Сем рыбін ды мокрая талія

Вярнуліся з чарговай рыбалкі (іх у мяне за апошні месяц было больш, чым за апошнія 10 год!) Езьдзіла ва Ушацкі раён на самае глыбокае возера ў раёне (13 метраў). Часцьвяты, здаецца. Пад вёскай Гарбаціца (ух, і класная ж назва!).

Быў клёвы дзень. У сэнсе, здорава клявала рыба. Я толькі пасьпявала закідваць ды выцягваць вуду, час ад часу мяняючы альбо насаджваючы новага апарыша (гэта тое, з чаго пасьля мухі вырастаюць). Ён і Сашка лавілі з лодкі, а мы са Сьветай з берагу. Я – стоечы па пояс у вадзе. Сьвецік па попік. Яна ўсё хацела, каб я па горла ў ваду зайшла, а вуду ў зубах ці над галавой трымала. Той быў бы атракцыён! Рыба так і гуляла, пляскалася і прыгала. Столькі рыбы ў вадзе я ніколі ня бачыла. Яна ўвесь час білася аб мае ногі. Хоць ты рукамі лаві, шчыра слова. Клявалася добра і адразу, але вось незадача, пра якую я падумала адразу, як мы ўвайшлі з вудамі ў ваду – рыбу трэба было пасьпець ухапіць і данесьці да берагу (каля 10 метраў па возеры), бо іначай яна зрывалася і сплывала. Так у мяне сарвалася рыбін пяць. Я іх ўжо выцягнула, а яны – рраз! – і зьбеглі. Крыўдна! Але я радавалася за рыб: уяўляла іх шчасьце выратавацца ад крыважэрных рыбачак. Злавіла 7 рыбінак і вылезла з вады, бо станавілася халодна (а прыехалі мы на возера аж пасьля 19-й).

Я чакала Яго....
  • Current Mood: happy happy

Comments have been disabled for this post.