У “Доме літаратара” рэсурс suc_biel_lit

ЛІТПРАЦЭС

Алесь Мазанік: “Пішаце па-беларуску? Калі ласка – у suc_biel_lit

Паўгода таму ва ўсясьветным Сеціве зьявілася старонка пад назовам suc_biel_lit. Яе стварылі менскія студэнты Ася Паплаўская і Алесь Мазанік. Свой асабісты час, здольнасьці ды інтэлект яны ўкладаюць у гэты інтэрнэт-рэсурс, кіруючыся вялікай любоўю да беларускай літаратуры й жаданьнем дапамагчы аўтарам данесьці свае творы да чытачоў. Зь інтэрнэт-энтузыястамі сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, раскажыце пра ідэю й мэты стварэньня рэсурсу suc_biel_lit? Чым ён адрозьніваецца, да прыкладу, ад litara.net ці іншых беларускіх літаратурных інтэрнэт-старонак?”

Алесь Мазанік:
“Дадзены рэсурс пабудаваны на пляцоўцы livejournal.com. То бок, на тым рэсурсе, дзе кожны ахвотны можа стварыць свой жывы дзёньнік ці блог. Адметнасьць нашай суполкі ў тым, што мы даем мажлівасьць любому, хто піша па-беларуску, падзяліцца з намі і з усімі ахвотнымі сваёй творчасьцю. Мы фактычна даем мажлівасьць людзям, якія ня могуць нідзе друкавацца, друкавацца ў нас, а таксама абмяркоўваць і рэцэнзаваць напісанае. Ідэя ўзьнікла досыць даўно, мы затрымаліся зь яе ўвасабленьнем, бо спрачаліся наконт назову. Але потым вырашылі ўсё ж зрабіць дадзены рэсурс пад добрым, на мой погляд, тэрмінам suc_biel_lit. Так што ўсіх, хто піша па-беларуску, запрашаем у suc_biel_lit”.

Аксак: “Спадарыня Ася, а што вы ўкладаеце ў само азначэньне – сучасная беларуская літаратура?”

Ася Паплаўская: “Я думаю, што ў ім можа быць шмат аспэктаў. Сёньня сучасная беларуская літаратура – гэта і цяга да клясыкі, і постмадэрнізм, і нейкія мадэрнісцкія рэчы, і тыя ж альбомы аголеных літаратараў. Сучасная беларуская літаратура – гэта вельмі шырокая прастора для творчасьці і дзейнасьці”.

Аксак: “Штомесяц вы праводзіце конкурсы сярод наведнікаў suc_biel_lit. Што яны сабой ўяўляюць, хто іх удзельнікі, і як наогул падобныя акцыі ўплываюць на пашырэньне ведаў пра беларускіх пісьменьнікаў і іх творы?”

Мазанік: “У нас цягам месяцу вымалёўваецца пэўная колькасьць людзей, якія стала пішуць. Пры канцы месяца мы выбіраем самыя цікавыя допісы і ствараем галасаванку, якую могуць бачыць усе ахвотныя і цягам тыдня ці дзесяці дзён галасуюць. Пераможца атрымоўвае наш фірмовы дыплём і папулярныя беларускія кніжкі ў падарунак. Цырымонія адбываецца ў кавярні “Валерыя”, дзе пераможца мае магчымасьць выступіць”.

Аксак: “Але ў гэтым адмысловым конкурсе ўдзельнічаюць толькі мастацкія творы?”

Мазанік: “Мы разглядаем тыя творы, якія ўмоўна можна назваць сучаснай беларускай літаратурай. Аўтарамі могуць быць ня толькі прызнаныя літаратары, але і людзі, якія яшчэ толькі спрабуюць нешта пісаць. З усіх нашых пераможцаў толькі палова займаецца літаратурай стала. Ужо тое, што ў нашу суполку пішуць вершы па-беларуску людзі, якія ня ёсьць сталымі літаратарамі і якія пераважна размаўляюць па-расейску, сьведчыць пра станоўчыя моманты нашай працы. Гэта разьвіцьцё іх як асобаў і разьвіцьцё літаратуры. А таксама ў сувязі з праблемай мэнэджмэнту беларускай літаратуры мы даем магчымасьць у нас друкавацца сталым літаратарам, што пашырае веды пра іх творы. І я лічу, што наша суполка апраўдвае сваё прызначэньне. Колькасьць удзельнікаў яе пакуль што невялікая – гэта ўсяго каля трохсот чалавек, але з кожнай імпрэзай мы заўважаем прыцягненьне новых людзей. Паводле іх выказваньняў, ім гэта трэба і цікава, і яны і далей будуць у гэтым удзельнічаць”.

Аксак: “Калі б раптам вы займелі добрых фундатараў дзеля ўсталяваньня агульнанацыянальнай літаратурнай прэміі, чыё імя вы б ёй надалі?”

Паплаўская: “У паэзіі – імя Анатоля Сыса”.

Мазанік: “Калі браць агульны творчы працэс, то мне падаецца, што гэта мусіць быць імя чалавека, які паўплываў на станаўленьне беларускай самасьвядомасьці. Я думаю, што гэта Мікола Ермаловіч, які мне вельмі блізкі па духу. Ягоны ўнёсак у беларускасьць вельмі вялікі, і калі мы разглядаем агульнанацыянальную прэмію, то трэба браць імёны людзей, які ўвогуле далі нам мажлівасьць звацца беларусамі”.

Аксак: “Складзіце, калі ласка, кароткі сьпіс кніг-намінантаў на гэтую прэмію, якія, на вашу думку, увасабляюць лепшыя творы сучаснай беларускай літаратуры?”

Паплаўская: “Безумоўна, гэта новая кніжка Ўладзімера Някляева “Цэнтар Эўропы”, гэта “Шчасьце быць” Барыса Пятровіча, “Анадыямэна” Галіны Дубянецкай, “Гаспода” Леаніда Дранько-Майсюка, “Сарока на шыбеніцы” Альгерда Бахарэвіча”.

Мазанік: “Перш за ўсё я хачу назваць кніжку Валярыны Куставай “Тамсама”, раман Алеся Пашкевіча “Пляц волі”, мэмуары Валянціна Тараса “На высьпе ўспамінаў”, зборнік Тацяны Сапач “Няхай не пакіне нас восень” і кнігу Барыса Пятровіча “Жыць ня страшна”.

Радыё "СВАБОДА"

Пішаце па-беларуску? Тады вам да "Воблы" у "Галіяфы"!!!
А калі так: "Хто піша жэсць па-беларуску - вам да "Воблы" у "Галіяфы"!!!
ну і таксама інтэлектуальная наватарская творчасць. Вам застаюцца традыцыйныя накірункі.