бурррррбалкі!

Восень - час шпацыраваць і дыхаць!

Зараз стаіць пара, калі не трэба сядзець на месцы, а, нягледзячы на адсутнасць сонца і не для кожнага прыемнае надвор'е, выбірацца на шпацыры. У паркі, скверы, проста па горадзе. Восень стаіць такая яркая, такая рознакаляровая, што дух займае. Такой ёй быць нядоўга засталося - хутка бясконцыя дажджы і суцэльная шэрасць. Не прапускайце гэты залаты час, замест аўтобуса, прайдзіце адзін-два прыпынкі пешшу - не пашкадуеце.

Учора, ідучы з адной сустрэчы на другую, прайшла праз парк - доўга назірала за падзеннем лісця: проста жоўты лістапад! Прыгажэй, чым клуглянне сняжынак. Не ўтрымалася, дастала фотаздымач, зрабіла некалькі кадраў. Менск у першай палове дня зараз асабліва пусты, такім я яго асабліва люблю. Кавярні, у якіх, акрамя цябе, 3-4 чалавекі, паркі з сабачнікамі і самотнымі (але, я думаю, шчаслівымі) хлопцамі і дзяўчатамі. Адны спяшаюцца па справах, не зважаючы на прыгажосць навокал, іншыя, як я, падвісаюць і не могуць адарвацца ад жоўта-памаранчавага хараства.

Такія кароткія шпацыры не займаюць шмат часу, але натхняюць і прыводзяць думкі ў парадак. Сёння зноў прагуляюся. Калі прыйдзе лістапад, які насамрэч змрочны і нелюбімы, буду ўзгадваць гэты залацісты час. І як жывуць тыя, хто не бачыць таго, што пад самым носам?..

DSC_3348
Теги:
У вас восень рознакаляровая, а ў нас ужо першы снег... Зайздрошчу.