Пра мяне і цябе, альбо Прапаную бегаць па расе!..

Гэта як у песьні Высоцкага: “Жираф большой – ему видней”. Дарослым лепей бачна, якія мы, маладёзны, яная яна, гэтая моладзь… Збоку лепш відаць - банальна, але сюды ж. Але, па вялікім рахунку, мы збольшага ведаем, ШТО пра нас думаюць дарослыя, справядлівыя і правільныя. Абавязкова правільныя. І маральныя. І духоўныя. Ага. Але і даРОСЛЫЯ бываюць рознымі. Таксама трэба ўлічваць. “Маладым у нас паўсюль дарога” (а шлях? – падумалася мне? Паўсюль? І ці ўсім маладым?). Таму, карыстаючыся гэтым спрадвечным сцьвярджэньнем, выказваю сваё меркаваньне, паказваю свой погляд. Знутры.

Мы, маладыя - ужо ня кветкі жыцьця. Кветкі адцьвілі, ператварыліся ў бясконцую “надзею” на “лепшую будучыню”. У нас, за намі – будучыня – кажуць яны, сур’ёзныя мужчыны і эмансіпаваныя жанчыны. А сучаснасьць? У кім? Ня ў нас?.. Ня скідвайце нас з рахункаў. Мы, маладыя і прыгожыя, ЗАРАЗ жывем, зараз вучымся, працуем, сябруем, любім, кахаем, грэбуем… Што будзе пасьля, пакажа час. Таму ўзьнёслыя, пафасныя словы “будучыня – за моладдзю” – мяня бянтэжаць. Бо будучыня ня толькі за намі. Але і за тымі, каго вы называеце “кветкамі жыцьця” і за дарослымі, і за пенсіянерамі (заўтра, пазаўтра – таксама будучыня! А ўзгадайце выбары – хто стварае асноўную масу электарату?..), ну, і, натуральна, за маладзёнамі. Але найперш – сучаснасьць. Пра яе і варта гаварыць.

Мне падабаецца слова Адама Глобуса “сУчаснікі”. Ад яго – “сУчаснасьць”. Вельмі трапнае слова. Вельмі канкрэтнае. Нашае! Вы ніколі не зважалі, як на гэтую “сУчнасьць” падобнае расейскае слова “сущность”?.. А неяк я чула, як маладая лесбіянка гаварыла пра нейкую дзяўчыну: “Не, не варыянт, у яе ступень сучнасьці ня тая!” У сучАснае моладзі ёсьць і тое, і тое: і “сучнасць”, і “сущность”. На шчасьце, паміж імі нельга паставіць знак “=”. Прынамсі сёньня. Калі казаць пра моладзь агулам.

Моладзь тут і зараз – розная. Абсалютна. Пачынаючы ад студэнтак-выдатніц, якія чырванеюць ад слоў “сэкс”, “блядзь”, і сканчваючы дзяўчатамі-эма, што думаюць пра сьмерць і прыкрываюцца чорнымі чолкамі… Адзін мой былы аднакласьнік мае цудоўную ў сваёй бязглуздасьці мару: ён хоча набыць шыкоўны матацыкл. Каб разьбіцца на ім… На апошнім беларускім слэме, што адбыўся 30 красавіка, я жахнулася ад той колькасьці маладых версіфікатараў (паэтамі большасьць назваць немагчыма), якія чыталі вершы (на слэме!) пра сьмерць… Нейкі такі дэкаданс, такая цемень, адзінота і безвыходнасьць… А аднагрупніца мая Настасься, якая сядзела побач, пад час чарговага такога верша сказала: “А мне наадварот жыць захацелася! На зло!..”

А нам, як гэта ня дзіўна,  жыць хочацца! Не існаваць, ЖЫЦЬ! На поўную і па поўнай. Вось і імкнемся. Па-рознаму. Правільна, няправільна, з памылкамі (бязь іх неяк не атрымліваецца. Ды ё ня варта бязь іх – не цікава), з расчараваньнямі і надзеямі. Толькі ня ўсё так радасна, ня ўсё так эмацыйна…

Мы адзінокімі сталі. Безініцыатыўнымі, вялымі, нерашучымі. Мы аглыхлі. Яшчэ крыху бачым (хаця зрок далёкі ад заветнай адзінкі), а вось без слухавога апарату не перакантуемся... Мы ня чуем іншых. Вушамі - так, сэрцам -не. На першым курсе мы ладзілі акцыі, вечарыны, танцы, шманцы… Хадзілі ў паходы й ня ведалі, што такое зайздрасьць і злараднае пахіхікваньне за сьпінай… Я пра школьныя гады наогул маўчу. Зараз мы падаросьлелі, хутка мне і маім равесьнікам пераваліць за трэці дзесятак і… Страшна падумаць, што будзе за і над гэтым “і” – кропкі і яснасьць ці суцэльныя пытальнікі і непаразуменьне.


І дарослыя нас не заўважаюць. Але бог зь імі, з дарослымі. Самі на сябе наплявалі й закінулі на верхнюю паліцу ня ведаю чаго пакрывацца слоем пылу. Усё радзей мы зьбіраемся кампаніямі, а калі зьбіраемся, то хаваем вочы, каб раптам нехта нешта ў іх не прачытаў ды не зрабіў нейкі там непажаданы вынік (але многім з нас напляваць на тое, хто і што там пра нас падумае. Калі б толькі на гэта было пляваць…), мы разьбіваемся па кучках і тыя, “ня нашыя” перастаюць для нас існаваць, а калі не перастаюць, то толькі каб пакпіць, паўшчуваць. Ні за што. Проста так. Мы сыйшлі ў Сеціва і ў СМС-кі. Заблыталіся ў сацыяльных сетках: Кантактах, Аднакласьніках, Партах… Сярод дзяўчат пастаянна ідзе бязглуздае спаборніцтва за найгламурнейшы аватар. Мы ствараем дзесяткі фотаальбомаў, выкладваючы ўсё жыцьцё перад усімі, распранаемся перад імі (усяк: і целам, і душой), невядомымі, злымі і халоднымі… Мы забываемся на Дні народзінаў сяброў і рэдка робім падарункі, зробленыя ўласнаруч. Мы чытаем мала класікі (пра сучасную літаратуру я маўчу ўвогуле), ахвотней пойдзем на “Секс в большом городе”, чым на “Осенюю сонату” Інгмара Бергмана… І самае страшнае, што мы – гэта не абстрактныя “ніхто”, гэта і я, і ты, той, хто чытае гэты артыкул.

А яшчэ ў слове “моладзь”зашыфраванае слова “ад”, па-нашаму - пелка. А яшчэ – “мода”. Многія так хочуць быць моднымі, “гламурнымі”, што гатовыя дзеля гэтай мыльнай бурбалкі на многае (але бурбалка гэтая рана ці позна лопне). Ня ўсе. На шчасьце. Зараз цеплыня і шчырасьць – ня ў модзе. У модзе – сьцёб. Ня толькі з рэчаў звычайных, але і са сьвятых.

Але, калі казаць пра моду ў яе першасным значэньні, то сёньня новае=моднае – добра забытае старое. Давайце перанясем гэта з вопраткі на адносіны і пачуцьці! Давайце ўзгадаем, як гэта – любіць, спачуваць, плакаць над кнігамі і фільмамі, бегаць па расе… Са свайго боку абяцаю абтэлефанаваць сяброў. Усіх. І рабіць падарункі ўласнаруч. У гэтым – шчырым – моц. І вы гэта ведаеце.

PS. Ёсьць у мяне некалькі неабыякавых, дзейсных сяброў. Калі ты – такі ж, ня злуйся й не крычы: “Усё няпраўда!” – заразі пазітывам іншых, падзяліся інэргіяй!..

Ася ПАПЛАЎСКАЯ
(артыкул, які пісаўся для рубрыкі Меркаваньне на Навінах. бай)

  • Current Mood: good good
  • Current Music: Умка Нічего страшного
значыць, у мяне ёсьць шчэ 9 гадоў, каб выраўняцца на сваім жыцьцёвым шляху ды сфарміраваць адзінаправільны сьетапогляд :)

сацсеткі - зло. я гэіа зразумела даўна, таму там бываю вельмі рэдка... але часам прыемна паглядзець фотаздымкі сяброў з падарожжаў якіх ці з пікнікоў, ці проста бытавыя фота :)
няхай сьвет жорскі і крывадушны, але толькі мы творым саё ўласнае атачэньне, якое фармуе наш жыцьцёвы шлях. і няхай блізкіх і шчырых людзей ня так шмат, але толькі мы самі можам адказаць шчырасьцю на шчырасьць і першымі адкрыцца для сапраўдных эмоцыяў і дзеяньняў.
дзякую з артыкул, Ася! :)
дзякуй, што зьвярнулі на яго ўвагу, не прайшлі міма.

так, мы творым сваё жыцьцё самі. і гэта, бадай, адзінае, што мяне суцяшае й радуе :)
ня трэба толькі сцьвярджаць тыпу "раней і трава была зелянейшай". зайздрасьць, безыніцыятыўнасьць і г.д. былі заўжды.

і яшчэ, пекла, а ня пелка, і лыпне, а ня лопне)
артыкул писала, нечакана для сябе, вельми шчыра. адзіным парывам душы й сэрца. таму, калі складваецца ўражаньне, што "раней і трава была зелянейшай", значыць, так яно і ёсьць. я пісала тое, што адчуваю і бачу сама. нічога не прыдумляючы.

а зайдрасьць і г.д. былі заўсды, гэта так. й будуць. на жаль...
Что это тебя на депрессняк потянуло? :) Жизнь прекрасна!

А если кто этого не хочет замечать - тот сам себе Злобный Буратино.
тут дэпрэсияй нат и ня пахне. тое, што жыцьцё цудоўная штука, пачуеш и прачытае дзе заўгодна. ая написала праўду. тольки и ўсяго. сваю праўду