Вокладка кнігі. Істотная ейная частка

Калонка Асі Паплаўскай

Вокладка кнігі. Істотная ейная частка

ЛіМ, 15 студзеня 2010 г.

Часта бывае, што чалавек заходзіць у кнігарню, не ведаючы, што канкрэтна ён хоча прыдбаць. Часам ён пытаецца ў кансультанта: “Ці не падкажаце вы якую цікавую кнігу сучаснага беларускага аўтара?” А часцей не пытаецца — выбірае па вокладцы… Таму праца дызайнера над вокладкай кнігі такая ж адказная, як праца візажыста над тварам фотамадэлі.

Самі аўтары часта ставяцца да вокладкі кніг абыякава. Маўляў, у кнізе галоўнае — змест. А нам, чытачам патрэбна ўсё разам: хочацца і мазгамі паварушыць, і душу разнявольць, і вока парадаваць.

Абсалютная большасць кніг сучасных аўтараў — з малюнкам на вокладцы. Часам яны ўдалыя, зразумелыя (“Анёлак і я”, “Цацачная крама” Леаніда Дранько-Майсюка, “Піліпікі” Барыса Пятровіча, “Каляровая затока” Пятра Васючэнкі, “Казкі” Адама Глобуса, “Анадыямена” Галіны Дубянецкай, зборнік жаночай прозы “Пакахай мяне, калі ласка”), часам вокладкі “ўпрыгожваюць” незразумелыя салянкі, альбо вынікі дызайнерскага трызнення (“Адмысловыя гульні” Арцёма Кавалеўскага, “Дыяфрагма” Віктара Жыбуля, “Сонца за тэрыконамі” Юліі Новік).

Пераважная большасць аўтараў выкарыстоўвае ў афармленні сваіх кніг карціны мастакоў. “Экзістанцыйны пейзаж” Вікі Трэнас упрыгожвае карціна Сяргея Малішэўскага “Шапіто”, на вокладцы кнігі Барыса Пятровіча “Жыць не страшна” — пачвары з трыптыху Іераніма Босха “Сад Насалодаў”, “Адлюстраванне першатвора” Пятра Васючэнкі пачынаецца карцінай Ю. Цімафеева, “Готыка тонкіх падманаў” Таццяны Нілавай — “Восенню” Юрыя Пеўнева, вокладка кнігі “Мільярд удараў” Юрыя Станкевіча радуе-не радуе (патрэбнае падкрэсліць) вока карцінай невядомага мастака…

Досыць папулярнымі ў афармленні вокладак з’яўляюцца карціны Змітра Вішнёва і Алеся Родзіна. Карціны, калі можна іх так назваць, Змітра Вішнёва — не толькі на яго ўласных кнігах, але і на вокладках зборнікаў перакладаў “Лінія фронту-1”, “Лінія фронту-2”, кніг “Паляванне на мух са шланга” Міхася Башуры, “Таксыдэрмічны практыкум” Змітра Пляна і інш.

Творы Алеся Родзіна — на вокладках кніг Вальжыны Морт “Я тоненькая, як твае вейкі”, Віктара Ыванова (Лупасіна) “Асарці”. Дарэчы, выява ног, якрамя вокладкі згаданай кнігі Вальжыны Морт, таксама на зборніках маладых паэтаў Вольгі Гапеевай “Няголены ранак” і Арцёма Кавалеўскага “Аддаленасць і адданасць”. Усе яны — творцы адной генерацыі. Гэта падштурхоўвае да параўнанняў, правядзення паралеляў…

Сярод “маляваных” вокладак асобна варта адзначыць працу Джэці (Веры Бурлак), якая аформіла свой зборнік вершаў “За здаровы лад жыцця” дзіцячымі малюнкамі, а таксама вокладку кнігі Андрэя Бурсава “Празнеб’е”, на якой — дрэварыт Каміля Флямарыёна. Першая вокладка кідкая, яркая, запамінаючаяся. Другая — не.

Што да вокладак з фотаздымкамі. Не аўтараў. Такіх кніг няшмат. Пераважаюць пейзажы: “Брызгалаўка” Алеся Аркуша і Барыса Козіка з фотаздымкам чоўна ля берага, “Блюз Вясна” Віктара Шалкевіча з бляклым, шэранькім фотаздымкам вёскі, зборнік вершаў Яўгена Зубовіча “У небе сонца заходзіць самотна” з гэтым самым небам, самотным сонцам, ракой і птушкай. Усе тры кнігі наўрад ці здольныя зацікавіць неабазнанага чытача, які прыходзіць набыць “чагосьці з сучаснага”. Чырвоныя ногі на чорным фоне кнігі Волі Гапеевай зацікавяць, фотаздымак вёскі — не.

Цяпер пра вокладкі з фота аўтараў. Іх апынулася болей, чым я чакала. Адразу ўзгадваюцца вокладкі кніг самых нясціплых беларускіх літаратараў: Андрэя Хадановіча, Адама Глобуса, Міраслава Адамчыка. Далей — “Турэмны дзённік” Славаміра Адамовіча, “Левым вокам” Лёліка Ушкіна, “Вершы” Сяргея Дубаўца, “Маўчы і будзь хітрым” Кастуся Траўня, “Серпень” Марыі Вайцяшонак, “Сто Дарог” Уладзіміра Несцяровіча, арыгінасльны пакунак Ільлі Сіна “Сапсаваня лялькі” з паштоўкай-фотаздымкам аўтара.

Вокладкі кнігі з серыя Ігара Бабкова “Галерэя Б” таксама ўтрымліваюць у дызайне фота аўтара. Гэта кнігі Ігара Бабкова “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнне ру[і]наў”, Марыі Мартысевіч “Цмокі лятуць на нераст”, Алега Мінкіна “Пенаты”…

У кнігах Тамары Лісіцкай “Ідыёткі”, Наталлі Батраковай “Тэрыторыя душы”, Ганны Волкавай “Адлегласць да кахання” фота аўтар — аснова дызайну вокладкі.

Самыя стыльныя вокладкі, якія прыцягваюць увагу чытачоў, на мой погляд, наступныя: “Дзевяностыя forever” Сяргея Прылуцкага, “Фрашкі да пляшкі” Севярына Квяткоўскага, а таксама ўсе 5 кніг Алеся Разанава з ягонымі “яйкаквадратамі”. Усе вокладкі пералічаных кніг зробленыя па прынцыпе мінімалізма. Сціпла. Проста. З густам.

Ма-ла-й-ца! Проста, Сціпла, З густам
Вокладка вырашае ўсё ))
у чым сэнс артыкула? пералічыць кнігі з карцінкамі, нагамі, фэйсамі пісьменьнікаў на вокладцы?
Прабач, але неяк статычна, без душы. Нібы пералік. Нагадала выкладаньне філасофіі на журфаку выкл. Шаўровай - падаць сістэму, але не растлумачыць перадумовы, ня даць кантэкст, аналіз...
мне не хапіла параўнаньня з замежнай літаратурай: амерыканскай, эўрапейскай расейскай.
Каб разьбіць у пух і прах тое, што робяць бел. дызайнеры і мастакі.
асабліва гэта датычыцца дзіцячай літаратуры. Нават у параўнаньні з Расеяй, мы яшчэ ў каменным стагоддзі па аздабленьні кніг для дзетак.
:) дакладна
чаму б табе самой не напісаць пра гэта?.. у працяг тэмы. ты ж публікуесься ў ЛіМе
Вокладкі - гэта, канечне, важна. Але народ не надта хоча чытаць на белмове. Дый на рускай таксама...