«Пешком по шпалам на юга…» (с)

На мора вы вырашылі паехаць недзе з месяц таму, але да апошняга гэта была спантанная, але неверагодна шчаслівая па выніку аванцюра.  Хутка вы зразумееце, чаму.

Тыдзень правяла ў Кактэбелі. Даўно не была на моры, а тут шчэ і джаз-фестываль з Б. Г. і Алінай Арловай! Ну як можна было не паехаць?.. Я і паехала. Гэта мой самы шчаслівы верасень!!!

14 верасня раніцай мы былі ў Полацку. Да таго 3 дні былі ў грыбах і я везла бабулі велізарную колькасць розных грыбоў. Удзень селі ў нашу любімую машынку і рушылі ў Менск. Нам трэба было вырашыць некалькі пытанняў, сабрацца, набыць квіткі.

Так-так, у дзень ад'езда ў нас не было квіткоў! Ніколі не магла падумаць, што такое са мной калісьці адбудзецца, бо калі еду ў іншую краіну, заўжды купляю квіткі вельмі і вельмі зарання.

Па дарозе ў Менск заехалі ў пансіянат, дзе адпачывала мая матуля. Яна правяла нам цэлую экскурсія па тэрыторыі, мы пагладзілі коняў, казу, паназіралі за страўсамі, трусамі, паўлінамі ды іншымі жывёлінамі. Я б напісала пра гэтае райскае месца асобна... Можа, пасля як-небудзь знайду час ды распавяду пра яго.

У Менску высветлілася, што ён забыўся на сваю картку з грашыма ў Полацку. Давялося мяняць даляры ў знаёмага валютчыка. Пакуль сабраліся, пакуль па жудасных пробках з неімавернай колькасцю кіроўцаў-ушлёпкаў даехалі да вакзала ды прыпаркаваліся там...

Да адпраўлення цягніка "Менск-Феадосія" заставалася 40 хвілін. Чэргі ў касы як заўжды - неімаверна даўжэзныя. Мы сталі ў розныя касы. Мая чарга падыйшла хутчэй і набылі квіткі туды і абратна. Прычым, сёлета апошні цягнік з Феадосіі ідзе 19 верасня, а нам так хутка не трэба было. Давялося купляць квіткі на цягнік "Сімферопаль-Менск". Але, як аказалася, і гэта было неверагоднай ўдачай для нас! Пазней распавяду, чаму. Сачыце за запісамі. 

За дваццаць хвілін да адпраўлення мы сядзелі ў вагоне, пацягваючы піва...  Шчасце ў чыстым выглядзе. У нас не толькі ЎСЁ атрымалася, у нас феерычна ўсё складвалася!


Суседзі і мытнікі

Вагон быў не тое, што паўпусты, мы фактычна ехалі адны. Акрамя нас ў нашым жа купэ быў хлопец ды праз два купэ жанчына. Усё! Хлопец выйшаў у Гомелі, жанчына таксама недзе саскочыла і мы ехалі на мора ўдваёх у вагоне!


Спачатку я радавалася нашаму суседу: сядзіць сабе ў сваім нэтбуку і маўчыць. Ура! Можна пачытаць, паіграць у UNO спакойна... Але неўзабаве хлапцы выйшлі перакурыць. І пачалоооооося! Дзіма з Гомеля не замаўкаў ні на секунду. Ён працуе ў Life, і доўга і ўпарта распавядаў нам пра сістэму пераразання дротаў на вышках такім чынам, каб можна было сперці кабель, ды не патрапіцца на вочы і ў лапы дагляднікаў.

Адным словам, выдаў нам цэлы майстар-клас па крадзежы каштоўных кабеляў... Калі тэма кабеляў, прынцыпаў працы мабільнага аператара (мы між іншым даведаліся, скуль ў аператара грошы і як ён вядзе свае рэкламныя кампаніі) былі вычарпаныя, Дзіма пачаў паказваць нам свайго сабачку і расказваць пра яго...

На мяжы пачаўся цырк. Ён вёз з сабой тры карціны. Беларускі мытнік доўга чухаў патыліцу, разглядаючы пасведчанне з дазволам на вываз культурных каштоўнасцяў.  Прапаноўваў запоўніць дэкларацыю, але нарэшце даўмеў: "Так чаго ж вы мне не сказалі, што вы - аўтар? Я б і не думаў..."

Украінскія мытнікі сабралі цэлы кансіліўм: было чалавек пяць, якія вывучалі пад лупай дакумент на вываз карцін. "Запоўніце дэкларацыю і ўкажыце кошт работ!" - сказаў старэйшы. "Навошта дэкларацыю запаўняць? Я не першы раз карціны вязу за мяжу, ніколі нічога не запаўняў!" - адказвае Ён.  

"Пішыце, ці мы забярэм карціны на ацэначную камісію!" - працягвае цырк мытнік. Запоўніў. Дзеля смеха пазначыў кошт карцін 15 даляраў. Дакладней, не кошт карцін, а кошт матэрыялаў. Мытнікі памяліся, размахваючы паперкамі: "Нават гэта паперка нешта каштуе!" , нагаварылі цытат з фільмаў пра бярозавыя бярвенні, але па Ягоных адказах зразумелі, што не на таго напалі і нічога ім тут не свеціць, развярнуліся.

Самы малады сказаў: "Хадземце, надакучылі мы дзяўчыне ўжо!"

У 2 гадзіны ночы мы былі ў Феадосіі, дзе нас сустрэў Пятровіч і на машыне адвёз ў наш дом ў Катэбелі...

 Працяг і фота будуць...

Каментаваць


  • Current Mood: happy happy

Comments have been disabled for this post.