падарожжа

Кракаў. Чаму не пішу падрабязна пра падарожжы

Першы тыдзень у Польшчы скончыла падарожжам у Кракаў і Уроцлаў.

Чароўны Кракаў - адзін з маіх любімых гарадоў. Я жыла ў ім больш за месяц летам пасля першага курса журфака. Напісала тады шэраг артыкулаў пра горад, выклала безліч фотаздымкаў. Зараз чамусьці пісаць вялікія артыкулы пра гарады, якія я наведваю, не выпадае. А езджу зараз вельмі шмат, больш, чым калі. Не пра ўсе трыпы нават згадваю ў блогу. Па вяртанні заўжды бракуе часу: кідаюся ў шалёны вір працы, сустрэч, у новыя падарожжы...

У Кракаве развіртуаліліся нарэшце з Палінкай Карней. Чытаючы яе блог, размаўляючы асабіста ў сеціве, Паліна падавалася вельмі прыемнай, разумнай дзяўчынай. Так яно і ёсць насамрэч, да маёй вялікай радасці. Праз запісы блога адчуваецца энэргетыка аўтара: я амаль ніколі не прамахваюся з чаканнямі. Хоць блог, канечне, не дае магчымасці спазнаць паўнавартасны партрэт чалавека. Для гэтага існуюць жывыя стасункі, харошая такая штука.

Гэта знакаміты Марыяцкі сабор. Мяркую, вы ведаеце гісторыю падзеяў, у памяць аб якіх кожную гадзіну на левай вежы грае трубач. Гавораць, што калі вы пабачыце, як ён вам маша рукой - жаданне здзейсніцца. Так атрымалася, што мы з Палінкай траплялі на рыначную плошчу некалькі разоў акурат ў пачатку гадзіны - кожны раз нас вітаў трубач...





Паліна, светлы чалавечак, паказала кавярню са смачнай кавай і абалдзеннымі кексамі (мммм... абавязкова буду завітваць у яе, калі буду ў Кракаве). Шпацыруючы па гістарычным цэнтры, пабачылі ў вітрыне рэстарацыі нейкую страву ў хлебе. Паколькі я вельмі люблю суп у хлебе, нацыянальную літоўскую страву, мне стала цікава: што ж гэта за смакацень такая? Заваліліся мы ў тую рэстарацыю ў самым сэрцы Кракава, замовілі гуляш... Смакоцце неверагоднае! Дзякуй таму чалавеку, які так трапна прарэкламаваў меню рэстарацыі - стоадсоткавае траплянне ў мэту :)



Пракаментаваць
  • Current Mood: good good

Comments have been disabled for this post.