спектаклямі мне пашчасціла трапіць ва Украіну, Польшчу, Літву, Нямеччыну, Туркменію, Швецыю...

— І як уражанні?

— Чым далей ад дому, тым больш ясным робіцца розум (без 25-х кадраў з абодвух бакоў), тым ясней адчуваю сваю беларускасць. І ступаю больш пэўна. І страчваю супольную праўду - і набываю ўласную, сваю. Да таго ж надзвычайна ўзбагачаюся, калі даводзіцца выступаць перад іншамоўнай публікай, яе не заўжды возмеш тым, на што пойдуць тут, у Беларусі. Даводзіцца прыдумваць адаптацыйныя сродкі, праводзіць аналогіі з культурамі краін, у якія трапляеш. Мне заўжды шанцавала з перакладчыкамі, які перастваралі мае вершы на іншыя мовы, на гэта паскардзіцца не магу. А гэта ўжо палова поспеху. Я люблю расказваць пра Беларусь, яе культуры, літаратуру. Магу рабіць гэта бясцонца і заўжды з прыемнасцю. З няменшай прыемнасцю спасцігаю культуры іншых краін, рабіць гэта ўжывую, на ўласным досведзе, - асаблівае задавальненне! А ночы, якія ж гэтыя ночы новых гарадоў!..

— Як котка, гуляеш сама па сабе па начох?..
.
— Чаму ж, можна і з катом!.. Мне хочацца мець надзейны тыл, мур. Але й сама пры тым здольная быць і тылам, і мурам, і Муркаю...

— «…паэту трэба, вельмі трэба, каб сонца і вецер. Ноч не для яго…», — кажа Уладзімір Караткевіч вуснамі Аленкі ў рамане «Нельга забыць». А ты любіш паўтараць: “Паэты не спяць па начох”, чаму менавіта ноч?

— Гэта з маленства: пакуль не прачнешся, не прамовіш, патуль і не адпусціць... Штосьці павінна зашкальваць у душы, каб напісаць тое, што мажліва будзе назваць паэзіяй! У мяне так зашкальвае па начох, таму так і кажу.

— Валярына, я чула розныя гісторыі пра цябе, і не ведаю нават, якая з іх праўдзівая, давай удакладнім... Ці праўда, што маці цябе насіла не дзевяць, а дзесяць месяцаў? Кажуць, генетычная памяць, несумненна, пакідае свой адбітак на свядомасці чалавека, але каб настолькі...

— «Апошні месяц я там вершы пісала», — жартуюць сваякі.

— На адным са сваіх выступаў ты казала, што памятаеш пахаванне Уладзіміра Караткевіча, хаця сама тады знаходзілася ў чэраве маці, калі яна там прысутнічала. Той успамін паўплываў на тое, што тэмай тваёй і магістэрскай, і кандыдацкай дысертацыі стала менавіта творчасць Караткевіча?

— Бо мне не дазволілі пісаць па французскім кінематографе... Жартую! Алесь Бельскі нават мяне падшпіліў быў: “Хто ведае, у каго перасялілася душа Караткевіча...”. Та-та-так, я Караткевіч у спадніцы! Напраўду, мая любоў да Караткевіча бямежная... Ён той выключны творца, які выяўляў беларускае праз універсальнае - і наадварот. Я зраблю ўсё, каб тое, што ім зроблена, дайшло і не забылася як мага большай колькасцю людзей. Не ведаю, ці ёсць у гэтым нейкая містыка. Але, падаецца, мы павязаныя адным ланцугом, адным беларускім лёсам. Анатоль Верабей прапанаваў мне быць укладальнікам трох тамоў сцэнараў мастацкіх і дакументальных фільмаў, напісаных Карактевічам, у дваццаціпяцітамовіку твораў пісьменніка, над якім мы з калегамамі ўжо пачалі працаваць... Я зраблю гэту працу з радасцю.

— І хто цябе выхаваў такую наскрозь беларускую?!

— Мама, тата, бабулі, дзядулі, Бог, Беларусь... Напэўна, пафасна гучыць. Але я не ведаю, як іначай адказаць. Я заўжды пачувала сябе беларускай, дакладней, спачатку, калі была маленькая зусім, я была беларусачкай. А потым яшчэ і ліцвінкай зрабілася, калі гісторыю пачала вывучаць. “Па кудзелі” усе мае крэўнікі размаўлялі па-беларуску: і прапрабабуля Аўгіння, і прабабуля Усціння, і бабуля Валянціна, і мама мая Зося... Я нарадзілася з генам беларускасці. У сям’і заўжды гучалі народныя песні, шмат вершаў, на Каляды прыходзіла поўная хата гасцей: цудоўныя мастакі, артысты, пісьменнікі, музыкі… Калі са стрыечным братам Алесем гасцілі ў бабулі, яна вучыла нас любові да прыроды, да неба, да беларускага неба, да сябе ў беларускім… Кожны вечар яна выводзіла нас на гаўбец ці на ганак, каб перад сном мы глядзелі на нябёсы, у якіх вучыліся атрымліваць сілу жыцця і міласэрнасці. Мабыць, і беларускасць мая ад Бога і ад роду. Дом літаратара ў Менску быў месцам, дзе я бавіла вольны час ў маленстве, шмат у мяне што з гэтым месцам звязана, рознага: і шчаслівага, і жалобнага: і як з Васілём Быкавым развітваліся, і як з Анатолем Сысам (гл. «Дзеяслоў» №36, нарыс «У абліччы адчаю»); і першыя канцэрты Данчыка з Барткевічам, Сокалава-Воюша. Заўжды была пэўная, што песня “Беларусачка” у выкананні Данчыка, ахвяраваная мне. І ў мяне быў аргумэнт нават: дзьве даўгія русыя касы, пра якія і спявалася ў песні. У чатыры гады я лічыла цалкам дзіцячымі вершамі, да прыкладу, «Заяц варыць піва» Уладзіміра Караткевіча і «Пагоню» Максіма Багдановіча. Яшчэ не вымаўляючы «р», спявала сабе паўсюль: «Толькі ў сэлцы тлывожным пачую…» - і ў мяне мурашы беглі па спіне… Што казаць, я плакаць пачынала, калі прамаўляла, навучаная Юрыем Авяр’янавым, купалавы “Ворагам Беларушчыны” - ад гонару, ад абсалютнага шчасця, што я – беларусачка, ліцвінка, што я - чыясьці спраўджаная будучыня. Было такое шчасце ў мяне. У восем гадоў, запомнілася, выступала на вялікай сцэне Дома літаратара разам з Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, Сяргеем Законнікавым, Алегам Атаманавым на святкаванні Пятых угодкаў прыняцця закона аб мовах і чытала верш, які пачынаўся радкамі: “Я ведаў, што стаяла за гэтым словам: Беларусь – за тымі мёртвымі крыжамі, аднаму Богу падуладнымі…”. Беларускасць і Боскасць былі непадзельна знітаваныя ў маёй душы. Што да мяне, быць беларусам – гэта значыць не толькі быць духоўна напоўненым і трывала стаяць на зямлі, знайсці сваё месца, а гэтаксама быць і прыцягальным, цікавым, жаданым, закаханым, быць камусьці неабходным, зрэшты, быць сучасным… У маім жыцці былі тыя шчаслівыя шчымлівыя моманты, калі да мяне падыходзілі людзі і казалі, што мае вершы сталіся для іх тым трамплінам, па якім яны пераляцелі з Мінску ў Менск. Беларускасць – гэта вірус. І я ўсцешаная, што мая справа, і сама я хворая на беларускасць ды заразная ёю. І на нашым рахунку багата ахвяраў.

Што да бацькавага роду. Мой дзядуля “па мячы” Іван з Волгі паходзіў з-пад Ніжняга Ноўгарада. Выхаванне ў яго было вельмі суворае, калі не сказаць - жорствае. Так выхаваны і мой тата Валодзя. Дзядуля Ванюша яшчэ падлеткам, прыпісаўшы сабе гады, пайшоў на фронт, прайшоў паўЕўропы. Бабуля Зіна віцебская, калі ёй і васемнаццаці не было, пабралася шлюбам з маім дзядулем, які старэйшы быў за яе на адзінаццаць гадоў, такі ён быў прыгожы, так яна яго кахала. У мяне ў родзе было шмат прыгожых людзей: і душой, і воблікам. Татка мой - сур’ёзны, кансерватыўны, вельмі стрыманы, але з цудоўным акторскім талентам, ён выдатна арыентуецца ў эканоміцы і ведае гісторыю, у яго чароўная ўсмешка. Мама мая вельмі прыгожая, інтэлігентная, неверагодна добрая, ахвярная, выключна разумная жанчына... Маму маю вельмі любяць людзі, у яе ёсць сапраўдныя сябры, некаторыя нават дасталіся ў спадчыну і мне. Мне пашанцавала, што ў мяне такія рознаполюсныя бацькі, няма перахілу ні ў адзін, ні ў іншы бок. І тата, і мама людзі вельмі добрыя, працавітыя, з гумарам, шчырыя, праўдзівыя, мудрыя, сямейныя, вельмі клапоцяцца пра мяне... Я бясконца магу расказваць пра маіх родных, ведаю шмат цікавага і вясёлага пра іх. Па маіх валасах чытаецца шмат што пра маё родавае дрэва: яны ў мяне густыя і розныя - ёсць грубейшыя, ёсць мякчэйшыя, ёсць рудыя нават, але як паглядзіш, то цёмна-русыя. У маленстве былі ільняныя па колеры кудзеры. А цяпер крыху ўюцца, нібы хваля па іх ідзе, як рукой па вадзе Бог правёў. І вочы, у маленстве былі блакітныя (была я бландзінка з блакітнымі вачыма!), а цяпер зеленавокая, нават часам нейкія бірузовыя мае вочы...

— Адкуль у табе столькі энергіі?


— Мала спортам займаюся (смяецца). Напраўду, я вельмі люблю катацца на ровары, лятаць на парашутах, на самалётах, плаваць у моры, далёка і глыбока, магу па чатыры гадзіны плаваць, люблю пешкі хадзіць у горы... Я проста люблю жыццё. І з некаторага часу вельмі цаню, што яно ў мяне ёсць, а я - у яго...

— Ты экстрымалка?

— Так склалася, што практычна вырасла на моры, у Эстоніі, а мой дзядзька быў лётчыкам. З трох гадоў лятала ў кабіне пілота. Таксама у мяне было сваё “маленства гор” – гэта я сабе так прыдумала, стоячы на гары Максіміліяна Валошына ў Крыму, а потым з яе, бегам у вінаграднікі... Ах, прастора, разлога, раскута!.. Стаяла на той гары і шаптала сабе радкі Анатоля Грачанікава, якія запомніла са школьнага падручніка: “Я ведаю, свет пачылаўся з гор, каб чалавек імкнуўся стаць крылатым!” А ў маленстве ўвогуле займалася зусім іншымі відамі спорта, не вельмі экстрымальнымі – фігурным коўзаннем і танцамі. У сярэдняй школе гуляла ў футбол, у старэйшай – у зборнай па баскетболу. Але давялося выбіраць: займацца скрыпкай ці прадаўжаць шпурляць мяч у кошык. Перавагу аддала музыцы. Але ад эксперыментаў па жыцці не адмаўляюся...

— Ты ў сваёй самай вядомай песні спяваеш: “А з паэтам і неба не трэба!” З паэтам сапраўды неба робіцца непатрэбным?

— Калі ўлічыць, што беларусы – нацыя паэтаў... У нас такое жыццё, што і інжынеры – у нечым паэты...

— Памятаю, ты казала: “Лепей інжынер на кухні, чым паэт на шыі!”, не адмаўляешся ад сваіх словаў?

— Вядома, не адмаўляюся! Тым больш ад жарту, які пайшлоў у народ! Тут на месцы “інжынера” кожная можа паставіць тую прафесію, якая ёй падаецца найбольш прыцягальнай ці прафесію таго, да каго цягне... У паэтаў – Муза, у паэтак – Муз. Дык вось гэты Муз можа быць і праграмерам, і бізнэсоўцам, і выкладнікам... Кім заўгодна! Файна, каб спрацоўваў з тым Музам мною вынайдзены прынцып роднасці: “Дазвольце з Вамі слухаць цішыню”. Вось калі я магу з чалавекам “слухаць цішыню” – мой чалавек. І гэта пры тым, што я вядуся на пяшчотныя словы – мне неабходна іх чуць. Неабходней за іх – хіба толькі ўчынкі, сапраўдныя мужчынскія ўчынкі і справы.

— Наконт “мужчынскіх учынкаў”. Што цябе прываблівае у асобах супрацьлеглага полу?

Я яшчэ ў маленстве жартавала: “Мне патрэбны вялікі неардынарны мозг, а яшчэ, каб чалавек быў харошы!” Інтэлект для мяне, напраўду, з’яўляецца эрагеннай зонай! (усміхаецца.) Духоўная еднасць, судакрананне светапрастораў, харызма, пачуццё гумару – пералічваць доўга можна... Падкупляе вельмі, калі мужчына займаецца справай, якая яму самому падабаецца!.. Але для чаго яно ўсё, калі няма любові, прыцягнення, зрэшты, кахання, калі не чапляе... Калі сябе выкрываць, то падкая я на прыгожыя галасы і на пахі... А яшчэ для мяне беларускасць – гэта неверагодна эратычна! (Падміргвае.) Хочацца жыць па законах казкі, а выпадае - па законах жыцця. Але і ад гэтага трэба браць па максімуму. Бачыцца, што ў стасунках мужчыны і жанчыны абодва мусяць імкнуцца будаваць супольнае МЫ, не страчваючы пры гэтым сваіх Я.

— Ты ніколі не сумуеш?

— Чаму ж, вельмі нават сумую. Мяркую, светлы сум – увогуле адзін з натуральных станаў для беларускага паэта. Але ж гэта жыццё, рознае такое. Не можа заўжды быць весела альбо сумна, радасна альбо змрочна. Бывае па-рознаму - і чым хутчэй тое зразумееш і навучышся пачуваць сябе ўтульна ва ўсіх станах, тым хутчэй знойдзеш раўнавагу ўнутры сябе і з іншымі.

— Якія планы на бліжэйшую будучыню?

— У бліжэйшы час хацелася б разабрацца са сваёй другой дысертацыяй і чацвертай кнігай (Падміргвае).

— О, выдатна! У цябе рыхтуецца новая кніга! І калі чакаць?

— Яна падрыхтаваная. Спадзяюся, чакаць скора, у гэтым годзе!.. Але падрабязнасці – пакуль таямніца!

— Табе толькі споўнілася дваццаць пяць гадоў, больш за васемтнаццаць з іх (калі весці адлік ад першай публікацыі) ты пісьменнік. Так што паэзія твая — ужо поўнагадовая!.. Малады ды ранні – гэта пра цябе. Як ты ўсё паспяваеш?..

— Чым больш бяру на сябе, тым больш паспяваю. Вось калі пакутую раніцай ў ложку, што трэба ўставаць, а мяне чакае толькі нейкая адна справа, то верагодней за ўсё, што тую справу адмяню і буду спаць далей, а калі ведаю, што ў мяне заўтра дзесяць справаў і тры сустрэчы, то хутчэй за ўсё давядзецца ўставаць ды ісці. Часта прачнуцца дапамаюць татавы словы, ён любіць будзіць мяне весела: “Вставайте граф, вас ждут великие дела!” І ўвогуле, не распалохвай мне тут кавалераў маімі здзяйсненнямі! Хлопчыкі, у мяне заўсёды знойдзецца час на спатканні — і я ўмею гатаваць файныя дранікі!..

Яна слухае Тома Ўэйца і Цэзарыю Эвару, гуляе па начох і спявае вершы. Яна шчыра радуецца жыццю і дзеліцца з намі радасцю жыцця ў сабе і сябе — у ім. Дапамагае паэзія. З яе вуснаў не сыходзіць усмешка. Яе вочы свецяцца святлом і дабрынёй.
— Для чаго ты жывеш?
— Каб любіць і рабіць сваю справу.
— Што патрэбна, каб бачыць дзівосы?
— Трэба самому быць дзівам..
.
Вясна – зіма 2009

Ася ПАПЛАЎСКАЯ, "Дзеяслоў" № 44