Wi-Fi, Хартыя, палацы Беларусі

Арыентавалася на непераведзены, як апынулася, гадзіннік у кампутары і спазнілася на цягнік. Але ва ўсім, як вядома, ёсць свае плюсы. Губляеш ў адным - знаходзіш у іншым. У незапланаваным спазненні я знайшла... залу павышанай камфортнасці на нашым прыўкрасным сталічным чыгуначным вакзале. Паколькі чакаць бліжэйшага цягніка трэба было 2 гадзіны, то таўкчыся на жорскіх крэслах на скразняку не было ніякага жадання.

І вось - я ў беларускай казцы (хехе). Ветлівы персанал, які разумее па-беларуску і не крывіцца, чуючы "не сваю" мову. Камфорт сапраўды - павышаны. Мебліроўцы пазайздросціць любая менская кавярня. Тут на выбар некалькі тыпаў столікаў з фатэлямі і канапамі. Абірай тое, што больш па душы. Калі вы аматар афіцыйнага лоску, то вам падыйдуць чорныя скураныя канапы і вялікі квадратны мармурны стол. Калі хочацца закрыцца і пабыць ва ўтульнай прасторы сам-насам - калі ласка, адгароджаныя месцы. Ну а калі вы просты смертны (як я, хыхы), то развальвайцеся ў фатэлях з падушкамі і часопісным столікам. Я заняла месца каля сценкі-вадапада. Па шкле з мяккім журчаннем ліецца вада - рай...

Тут вам прапануюць і падключаць Wi-Fi, перапісаўшы папярэдне яўкі і паролі. Дарэчы, сайт Хартыі тут не заблакаваны! Я спецыяльна зайшла праверыць. На выбар гарбата, кава, альбо вінная карта. Ёсць і мацнейшыя напоі.

На кожным століку часопісы і газеты. Гарадскі часопіс "Minsk where" у асартыменце, "СБ", "АиФ", а таксама яркія, багата ілюстраваныя глянцавыя часопісы "Замки, крепости, башни" (ясна, што беларускія), "The UNESCO Heritage", "Ancestral Palaces and Manors", выдадзеныя Нацыянальным агентствам па турызме РБ.

Карацей, сапраўды ўтульнае месца для апаздуноў. Сядзі сабе ды працуй, папіваючы гарбату ці каву. Кошт. ТРЫ гадзіны - 20 тысячаў беларускіх зайчыкаў.

Ілюстрацыі. Куды ж без іх?

Глядзець ФОТА
Теги:

Comments have been disabled for this post.