Пераацэнка каштоўнасцяў праз мемуары



На маю просьбу параіць мне што цікавага пачытаць, каб адпачыць ад беларускай літаратуры, намеснік галоўнага рэдактара "Раю" Дзмітрый Саўрыцкі не проста адказаў пералікам кніг. Ён мне іх прынёс! Ляжаць яны ў рэдакцыйнай шафе , а я іх чытаю адна за адной. Толькі што прачытала вось гэтую кнігу. Калі яе пабачыла, вельмі здзівілася. Нішто сабе выбар, падумалася.

Але Дзмітрый Віктаравіч не памыліўся — мне кніга вельмі спадабалася. Мала таго, што я люблю мемуарыстыку і эпісталярны жанр, дык яшчэ асоба Шпэера вельмі цікавая. Ён быў "прыдворным" архітэктарам Гітлера, падчас вайны прызначаны міністрам узбраення.

Чытаецца літаральна на адным уздыху. Як бы дзіўна гэта ні гучала. Аўтар, які пісаў успаміны пасля 20-гадовага турэмнага зняволення, вельмі падрабязна апісаў жыццё Гітлера, тое, што адбывалася ў фашыскай партыйнай вярхушцы. Інтрыгі, стаўленне Гітлера да сваіх падначаленх і простых людзей, вядзенне ім перамоў і ваенных дзеянняў, і, канечне, падрабязнае апісанне забудовы Германіі па праектах Шпэера і самога фюрэра.

Вельмі карысная кніга. Шпэер пераацэньвае свае ўчынкі і ўчынкі сваіх блізкіх людзей, калег, сяброў і ворагаў, дае псіхалагічную ацэнку падзеям жыцця. Дзякуючы такім грунтоўным успамінам, шматлікім развагам і роздумам задумваешся над уласнымі ўчынкамі, ацэньваеш збоку падзеі ўласнага жыцця, лепей разумееш прыроду людзей, матывацыі прыгожых і подлых учынкаў.

Вялікая роля нададзеная шматлікім прыдворным інтрыгам, паказана, на што ідуць людзі дзеля дасягнення сваіх уласных мэтаў. Месцамі становіцца страшна... Здрада, падман, падстава, замах, абгаворванне, настойванне супраць цябе іншых — пра ўсё даведваешся з успамінаў. Натуральна, даводзілася чынаць пра непрыгожую сутнасць людзей і ўмастацкай літаратуры, шмат праз якія подлыя ўчынкі прайшла сама. Але дакументальная кніга дае іншае адчуванне, з большай верай ставішся да фактаў, па-іншаму перажываеш. І пачынаеш глядзець на свет іншымі вачыма, яшчэ больш прагнеш рабіць людзям дабро і несці цеплыню.

ПРАКАМЕНТАВАЦЬ
Теги:

Comments have been disabled for this post.